vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

29.07.2020 08:06

95 просмотров

0 комментариев

Каму запалі ў душу выступы кандыдатаў?

Чэрачань — падзел бізнэсу на «свой» і «чужы», Дзьмітрыеў — стары прэзыдэнт як старамодны тэлефон, Ціханоўская — калі ўлада сыдзе, будзе не Майдан, а сьвята, Канапацкая — Крым украінскі.

Выступы кандыдатаў у прэзыдэнты па тэлебачаньні абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Чэрачань — падзел бізнэсу на «свой» і «чужы», Дзьмітрыеў — стары прэзыдэнт як старамодны тэлефон, Ціханоўская — калі ўлада сыдзе, будзе не Майдан, а сьвята, Канапацкая — Крым украінскі. На мой погляд, гэта былі самыя гучныя тэзы ў выступах кандыдатаў. А на што зьвярнулі ўвагу вы, хто найбольш закрануў сваімі словамі народную душу?

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Кандыдаты ўспрымаюцца са шлейфам свайго мінулага і ў кантэксьце тых падзей, якія цяпер адбываюцца ў краіне. Найбольш гэта можна бачыць па рэакцыі многіх карыстальнікаў сацыяльных сетак на выступ Ганны Канапацкай. У любым іншым кантэксьце ён успрымаўся б як выступ кандыдата ад незалежніцкіх, прадэмакратычных, праэўрапейскіх сілаў. Але на гэтых выбарах значная частка прадэмакратычнага электарату ўспрымае яе ролю вельмі нэгатыўна, і ніякімі словамі яна ня можа зьмяніць гэтую рэакцыю.

Калі яна кажа, што яна адзіны сур’ёзны кандыдат, калі выказваецца нэгатыўна пра іншых кандыдатаў, нашмат больш за яе папулярных, яна стварае свой імідж хутчэй гэтым, чым сваім выступам на БТ, у якім прагучала шмат прыгожых і разумных думак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ганна Канапацкая анансавала стварэньне Нацыянальна-дэмакратычнай партыі

Калі даць чалавеку тэксты гэтых выступаў і папрасіць адказаць, абстрагаваўшыся ад прозьвішчаў, які выступ быў самы сурʼёзны і грунтоўны, адказ напэўна быў бы — выступ Дзьмітрыева. Ён ня толькі гаварыў аб праблемах, але і прапаноўваў мэтады іх вырашэньня, Палітычна гэты выступ быў высокапрафэсійны, калі абстрагавацца ад таго, які імідж — вольна ці нявольна — мае кандыдат Дзьмітрыеў.

Але галоўны кандыдат — гэта ўсё ж Сьвятлана Ціханоўская. Ці магла яна разьвіць посьпех свайго першага выступу? Мяркую, што так. Яна рабіла акцэнт на крытыку ўлады і на тое, што яна не палітык. Цікавы быў прыём — можа, крыху наіўны вобраз ідэальнай Беларусі, якой яна будзе пасьля сыходу Лукашэнкі.

Дракахруст: Як казаў Мартын Лютэр Кінг, I have a dream — «у мяне ёсьць мара».

Цыганкоў: Менавіта. Усе праблемы і цяжкасьці сыдуць. Такі малюнак яна намалявала. Гэта — працяг зьвяртаньня да свайго электарату, які ўспрымае яе як сваю. І, напэўна, правільна, што яна не ўжывала ніякіх мудрагелістых словаў.

Дракахруст: Віталь кажа, што выступ Ціханоўскай быў просты. Мне так не падалося. Мне здаецца, што ў яе выступе былі даволі моцныя палітычныя мэсыджы, якіх не было ў іншых.

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Калі казаць пра ўсе чатыры выступы, мне падалося, што Дзьмітрыеў і Ціханоўская выступілі нават лепш, чым мінулым разам, а Чэрачань і Канапацкая — горш, чым першы раз. Ціханоўская сёньня амаль вычарпала свой рэглямэнт, яна выступала 25 хвілін.

Так, яе выступ трапляў у той вобраз, які яна сабе стварае — вобраз простага чалавека. Не палітыка — жанчыны, якой не падабаецца жыць пры гэтай уладзе. І яе выступ гучаў не як палітычны, а як маральны, эмацыйны голас простага чалавека, якога «дастала» існаваньне ў гэтай краіне.

Першая частка яе выступу была цалкам палемічная, яна спрачалася з Лукашэнкам. Гэта ня мы рыхтуем Майдан, гэта Лукашэнка рыхтуе Майдан і ўвесь час пра гэта кажа. Або — Лукашэнка кажа, што пры новай уладзе пэнсіі ня будуць плаціць — а Ціханоўская гэтаму пярэчыць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Калі гэтая ўлада адыдзе, мы здабудзем свабоду». Другі выступ Ціханоўскай на БТ

Дракахруст: У беларускай выбарчай кампаніі няма дэбатаў, але яна фактычна вяла свае дэбаты з Лукашэнкам.

Цыганкоў: Так, Ціханоўская паводле ўсіх правілаў піяру, рэклямы здымала сваім выступам тыя патэнцыйныя страхі, якія могуць выклікацца нейкімі рашэньнямі, у дадзеным выпадку палітычнымі. Крок за крокам яна гэтыя нэгатыўныя страхі здымала, абнуляючы тыя «пагрозы», якія маляваў Лукашэнка.

Карбалевіч: Я згодны, што самым яскравым і палемічным быў выступ Дзьмітрыева. Але ўсё сапсавалі ягоныя развагі пра другі тур. Гэта перакрэсьліла ўсе ягоныя добрыя тэзы.

Цыганкоў: Чаму?

Карбалевіч: Бо ўсе ж разумеюць, што ў Беларусі другога туру быць ня можа. Што тычыцца выступу Чэрачня, то ягоны першы выступ быў больш канцэптуальны. Там ён прапанаваў праграму дэмакратычных лібэральных рэформаў. А сёньня ён звузіў свой выступ фактычна да аднаго пытаньня — свабоды бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзьмітрыеў паабяцаў правесьці новыя выбары праз год

Дракахруст: Калі Крывашэеў, старшыня афіцыйнага Саюзу журналістаў, сустракаўся з Лукашэнкам, агучыў аналітычную запіску з рэйтынгам Лукашэнкі, то ў гэтай запісцы гаварылася, што Чэрачань і Канапацкая — гэта людзі, якія ідуць на выбары для рэалізацыі сваіх канкрэтных праектаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чэрачань на БТ расказаў пра «сваіх» і «чужых» у бізнэсе

Ці не пацьвердзілі гэта іх сёньняшнія выступы? Чэрачань заявіў, што будзе ствараць бізнэс-асацыяцыю, а Канапацкая — што будзе ствараць партыю?

Цыганкоў: Так і ёсьць. Для гэтых кандыдатаў удзел у выбарах, цалкам магчыма, зьвязаны менавіта з далейшымі крокамі, якія яны абвясьцілі. Іншая справа — зусім не абавязкова, што гэта прынясе посьпех. Я маю на ўвазе, што, напрыклад, удзел Канапацкай у гэтай кампаніі, цалкам верагодна, прынясе ёй больш нэгатыву. І цяжка сказаць, хто пойдзе ў партыю, якую яна зьбіраецца ствараць. Проста на фоне таго, як разгарнулася кампанія, на фоне таго, як шмат людзей паверылі, што вынікам гэтай кампаніі могуць стаць перамены ў краіне — на такім фоне заяўляць пра свае дастаткова прыватныя палітычныя пляны — людзям можа падацца, што ўсё гэта ня вартае, не сур’ёзнае, і ня дзеля таго трэба было ісьці ў гэтую кампанію.

Успрыманьне гэтай кампаніі такое, што людзі будуць вымяраць удзел у ёй тым, наколькі палітык ахвяраваў сабой дзеля зьмены ўлады. Калі палітык схадзіў у прэзыдэнцкую кампанію, каб вырашаць уласныя палітычныя пляны, гэта наўрад ці будзе выклікаць у людзей вялікую павагу.

Дракахруст: Гэтыя выступы нібы абазначылі колы саюзьнікаў. Асабліва пра гэта гаварыў Дзьмітрыеў. Ён прыгадаў Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, іх арышты, якія ён асудзіў. Дзьмітрыеў узгадаў пра плятформу «Голас», заклікаў рэгістравацца там. І сказаў — галасуйце за каго заўгодна, хоць за мяне, хоць за Ціханоўскую, хоць за Чэрачня. Але пра Канапацкую не ўзгадаў. Як будуць узаемадзейнічаць Дзьмітрыеў і Ціханоўская? І ці магчыма, што Дзьмітрыеў здымецца на карысьць Ціханоўскай?

Цыганкоў: Цяпер нейкага істотнага ўзаемадзеяньня Дзьмітрыева і Ціханоўскай няма. Але яно можа ўзьнікнуць бліжэй да дня галасаваньня. Што Дзьмітрыеў здымецца на карысьць Ціханоўскай, працэнт імавернасьці ненулявы. Ён вопытны палітык. Калі ён зразумее, што ўсё з гэтай кампаніі выціснуў, выступіў па БТ, параўнае, колькі людзей прыходзіць на сустрэчы зь Ціханоўскай і зь ім, то можа прыйсьці да высновы, што зьняцьцё прынясе яму больш палітычных і маральных дывідэндаў.

https://www.svaboda.org/a/30753868.html

Последние новости