vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

21.06.2020 18:43

115 просмотров

0 комментариев

Аляксандра Дуброўскіх асудзілі на 10 содняў за сарваны на суражскім пароме сьцяг РБ

У пятніцу 20 чэрвеня суд Віцебскага раёну на падставе ч.1 арт 17 КаАП (дробнае хуліганства) пакараў віцебчука Аляксандра Дуброўскіх 10 соднямі адміністрацыйнага арышту. Мужчына прызнаны вінаватым у тым, што з хуліганскіх намераў сарваў дзяржаўны сьцяг на пароме ў пасёлку Сураж Віцебскага раёну.

Адміністрацыйную справу Аляксандра Дуброўскіх разглядаў у анлайн-рэжыме судзьдзя Міхаіл Зубеня. Сам абвінавачаны пасьля затрыманьня быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе і знаходзіўся падчас суду.

Паводле пратаколу, 3 чэрвеня пасьля 23.00 у г.п. Сураж на пароме праз Дзьвіну паромшчыкі Іваноўскі і Вінаградаў сталі сьведкамі таго, як невядомы ў капюшоне сарваў дзяржаўны сьцяг РБ, прымацаваны на даху бытоўкі. Пра здарэньне паромшчыкі паведамілі ў праваахоўныя органы. Як адзначана ў пратаколе са словаў сьведкаў, «белая частка сьцяга засталася на дрэўку, а чырвоную і зялёную неапазнаны мужчына пакінуў побач». Пасьля гэтага зьнік. Ніякіх зьдзеклівых дзеяньняў са сьцягам не чыніў.

У выніку пошукавых дзеяньняў міліцыянты выйшлі на віцебскага актывіста і блогера Аляксандра Дуброўскіх. Ад тлумачэньня матываў свайго ўчынку мужчына адмовіўся. Дуброўскіх быў затрыманы і 18 чэрвеня быў зьмешчаны ў ІЧУ.

Падчас судовага працэсу апыталі сьведку – матарыста парому Іваноўскага, які апазнаў у Аляксандры Дуброўскіх таго незнаёмца, які сарваў дзяржаўны сьцяг. Іваноўскі патлумачыў, што на пытаньне паромшчыкаў, навошта было зрываць сьцяг, Дуброўскіх адказаў: «Гэты сьцяг тут ня мусіць вісець. Тут мусіць вісець іншы сьцяг – бел-чырвона-белы! Сьцяг свабоды!»

Аляксандар Дуброўскіх хадайнічаў перад судом, каб той не караў яго «суткамі», а прызначыў штраф, бо кепска сябе адчувае (18 чэрвеня зь ІЧУ яго вазілі ў абласную лякарню). Але судзьдзя Зубеня ня ўзяў хадайніцтва пад увагу.

Судзьдзя палічыў даказаным вінаватасьць Аляксандра Дуброўскіх. З улікам таго, што сёлета Дуброўскіх ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за дробнае хуліганства, а таксама таго, што ўчыненае правапарушэньне тычылася дзяржаўнай сымболікі, судзьдзя Зубеня пакараў актывіста адміністрацыйным арыштам на 10 содняў.

https://vitebskspring.org

Последние новости