vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

03.07.2020 17:50

115 просмотров

0 комментариев

Лукашэнка ўжо нават не спрабуе спадабацца большасці, — палітолог

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч разважае на «Свабодзе», чаму ў гэтай кампаніі Лукашэнка не мае ніякай станоўчай праграмы і перспектывы для краіны, тлумачыць, чаму ўладам не спадабалася нават памяркоўная лібералізацыя і яны яе згарнулі, і заяўляе, што ўсё, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам знішчана.

— Улада відавочна выбрала сілавы шлях у гэтай прэзідэнцкай кампаніі — але наколькі гэта было непазбежна? Фактычна, мяркую, напачатку план быў зусім іншы — каб выбары прайшлі спакойна і «элегантна». Але давялося прыбегнуць да старых, добра знаёмых рэпрэсіяў. Можа, улада пераацаніла пагрозу для сябе і занадта жорстка адрэагавала? Ці сапраўды пагроза ёй настолькі сур’ёзная?

— Тут два моманты. Па-першае, мы назіраем правал на шмат якіх кірунках унутры самой сістэмы, у тым ліку па лініі спецслужбаў. Адыход ад лібералізацыі пачаўся ў Беларусі прыкладна два гады таму. Рубяжом былі мясцовыя выбары ў 2018-м. Сістэма ўсё больш закрывалася. У выніку яны загадзя не пралічылі ні Ціханоўскага, ні Бабарыку, інфармацыйна цалкам перасталі трапляць у настроі насельніцтва.

Па-другое, улада проста лянуецца гуляць больш складана. У мяне такое адчуванне, калі я гляджу на выступы Лукашэнкі: раней ён спрабаваў спадабацца большасці, выбіраў фразы, рыторыку — а цяпер неяк лянуецца працаваць у гэтым кірунку, падладжвацца пад аўдыторыю. Стаўка была зроблена проста на сілу і рэпрэсіі. Хоць было шмат іншых механізмаў, якія можна было выкарыстоўваць цягам гэтай кампаніі.

І гэта будзе мець відавочныя негатыўныя наступствы, якіх сістэма мусіла б пазбягаць усімі сродкамі.

— Ужо на выбарах у 2015 годзе Лукашэнка не даваў папулісцкіх і фінансавых абяцанняў, ужо тады абыходзілася без раздачы падарункаў. Але цяпер нейкі іншы этап — няма не толькі абяцанняў, няма ніякай праграмы, не прадстаўлена ніякая перспектыва для краіны ў выпадку пераабрання.

— Так. Але ў 2015 годзе былі іншая сітуацыя. Была Украіна, і на гэтым фоне наяўнасць нейкай «стабільнасці» ўжо была значным пасланнем для насельніцтва. Па-другое, былі істотныя чаканні зменаў, калі не рэформаў. І змены, у прынцыпе, адбываліся, асабліва ў знешняй палітыцы. Былі чаканні эканамічных рэформаў, лібералізацыі. То бок тады быў дастаткова выразны месідж, атмасфера ў краіне была зусім іншая.

Чаму цяпер улады нават не спрабуюць сфармуляваць нейкую візію на будучыню? Акрамя як збоем сістэмы, я гэта не магу патлумачыць. Гэта трэба было рабіць загадзя, некалькі месяцаў таму. Гэтага не адбываецца, і гэта відавочная памылка. Не было нават прэзідэнцкага паслання ці Ўсебеларускага Сходу.

Усё зводзіцца да формулы — «калі вы хочаце, каб была нейкая стабільнасць, то ў вас ёсць я. А калі хочаце хаосу і крыві — паспрабуйце сказаць „не“». Вельмі нелагічная пазіцыя, небяспечная.

— Паўтараецца амаль у кожным выступе Лукашэнкі пра «страшныя 90-я», пра пагрозу незалежнасці, пра замежных лялькаводаў. Няма ніводнага пазітыўнага лозунгу, ніводнай станоўчай праграмы дзеянняў, перспектывы. Абараніць тое, што ёсць — адзіная фактычна праграма. Гэтым можна прывабіць выбарнікаў? Ці гэта проста часовая рыторыка?

— У мяне такое адчуванне, што гэтая рыторыка ўжо незваротная. Калі гэта спрацуе і можна будзе ўтрымаць уладу толькі сілавымі захадамі, без электаральнай падтрымкі — дык усё, навошта тады нешта прыдумляць, каб заваёўваць сімпатыі большасці? Тым больш што ніякіх новых ідэяў няма — ні ў атачэнні прэзідэнта, ні ў яго самога. Працуе толькі адна, «абарончая» лінія. Падаецца, што «рэформы» і «лібералізацыя» ўладай успрымаюцца як асноўная прычына падзення рэйтынгу ды іншых складанасцяў, прычына таго, што пачалі з’яўляцца альтэрнатыўныя кандыдаты. Зараз вельмі вялікая верагоднасць, што сістэма проста закрыецца ў сваім кокане і перастане думаць пра тое, што трэба фармуляваць нейкае бачанне будучыні.

— Лукашэнка палохае рэформамі, маўляў, у выніку адны наб’юць кішэні, іншыя пачнуць хадзіць з пустымі каструлямі. Фактычна ён прызнае, што пры ягоным кіраванні істотных зменаў не будзе — «у нас і так усё добра, трэба захаваць тое, што ёсць». Якая частка насельніцтва Беларусі можа на сёння задавальняцца статус-кво?

— Лукашэнка не раз ужо палохае вяртаннем у 90-я. Але цяпер сітуацыя такая, што многія адчуваюць сябе ўжо ў 90-х. Асабліва ў рэгіёнах, з гэтымі заробкамі па 300 рублёў. І многія беларусы ўжо лічаць, што «горш ніяк не будзе». І гэтая група вельмі павялічылася за апошнія паўгода.

Колькі людзей застаюцца стабільным электаратам Лукашэнкі на дадзены момант? Гэта тыя, хто баіцца замены ўлады, хто, можа, і шмат чым незадаволены, але баіцца альтэрнатывы. Паводле ўскосных дадзеных, гэтая група — недзе 20–25 працэнтаў. Вядома, гэта ўсё прыблізна, вядома, шмат залежыць ад таго, каму мы проціпастаўляем Лукашэнку, якому кандыдату.

— Улада зусім не думае пра наступствы сваіх цяперашніх дзеянняў ці яна лічыць, што галоўнае — неяк скончыць з гэтымі выбарамі, забяспечыць патрэбны вынік, а потым ужо разбірацца з наступствамі «па меры паступлення»? Аднак ужо можна казаць, што вынікам выбараў стане сур’ёзнае пагаршэнне адносінаў з Захадам, ажно да ізаляцыі, больш нахабныя паводзіны Масквы і, адпаведна, больш рэзкія сутычкі з ёй па многіх пытаннях.

— Усё складаецца вельмі кепска. Парадокс сітуацыі ў тым, што гэта ўсё вельмі лёгка прадбачыць, настолькі гэта відавочна. Крокі ўлады падчас гэтай кампаніі адназначна прывядуць да пэўнай замежнапалітычнай ізаляцыі, прынамсі часовай. Невядома, якія формы набудзе рэакцыя Захаду — ці санкцыі, ці проста абмежаванне супрацоўніцтва, — але ўсё ідзе да таго, што гэтая рэакцыя вымушаная быць дастаткова жорсткай.

Тое, над чым працавалі апошнія 6 гадоў у адносінах з Захадам, цалкам знішчана. І гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя эканамічныя наступствы. Нармалізацыя стасункаў з Захадам магла прынесці доступ да пэўных фінансавых рэсурсаў. Цяпер усё гэта ўскладняецца, гэтыя страты будуць адчувальнымі.

Нанесена глыбокая шкода бізнес-клімату, спрыяльнаму асяроддзю для прыцягнення інвестыцыяў у краіну. Вельмі прыкметным званком стала ўвядзенне часовай адміністрацыі ў «Белгазпрамбанку».

— Вы на пачатку размовы сказалі, што лібералізацыя спынілася ўжо 2 гады таму. Чаму Мінск не ўбачыў для сябе выгад у гэтым працэсе і пачаў яго згортваць? Можа, еўрапейскія партнёры не пайшлі насустрач настолькі, наколькі гэтага жадала беларускае кіраўніцтва? Чаму адносіны Мінску і Захаду ўжо гады два як уперліся ў пэўную столь і не рухаліся наперад?

— Адносіны з Еўрасаюзам — гэта стасункі стратэгічныя. Было б вельмі наіўна чакаць, што тут можна атрымаць вельмі хуткую і аднаразовую эканамічную выгаду. Альбо выбіваць яе кожны год, як у выпадку з Расіяй. З ЕС трэба выбудоўваць доўгатэрміновую стратэгію, трымацца пэўнага калідора, накладаць на сябе пэўныя абмежаванні. І паступова гэта дасць свой стратэгічны плён. Гэта не тое, што можна атрымаць за адзін год, і недарэчна было б разлічваць на хуткі эфект.

Тое самае з унутранай лібералізацыяй. Калі яна пачалася, то напал крытычнага стаўлення да Лукашэнкі быў значна зменшаны — прынамсі, наконт замежнай палітыкі. З’явіліся крамы, дзе можна было набыць нацыянальнае адзенне і сімвалы. Вядома, наіўна было чакаць, што ўсе апазіцыйныя людзі пачнуць любіць Лукашэнку і класціся за яго пад шпалы. Таксама недарэчна было чакаць, што прызначэнне адносна ліберальнага прэм’ера забяспечыць лаяльнасць ліберальна настроеных людзей на доўгія гады.

Такое адчуванне, што ўлады разлічвалі, што самыя сціплыя крокі па лібералізацыі прымусяць усіх апанентаў упісацца ў нейкі калідор — і далей можна нічога не рабіць, аўтаматычна будзе лаяльнасць. Але з гэтымі групамі насельніцтва, як і з любымі іншымі, трэба стала працаваць. А гэта цяжка, і ўлада зноў вярнулася да больш простых і традыцыйных для сябе сродкаў — рэпрэсіяў.

Последние новости