vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

27.06.2020 06:23

69 просмотров

0 комментариев

У Беларусі ўжо 17 палітвязьняў. Хто яны

Да выбараў засталося 44 дні. Яшчэ два месяцы таму ў Беларусі было 3 чалавекі, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, цяпер іх 17. Хто гэтыя людзі.

Прэтэндэнт у прэзыдэнты і ягоны сын
Эдуард і Віктар Бабарыкі ідуць падаваць дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў ЦВК. 15 траўня 2020 году

1. Віктар Бабарыка — прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду і былы кіраўнік «Белгазпрамбанку»; затрымалі 18 чэрвеня, калі меўся здаць подпісы за вылучэньне сваёй кандыдатуры на выбары прэзыдэнта ў Цэнтарвыбаркам. Рахунак Віктара Бабарыкі, на якім знаходзіцца сфармаваны выбарчы фонд, заблякавалі.

21 чэрвеня Віктару Бабарыку прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры»), артыкулу 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам»), артыкулу 210 («Крадзеж у асабліва буйным памеры»), артыкулу 209 («Махлярства»), а таксама 430-га («Атрыманьне хабару») і 431-га («Даваньне хабару»).

Віктар Бабарыка «катэгарычна ня згодны з прадʼяўленым абвінавачаньнем», а яго абаронцы настойваюць «на яго поўнай невінаватасьці».


2. Эдуард Бабарыка — сын Віктара Бабарыкі і кіраўнік ягонага выбарчага штабу, затрыманы разам з бацькам 21 чэрвеня. Затрыманьне праводзіў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэньні». У гэты ж дзень Эдуарда Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Эдуарду Бабарыка прадʼявілі абвінавачаньне паводле артыкулу 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры»).

Сябры Віктара Бабарыкі


3. Уладзімер Дудараў — каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі ў Магілёўскай вобласьці і ягоны сябар. Затрымалі 11 чэрвеня.

Уладзімер Дудараў раней працаваў у Магілёўскім гарвыканкаме. У 2018 годзе быў прызначаны намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму, зьяўляўся куратарам будаўніцтва і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Летась у кастрычніку пакінуў гэтую пасаду.

4. Сьвятлана Купрэева — сяброўкі сямʼі Віктара Бабарыкі і каардынатарка яго ініцыятыўнай групы ў адным з раёнаў Менску.

11 чэрвеня ў яе дома прайшоў ператрус, жанчыну адвезьлі ў СІЗА КДБ на допыт, пасьля чаго пакінулі пад вартай. 15 чэрвеня адбыўся вопіс і арышт маёмасьці ў кватэры, дзе Святлана Купрэева пражывае з 81-гадовай маці Тацянай Гаўрыс.

Падчас арышту супрацоўнікі ДФР пакінулі пастанову, у якой напісана, што арыштаваная Сьвятлана Купрэева падазраецца ва ўхіленьні ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.


Каманда Сяргея Ціханоўскага

Сяргей Ціханоўскі


5. Сяргей Ціханоўскі — блогер, кіраўнік штабу Сьвятланы Ціханоўскай, якая вылучаецца ў прэзыдэнты. Спрабаваў стаць прэтэндэнтам у прэзыдэнты сам, але яго не зарэгістравалі. Аўтар youtube-каналу «Страна для жизни», затрыманы ў Горадні 29 траўня падчас пікету для збору подпісаў за вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай.

Да гэтага на пікеце зьявіліся жанчыны, якія задавалі Сяргею Ціханоўскаму правакацыйныя пытаньні і хапалі яго за адзеньне. Пасьля падышлі міліцыянты, але прысутныя не падпускалі іх да блогера. У нейкі момант адзін зь міліцыянтаў упаў на зямлю. Пасьля гэтага супрацоўнікі АМАПу брутальна затрымалі Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго паплечнікаў.

8 чэрвеня Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. З 13 чэрвеня Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў карцэры СІЗА-1.

Зьміцер Фурманаў

6. Зьміцер Фурманаў — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Затрыманы падчас выбарчага пікету ў Горадні 29 траўня пры зборы подпісаў. Яму прадʼявілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу.

Вяргілій Ушак

7. Вяргілій Ушак — апэратар, які здымаў пікет для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрыманы ў той жа дзень. Абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу. Па словах ягоная нявесты Надзеі, Вяргілій раней ня быў знаёмы ні з кім з каманды «Страна для жизни» або ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

Аляксандар Арановіч

8. Аляксандар Арановіч — сябра каманды YouTube-каналу «Страна для жизни», кіроўца аўтадома, 37 гадоў, жыў у горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці. Затрыманы падчас пікету для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Прадʼяўлены абвінавачваньні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК.

Арцём Сакаў

9. Арцём Сакаў — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Знаходзіўся на пікеце для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрымалі 31 траўня. Выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу.

10. Васіль Баброўскі — гарадзенец, затрыманы падчас пікету для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК.

Уладзімер Навумік з дачкой

11. Уладзімер Навумік — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Знаходзіўся на пікеце для збору подпісаў у Горадні 29 траўня. Затрымалі 31 траўня. Выстаўленыя абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК.


Андрэй Новікаў

12. Андрэй Новікаў — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, валянтэр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці за ўдзел у пікеце для збору подпісаў, які прыраўнавалі да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Спачатку яго адвезьлі ў Паставы, каб скласьці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, а затым стала вядома, што яго перавезьлі ў Менск у ІЧУ на вул. Акрэсьціна, а пасьля ў СІЗА-1. 12 чэрвеня яму прадʼявілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) КК.

Блогеры

Сяргей Пятрухін

13. Сяргей Пятрухін — удзельнік ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, блогер. Актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Яго падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Уладзімер Няронскі

14. Уладзімер Няронскі — слуцкі блогер, яго таксама падазраюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (гаворка пра пікет 29 траўня ў Горадні). Таксама на яго завялі справу за абразу прадстаўніка ўлады.

Анархісты і грамадзкі актывіст

Іван Комар

15. Іван Комар — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12.02.2020 судом Савецкага раёну Менску на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апэляцыйнай скарзе зьменшыў тэрмін Івану Комару да 3,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Мікіта Емяльянаў

16. Мікіта Емяльянаў — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12.02.2020 судом Савецкага раёна г. Менску на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Менгарсуд па апэляцыйнай скарзе зьменшыў тэрмін Мікіту Емяльянаву да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

29 траўня пераведзены на строгі рэжым турэмнага ўтрыманьня, а 9 чэрвеня этапаваны ў Магілёўскую турму № 4.

Міхаіл Жамчужны

17. Міхаіл Жамчужны — грамадзкі актывіст, асуджаны 10.07.2015 г. судом Віцебскай вобласьці да 6,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.

Іх могуць прызнаць палітвязьнямі

Цяпер затрымалі блогераў Ігара Лосіка («Беларусь головного мозга») і Ўладзімера Цыгановіча (MozgON). На Ігара Лосіка завялі справу за арганізацыю масавых беспарадкаў. У чым абвінавачваюць Уладзімера Цыгановіча, невядома.

https://www.svaboda.org

Последние новости