vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

19.05.2020 12:01

137 просмотров

0 комментариев

Алена Янушкоўская абскардзіла папярэджаньне пракуратуры: «Вы сталі на шлях запалохваньня!»

Блогерка Алена Янушкоўская накіравала пракурору Віцебскай вобласьці скаргу на афіцыйнае папярэджаньне, якое на мінулым тыдні ёй вынесла раённая пракуратура. «Замест таго, каб стаць на абарону маіх правоў на свабоду мірных сходаў і выказваньня меркаваньняў пракурор Віцебскага раёну Шклярэўскі стаў на шлях запалохваньня», — сьцьвярджае актывістка.

Афіцыйнае папярэджаньне райпракуратуры блогерка Алена Янушкоўская атрымала 14 траўня. У гэты дзень яе прымусова даставілі ў пракуратуру міліцыянты – толькі каб уручыць паперу. Янушкоўскую папярэдзілі аб недапушчальнасьці паўторных парушэньняў патрабаваньняў Закону «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама «выказваньня абразьлівых выразаў» на адрас чыноўнікаў і супрацоўнікаў МУС, якія яна нібыта дапусьціла ў відэароліку «Коронавирус-режим просит подаяния у белорусов».

У скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласьці Вадзіма Сушчынскага блогерка выказала нязгоду з афіцыйным папярэджаньнем.

Пракурор падае непраўдзівыя зьвесткі

Янушкоўская заўважае, што ў пракурорскім папярэджаньні адсутнічаюць канкрэтныя факты.

«У дачыненьні да якіх канкрэтна чыноўнікаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў маюцца абразьлівыя выказваньні і якія менавіта выразы старшы саветнік юстыцыі палічыў зьневажальнымі, афіцыйнае папярэджаньне не раскрывае», – гаворыцца ў скарзе.

Апроч таго, блогерка сьцьвярджае, што пракурорскае папярэджаньне ўтрымлівае непраўдзівыя зьвесткі аб прыцягненьні яе да адміністрацыйнай адказнасьці ў 2020 годзе. Насамрэч паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП яе прыцягвалі да адказнасьці ня пяць, як падаецца ў афіцыйнай паперы, а шэсьць разоў.

Паведамленьні Янушкоўскай зарэгістраваныя КПЧ ААН

Паведамляе таксама пракурору, што праз свайго прадстаўніка падала, адпаведна, шэсьць індывідуальных паведамленьняў у Камітэт ААН па правах чалавека пра парушэньні Рэспублікай Беларусь яе правоў, гарантаваных арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паведамленьні Янушкоўскай у КПЧ ААН ужо зарэгістраваныя.

«Дзе быў пракурор Віцебскага раёну са сваімі паплечнікамі, калі за рэалізацыю права на мірныя сходы і выказваньня думкі суды чынілі супраць мяне рэпрэсіі?..» – пытаецца ў скарзе Янушкоўская.

«Замест таго, каб стаць на абарону маіх правоў, пракурор Віцебскага раёну Шклярэўскі стаў на шлях запалохваньня», – падсумоўвае стваральніца ютуб-каналу «Настоящая Беларусь».

Алена Янушкоўская просіць скасаваць афіцыйнае папярэджаньне, пры гэтым – абавязаць пракурора Віцебскага раёну паведаміць заяўніцы, каго канкрэтна і якім чынам яна абразіла ў сваім відэароліку, а таксама – рэкамэндаваць пракурору Шклярэўскаму старанна вывучыць практыку Камітэта ААН па правах чалавека.

Скарга была накіраваная пракурору Віцебскай вобласьці 15 траўня.

Зьміцер Міраш, "Віцебская вясна"

Последние новости