vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

18.09.2020 14:29

143 просмотра

0 комментариев

«Рэжым Лукашэнкі не зможа задушыць пратэставы рух»

Цэнтр палітычнай адукацыі апублікаваў аналітычную справаздачу па падзеях, якія прайшлі з часу выбараў, і да сённяшняга дня. Доўгатэрміновы (і нават сярэднетэрміновы) прагноз для Лукашэнкі і яго атачэння не суцяшальны.

«Верагодна, у сувязі з умовамі надвор’я, халодным часам, у акцыях пратэсту будзе удзельнічаць меншая колькасць людзей. Аднак рэжым Лукашэнкі атрымае толькі часовы перадых. Ён не зможа задушыць пратэстны рух, а вялікія выдаткі на ўтрыманне сілавікоў, ад адданасці якіх залежыць, ці ўтрымае Лукашэнка ўладу, будуць спрыяць паглыбленню эканамічнага крызісу. Перад рэжымам Лукашэнкі зноў паўстане пагроза выступаў калектываў прадпрыемстваў з палітычнымі патрабаваннямі і пагроза праяў нелаяльнасці з боку чыноўнікаў» — гаворыцца ў дакуменце.


Матэрыяльная зацікаўленасць і страх — галоўныя фактары лаяльнасці

Пратэстныя акцыі працягваюцца ўжо больш за месяц. І для сілавікоў, і для чыноўнікаў у такой сітуацыі становіцца відавочным — Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары. Магчыма, у першыя дні пасля выбараў, яны разважалі так, як казаў міністр унутраных спраў Юрый Караеў: мы прадстаўляем большасць, якую прагаласавала за Лукашэнку, дзейнічаем супраць агрэсіўнай меншасці, абараняем цывілізацыю ад разбурэння. Цяпер яны наўрад ці маюць такія ілюзіі.

Затрыманыя ў ноч з 9 на 10 жніўня ўдзельнікі акцый пратэсту сказалі, што з кожным днём да іх ставіліся з усё большай жорсткасцю: сілавікі чакалі, што ўсё скончыцца ў адну ноч. Не скончылася.

Пачынаючы з 16 жніўня па нядзелях у Мінску на вуліцы выходзяць сотні тысяч. Кожны дзень сілавікам даводзіцца выязджаць для разгону акцый, для таго, каб зрываць бел-чырвона-белыя сцягі і стужкі, зафарбоўваць графіці. І з кожным днём іх усё больш такой «працы», якая сведчыць пра тое, што Лукашэнкам незадаволеная ўся краіна.

Верагодна, Лукашэнка ацаніў перамену ў настроях сілавікоў і чыноўнікаў. Цяпер ёр купляе лаяльнасць ці застрашвае.

Супрацоўнікі МУС кажуць: ім даводзяць, што ў выпадку змены ўлады многія з іх, так ці інакш датычныя да рэпрэсій, трапяць у турмы, у іх канфіскуюць уласнасць. Лукашэнка і Шэйман (ёсць падставы меркаваць — каардынатар дзеянняў сілавых структур з траўня 2020 года) прыклалі намаганні, каб да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і да рэпрэсій мелі дачыненне як мага больш чыноўнікаў і сілавікоў. Лукашэнка таксама заяўляў, што ў выпадку праяў нелаяльнасці чыноўнікаў, сілавікоў будзе караць за здраду.

Страх і матэрыяльная зацікаўленасць — гэтыя фактары могуць быць эфектыўнымі ў кароткачасовай перспектыве. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве яны неэфектыўныя. Новыя, папулярныя лідары апазіцыі могуць прапанаваць гарантыі, што чыноўнікі і сілавікі, якія не здзейснілі злачынстваў, не будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, і, што важна для іх, захаваюць ўласнасць.

Грошы для сілавікоў

Напярэдадні выбараў і пасля іх Лукашэнка значна павялічыў фінансаванне сілавых структур. У жніўні 2020 года супрацоўнікі міліцыі, якія звольніліся ў знак пратэсту, паведамлялі, што міліцыянту, які браў удзел у падаўленні акцый пратэсту, плацілі 1000 беларускіх рублёў за кожны дзень «працы» (блізу 407 USD, гэта амаль месячны сярэдні заробак у Беларусі). Месячная зарплата супрацоўнікаў АМАП (колькасць каля 1500 чалавек) у месяцы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў была даведзена да 5000 беларускіх рублёў (2032 USD па стане на жнівень).

У пачатку верасня ў сацыяльных сетках сваякі былых жонак супрацоўнікаў АМАПу паведамілі, што ў жніўні АМАПаўцы плацілі аліменты ад 2 да 4 тысяч рублёў у залежнасці ад пасады і звання. Згодна з заканадаўствам, аліменты складаюць 25% ад месячнай зарплаты. Адпаведна, месячныя заробкі супрацоўнікаў АМАПу ў жніўні склалі ад 3248 да 6500 USD.

У разгоне акцый пратэсту бяруць удзел вайскоўцы брыгады ўнутраных войскаў спецыяльнага прызначэння, якія маюць параўнальную з АМАП падрыхтоўку і параўнальную з АМАП колькасць, супрацоўнікі іншых спецыяльных падраздзяленняў, якія маюць больш высокую падрыхтоўку, чым супрацоўнікі АМАПу (іх колькасць — не больш за 200 чалавек у кожным падраздзяленні): контртэрарыстычны атрада КДБ «Альфа», спецпадраздзяленне МУС «Алмаз», спецатрад хуткага рэагавання (САХР) МУС. Менш актыўны ўдзел у падаўленні акцый пратэсту прынялі шэраг вайсковых падраздзяленняў: дыслакаваная ў Брэсце дэсантна-штурмавая брыгада, дэсантна-штурмавая брыгада, якая дыслакуецца ў Віцебску (былі перакінутыя ў Мінск і Гродна). У Мінск была ўведзеная бранетэхніка дыслакаванай каля Мінска механізаванай брыгады. Імаверна, былі павялічаныя заробкі афіцэрскаму складу і кантрактнікам гэтых падраздзяленняў.

Калі дадаць сюды выдаткі на праўладныя мітынгі (праезд і харчаванне) ды замену беларускіх супрацоўнікаў ТБ расійскімі спецыялістамі з Russia Tuday (2000 USD заробак, плюс пражыванне, плюс арэнда тэхнікі), то ўтрыманне дзяржаўнага апарата становіцца больш вялікім цяжарам для эканомікі Беларусі.


Пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі — рост пратэстных настрояў

У першыя дні пасля выбараў калектывы многіх дзяржаўных прадпрыемстваў выступілі з патрабаваннямі спыніць гвалт з боку сілавікоў, правесці свабодныя прэзідэнцкія выбары і патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі.

Пасля перамоў з адміністрацыямі гарадоў і прадпрыемстваў рабочыя вярнуліся да працы. Але на многіх прадпрыемствах былі звольненыя найбольш актыўныя рабочыя і члены страйкавых камітэтаў. Многія з іх потым былі затрыманыя, трапілі ў следчыя ізалятары.

Гэта дае Лукашэнку толькі часовы перадых. Пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі пацягне рост пратэставых настрояў і ў тым сацыяльным асяроддзі, якое, бачачы выбар паміж заробкам і свабодай, выбрала першае.

Да хвалі рэпрэсій Беларусь мела дастаткова спрыяльныя магчымасці для рэфінансавання знешняга доўгу і атрымання крэдытаў для падтрымкі эканомікі. Беларускі бок вёў перамовы з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, у тым ліку з МВФ, аб атрыманні крэдытаў на агульную суму больш за 3 млрд USD. Пагаршэнне адносін з Захадам самым негатыўным чынам адбілася на магчымасцях рэфінансавання знешняга доўгу і атрымання крэдытаў. 10 верасня МВФ адмовіў Беларусі ў выдзяленні 940 млн. USD «для падтрымкі эканомікі ва ўмовах пандэміі». Фармальнымі падставамі былі названыя нежаданне кіраўніцтва Беларусі праводзіць эканамічныя рэформы і невыкананне рэкамендацый СААЗ.

Адмова МВФ, а таксама ўсё больш змрочныя ацэнкі і прагнозы стану беларускай эканомікі з боку заходніх і незалежных беларускіх эканамічных аналітыкаў будуць сігналамі і для іншых міжнародных фінансавых арганізацый, з якімі беларускі бок вяла перамовы аб прадастаўленні крэдытаў.

Пагроза дэфолту

За жнівень 2020 года золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі скараціліся на 1 млрд. 399,6 млн. USD (на 15%) І склалі на 1 верасня 7 млрд.457 млн. USD. гэты ўзровень ЗВР дазваляе аплачваць імпарт толькі на працягу двух месяцаў. Атрыманне крэдыту з боку Расіі ў памеры 1,5 млрд. USD не вырашае праблемы, улічваючы тэмпы скарачэння ЗВР.

У 2020 годзе Беларусь (маецца на ўвазе дзяржава, без уліку прадпрыемстваў і банкаў) павінна выплаціць па знешніх даўгах 3 млрд. 838 млн. USD. Каля паловы гэтай сумы (каля 1 млрд. 419 млн. USD) трэба будзе выплаціць у другой палове 2020 года. У 2021 годзе Беларусь павінна выплаціць па знешніх пазыках больш за 3 млрд USD.11

Перад Беларуссю ўзнікае пагроза крызісу неплацяжоў — для прадпрыемстваў: па выніках першай паловы 2020 года ВУП Беларусі скараціўся на 1,7%. Запаволенне эканамічнай актыўнасці ва ўмовах пандэміі выклікала рост дэвальвацыйных чаканняў у насельніцтва.

Палітычная нестабільнасць спрыялі гэтай тэндэнцыі. Людзі забіраюць свае ўклады з банкаў, пераводзяць рублі ў долары і, чакаючы горшых часоў, захоўваюць грошы дома. Па дадзеных Нацбанка, агульны аб’ём дэпазітаў фізічных асоб у рублях на 1 верасня 2020 года склаў 4 млрд. 653,3 млн. рублёў. Гэта на 270,8 млн. менш, чым у папярэднім месяцы. Жнівеньскае зніжэнне апынулася самым буйным у гэтым годзе. Аб'ём дэпазітаў у валюце на 1 верасня склаў 5 млрд. 146,6 млн. USD. У параўнанні з пачаткам года аб'ём дэпазітаў у валюце скараціўся на 1 млрд 69,7 млн USD.

Эканамісты адзначаюць, што скарачэнне магчымасцяў прадпрыемстваў атрымліваць крэдыты за мяжой і скарачэнне банкаўскіх укладаў насельніцтва (такім чынам, скарачэнне рэсурсаў банкаў) можа прывесці да крызісу неплацяжоў для прадпрыемстваў.

Да таго ж, улады заціснулі ІТ-сферу, ды так, што многія кампаніі перавозяць супрацоўнікаў у іншыя краіны. Але, паводле слоў міністра эканомікі Беларусі Дзмітрыя Крутога, ІТ-сфера была галоўным драйверам эканамічнага росту апошнія сем гадоў, а доля ІТ-паслуг у агульнай структуры ВУП вырасла да 6,5%. Таму эміграцыя айцішнікаў пацягне вялікія страты для эканомікі Беларусі.

Высновы з гэтага дакладу кожны можа зрабіць сам. Працягваючы карміць сілавікоў і падкупляць лаяльнасць дзяржслужачых, ва ўлады вельмі хутка скончацца грошы. Аж да таго, што многія прадпрыемствы проста спыняцца. І тады ужо на вуліцы выйдуць не студэнты з кветкамі, а працоўныя. І што будзе ў іх руках — вялікае пытанне.

Гэтыя часы могуць настаць даволі хутка.

Последние новости