vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

14.01.2021 12:31

148 просмотров

0 комментариев

«Маналітная ўлада — гэта міф»: вялікае інтэрв’ю з Яўгенам Бурым, які сышоў з Рады бяспекі і далучыўся да НАУ

Яўгену Бураму 40 гадоў, ён мінчук. Больш за дваццаць гадоў адпрацаваў у дзяржаўных органах.

Пачынаў падатковым інспектарам, працаваў у Міністэрстве па падатках і зборах, а ў 2014—2019 працаваў у дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі, дзе адказваў за эканамічную сферу. Потым былі прыватныя праекты, праца ў ІТ-сектары. Напрыканцы 2020 года Буры далучыўся да Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі, дзе адказвае за эканоміку і фінансы.

У першым вялікім інтэрв’ю спадар Буры расказаў пра сваю працу ў Радзе бяспекі, чаму ўладам нявыгадная моцная эканоміка, а таксама пра тое, якой бачыць Беларусь у будучыні.

«Наша Ніва»: Некалькі тыдняў таму я гутарыў з былым паслом Беларусі ў Славакіі Ігарам Ляшчэнем, які падверг крытыцы вас. Кажа, размаўляў з вядомымі эканамістамі, але ніхто не чуў пра эканаміста Бурага і работ ягоных не чытаў. Дык адкуль вы ўсё ж узяліся?

Яўген Буры: Адкажу, канечне. Я прыйшоў у дзяржсакратарыят Рады бяспекі ў 2014 годзе, прыйшоў з Міністэрства па падатках і зборах, дзе займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення, займаўся арганізацыяй кантрольнай дзейнасці ў краіне, метадычным забеспячэннем.

Чытайце таксама: Пасол Ігар Ляшчэня, які перайшоў на бок народа, шчыра пра ўладу і апазіцыю — вялікае інтэрв’ю

У Радзе бяспекі я працаваў на пасадзе дарадцы-кансультанта па пытаннях эканамічнай бяспекі. Былому чыноўніку павінна быць вядома, што ўся праца дзяржсакратарыята Рады бяспекі мае грыф як мінімум «для службовага карыстання», а часцей — «сакрэтна». Мы працавалі з органамі, якія забяспечваюць бяспеку краіны. Такая ўжо спецыфіка працы. Па гэтых прычынах я ніколі не быў публічнай асобай.

Адзіныя згадкі пра мяне могуць быць хіба ва ўказах Лукашэнкі, якія рэгулявалі міжведамасную камісію па бяспецы ў эканамічнай сферы. Я быў сябрам і сакратаром гэтай камісіі ўвесь час маёй працы ў Радзе бяспекі. Спачатку гэтую камісію ўзначальваў Кірыл Руды, а пасля таго, як ён з’ехаў у Кітай, — Мікалай Снапкоў. Мы заўсёды працавалі ў цеснай звязцы. Калі я нядаўна звяртаўся ў відэазвароце да Снапкова, які цяпер займае пасаду першага віцэ-прэм’ера, то рабіў праз тое, што, як мне здаецца, я разумею мысленне гэтых топ-чыноўнікаў. Я лічыў і лічу іх добрымі прафесіяналамі і экспертамі ў сваёй справе. Іншае пытанне: чаму яны па сёння не перайшлі на бок народа? Можна шмат на гэтую тэму разважаць, але хіба што не будзем.

«НН»: А можа, варта і паразважаць?

ЯБ: Не варта. Хацеў бы далей адказаць Ляшчэню. Так што я не ведаю, хто і якіх эканамістаў апытваў, але ў вузкіх колах сярод незалежных эканамістаў мяне таксама ведаюць. З многімі я працаваў разам, калі пісаў свае аналітычныя даследаванні на тэму экспарту тавараў у Расію, інвестыцыйнага клімату, уплыву экалогіі на эканамічны рост. У кожным маім даследаванні ўдзельнічалі і іншыя эканамісты, у тым ліку вядомых у Беларусі кампаній, аналітычных і даследчых цэнтраў.

Міжведамасная камісія па эканамічнай бяспецы аб’ядноўвала вакол сябе многіх эканамістаў, у тым ліку і незалежных. Гэтыя даследаванні, якія мы рабілі, насілі закрыты характар. Але многія прапановы былі рэалізаваныя ў жыцці. Напрыклад, па інвестыцыях, экалогіі, бізнэс- і інвестклімаце, па карэкціроўцы беларускага экспарту. Але асноўная частка даследаванняў не знайшла свайго прымянення ў сённяшняй сістэме, бо эканоміка стала закладніцай палітычнай сітуацыі ў краіне.

Гэта, у прынцыпе, і стала асноўнай прычынай сыходу з Рады бяспекі, бо хацелася больш стваральнай працы, працы на вынік. А яе было няшмат. У выніку да мяне прыйшло разуменне, што пры цяперашніх палітычных умовах рэалізаваць любыя прапановы будзе вельмі цяжка ці немагчыма.

«НН»: Якія менавіта вашыя ініцыятывы засеклі?

ЯБ: Было шмат ідэй. У прыватнасці, па інвестыцыйным клімаце мы прапаноўвалі ўвесці пасаду незалежнага амбудсмена, які б наўпрост узаемадзейнічаў з першай асобай, але гэта не знайшло падтрымкі нават на ўзроўні ўрада. Справа ў тым, што ніхто не адважыўся ісці з такой прапановай самі ведаеце да каго. Нават у той адносна спакойны час.

Я з ходу ўжо ўсе не ўспомню, іх, праўда, было шмат. Былі прапановы па карэкціроўцы падатковага кодэксу, я, як спецыяліст у гэтай сферы, пастаянна выдаваў прапановы. І такія моцныя сутычкі былі на ўзроўні міністраў, кіраўнікоў Саўміна, Адміністрацыі і Рады бяспекі! Быў адзін год, калі ў падатковы кодэкс зусім не ўнеслі змен, гэта якраз за кошт міжведамасных канфліктаў. Мы змаглі пераканаць, што нельга ў такім выглядзе прымаць кодэкс, што ён недапрацаваны, для людзей і бізнэсу патрэбныя іншыя радыкальныя змены. Былі заўжды прапановы з нашага боку па спрашчэнні вядзення бізнэсу, зніжэння сілавога ціску на эканоміку.

«НН»: Смела для сілавога ведамства, якім з’яўляецца Рада бяспекі.

ЯБ: Засілле сілавікоў у бізнэсе было заўжды. Часам гэта мела проста беспрэцэдэнтны характар, калі на роўным месцы выстаўляліся мільярдныя прэтэнзіі. У Радзе бяспекі мы пастаянна ацэньвалі асноўныя пагрозы для эканомікі і краіны. І адной з асноўных пагроз называліся сілавікі. Неадэкватны прэс на бізнэс, калі бізнэсменаў фактычна бралі ў закладнікі, саджалі ў «амерыканку», і яны былі вымушаныя адкупляцца, па сутнасці, плаціць выкуп за сваю свабоду. Пра якое развіццё бізнэсу і эканомікі ў такіх умовах можна гаварыць?

«НН»: Цяпер гэтыя напрацоўкі выкарыстоўваеце?

ЯБ: Вядома. І гэта самае добрае. Гэтыя прапановы нікуды не зніклі, многія з іх актуальныя як ніколі. Тыя нерэалізаваныя нашы ідэі, пад якія мы стваралі наймацнейшыя працоўныя групы з найлепшымі экспертамі, ужо часткова знайшлі адлюстраванне ў працы НАУ і будуць знаходзіць далей. Яны стануць асновай для структурных рэформаў у будучыню ў свабоднай Беларусі. Мы так ці інакш усё гэта рэалізуем.

«НН»: Вы ўспомнілі ў пачатку размовы Снапкова і Рудага, у якіх рэнамэ эканамічных лібералаў. Гэта адпавядае праўдзе?

ЯБ: Сярод тых чыноўнікаў, якія трапілі ў топ, гэта сапраўды яркія і моцныя спецыялісты. Яны сапраўды мелі ліберальныя погляды на развіццё эканомікі. Не скажу пра Кірылу Рудага, я не ведаю, чым ён цяпер займаецца, але Мікалай Снапкоў адказвае за эканоміку ў апараце Савета міністраў. Калі я звяртаўся да чыноўнікаў, то казаў, што ліберальная частка ўрада заўсёды прыводзіла ў прыклад поспехі Сінгапура. Дык у лютым чыноўнікі ў Сінгапуры адмовіліся ад сваіх заробкаў у фонд дапамогі барацьбы з кавідам. Бярыце і тут прыклад з Сінгапура! Я спадзяюся, што яшчэ не ўсё страчана і ў іх ёсць шанс, але тыя меры, якія яны ва ўрадзе прымалі і прымаюць у эканоміцы, абсалютна неадэкватныя.

Былі прынятыя змены ў падатковы кодэкс, у якім былі паднятыя стаўкі, уведзеныя новыя падаткі, у тым ліку ўнікальныя, як падатак на выезд — тут хочаш не хочаш, але будзеш параўноўваць з падаткам на ўцёкі з Рэйху. Прымаць такі дакумент мог толькі антынародны ўрад. Мы робім цяпер усё магчымае, каб выявіць усіх датычных да прыняцця змен у кодэкс. Будзем ініцыяваць унясенне гэтых асоб у санкцыйныя спісы, а ў тым, што гэта дзейсны метад, ужо ні ў кога не застаецца сумневаў. Сярод чыноўнікаў застаецца яшчэ нямала сумленных людзей, таму мы заклікаем іх абазначыць сваю пазіцыю і фіксаваць матэрыялы, каб унесці вінаватых у Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў, якую НАУ запусцілі сумесна з «Байполам».

І гаворка ж не толькі пра сілавікоў. У такі цяжкі перыяд людзі павышаюць падаткі, павялічваючы цэны на лекі… Яны павінны разумець, які рост цэн гэта выклікае, што гэта можа прывесці да дэфіцыту пэўных прадуктаў, лекаў пры закрытых межах, што прывядзе да фатальных вынікаў. Чыноўнікі сацыяльна-эканамічнага блока павінны дакладна гэта разумець.

Гэта павінны разумець у Мінпрацы, у ДАІ, у Мінздароўя, у Мінэканомікі, аблвыканкамах, шмат дзе яшчэ, дзе праходзіў узгадненне праект падатковага кодэксу. Меры антынароднага ўрада адаб’юцца ж і на іх дзецях, яны таксама будуць больш плаціць за лекі. І гэта не віна апазіцыі і пратэстоўцаў, знешніх фактараў ці кавіду, а неадэкватныя дзеянні ўладаў. Пара ўжо раскрыць вочы на гэта.

«НН»: Адваротная рэакцыя ёсць?

ЯБ: Упершыню я звяртаўся ў відэа ў канцы снежня, калі заклікаў не прымаць змены ў падатковы кодэкс. Я называў канкрэтных асоб: міністр фінансаў Сіліверстаў, намеснік міністра фінансаў Кійко, міністр па падатках і зборах Налівайка і першы віцэ-прэм’ер Снапкоў. Рэакцыяй на мой зварот было прыняцце гэтага законапраекта.

Цяпер міністр фінансаў неяк апраўдваецца, што гэта барацьба з кавідам. Але нічога супольнага гэта з барацьбой з кавідам не мае. Калі было б інакш, то не выдзяляліся б грошы на шматлікія праўладныя мерапрыемствы, нейкія маршы, новыя мерседэсы для абслугоўвання Лукашэнкі, форумы незразумелыя, на папсовых нізкапробных расійскіх артыстаў. Гэта ўсё праплачвалася з бюджэту і Міністэрства фінансаў ведае гэта лепш, чым хто іншы. І гэтыя мерапрыемствы працягваюцца, і плаціць за іх будуць простыя беларусы.

«НН»: З міністрам Налівайкам вы ж таксама знаёмыя? Ці можна было ад яго чакаць іншага?

ЯБ: Канечне, я знаёмы з кожным з гэтых людзей. Я 21 год быў на дзяржслужбе, я ведаю ўсіх. Цяпер мы сутыкнуліся з тым, што людзі робяць свой выбар. Думаю, што міністр Налівайка свой выбар ужо зрабіў, і гэты выбар у нас розны. Добра, калі я памыляюся.

«НН»: Вы згадвалі персанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў. А што рабіць з эканамічнымі санкцыямі супраць бізнэсменаў і прадпрыемстваў. Даюць яны вынік? Трэба іх узмацняць ці не?

ЯБ: Па-рознаму можна ставіцца да санкцый, адны кажуць, што слабыя яны, іншыя ж вельмі моцна пацярпелі. Трэба глядзець на рэакцыю людзей, якія набліжаныя да ўлады. Мне здаецца, што трэці пакет санкцый быў накіраваны не на нанясенне канкрэтных страт, а каб яшчэ раз папярэдзіць, што санкцыйны ціск будзе нарошчвацца. І наступны раўнд санкцый не будзе такім мяккім, як гэты. Мы са свайго боку будзем рабіць усё, каб санкцыйны ціск павялічваўся. Гэта дзейсная мера, яна будзе працаваць. Мы будзем ствараць свае рэкамендацыі, каб санкцыі сапраўды былі эфектыўнымі.

«НН»: Цяпер шмат хто абураецца, што ў спісы не трапілі набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсмены Алексін і Зайцаў.

ЯБ: Разумееце, яны не трапілі сёння, але гэта не значыць, што яны не трапяць туды заўтра. Нават сама пагроза трапляння ў санкцыйныя спісы шмат што значыць для партнёраў. У бізнэсе нічога ні ад кога не схаваеш, тым больш такія рэчы. Нават пагрозы сваю справу робяць. Для міжнародных кампаній такія адносіны — гэта вельмі таксічна. Іх жыццё ад таго, што сёння сышлі ад санкцый, лепшым не становіцца.

«НН»: Цікава, а ці чулі пра выпадкі, каб на НАУ ці нейкія іншыя ўтварэнні, выходзілі лабісты беларускіх бізнэсменаў, каб тыя не трапілі ў спісы?

ЯБ: Я такіх фактаў не ведаю. Упэўнены, што такія спробы наканаваныя на правал і не знойдуць ні ў кога водгуку.

«НН»: Вы рыхтуеце праграму рэформаў для будучай Беларусі. Шмат хто баіцца, што гэта будзе суправаджацца шокавай тэрапіяй. Ці магчыма неяк яе пазбегнуць?

ЯБ: Я думаю, гэта цалкам рэальна. І мы робім усё, каб гэтага шоку не было. Але тут усё залежыць ад дзеянняў уладаў. Тое, што яны робяць цяпер… — складваецца ўражанне, як пры адступленні войска паляць усё, што не дасталася ім. Напрыклад, цяпер рэжым пачаў масавую вырубку нашага лесу і рэалізацыю яго на экспарт, што мы будзем вельмі жорстка спыняць. То-бок шмат залежыць ад стану эканомікі, якая застанецца пасля іх.

Мы працуем над стварэннем стабілізацыйных фондаў, якія спатрэбяцца беларусам пасля змены ўлады, гэта мы робім разам з Каардынацыйнай радай і штабам Святланы Ціханоўскай. Цудоўна разумеем страхі работнікаў буйных прадпрыемстваў, якія баяцца згубіць працу — гэтыя страхі актыўна выкарыстоўваюцца беларускай прапагандай, якая кажа, што працу ім дае асабіста Лукашэнка, маўляў, нікому гэтыя людзі пасля змены ўлады не будуць патрэбныя. Але ў нас абсалютна іншыя ўяўленні. Менавіта чалавечы патэнцыял павінен быць у аснове ўсяго, ён у нас вельмі сур’ёзнага ўзроўню.

«НН»: А МАЗ і БелАЗ усё ж давядзецца прадаць?

ЯБ: Мы не плануем нейкую масавую прыватызацыю, як было калісьці ў Расіі. Мы будзем падыходзіць да прыватызацыі вельмі кропкава, асцярожна. Ёсць кампаніі і прадпрыемствы, якія можна і патрэбна развіваць, там ёсць усё неабходнае для гэтага. Ёсць кампаніі, стан якіх горшы, але трэба разбірацца адрасна. Магчыма, прадаваць частку акцый, магчыма — цалкам, шукаць інвестараў.

«НН»: Ці патрэбныя беларускія прадпрыемствы сёння камусьці, апроч расіян?

ЯБ: Гэта якраз задача НАУ — знайсці такіх інвестараў. Мы вось ведаем, што металургія добра развітая ў ЗША і Канадзе, і выходзім з прапановамі і думкамі пра лёс нашых металургічных прадпрыемстваў. Мы хочам прадставіць людзям канкрэтныя кейсы: да вашых прадпрыемстваў ужо ёсць канкрэтны інтарэс міжнародных буйных канцэрнаў. І ў будучыні, калі яны прыйдуць сюды са сваімі тэхналогіямі і грашыма, то работнікі не проста застануцца на сваіх пасадах, але атрымаюць магчымасць увайсці ў міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі, разлічваць на рост заробкаў і на высокі ўзровень сацыяльных гарантый.

І мы не думаем пра тое, што гэта будзе калісьці потым, мы ўжо прапрацоўваем канкрэтныя выпадкі. Такая праца вядзецца. Нават калі ёсць прадпрыемства, якое прасцей ліквідаваць, якое дзесяцігоддзямі працуе ў страты і трымаецца толькі за кошт бюджэту, але і там патрэбныя рэформы па перакваліфікацыі людзей, знаходжання іх у новай сістэме. Для такога патрэбна развіццё бізнэсу, каб работнікі маглі сябе знайсці і ў прыватным сектары, які цяпер у глыбокім крызісе. Цяпер нам трэба сысці ад бясконцых праверак — вы ж бачыце, што МНС закрывае пачкамі кампаніі па надуманых нагодах, тое ж робіць санэпідэмслужба. Такога не павінна быць і не будзе. Будзе абвешчаны мараторый на праверкі, апроч пытанняў жыцця і здароўя насельніцтва. Магчыма, патрэбныя падатковыя канікулы, каб даць штуршок для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу.

«НН»: А што замінае ўладзе ўсё гэта рабіць цяпер? Як гэта можа ім пагражаць?

ЯБ: Эканоміка ў закладніках у палітычнай сістэмы. Чаму ў нас не адбылася рэвалюцыя хутка? Чаму людзей часова атрымалася вярнуць на прадпрыемствы? Бо такая сістэма развівалася штучна на працягу 26 гадоў. Людзі не могуць дазволіць сабе паставіць усё на кон і сысці ў забастоўку. Людзі жывуць ад заробку да заробку, у іх ёсць крэдытныя карткі, якія ставяць іх у кабальныя адносіны. Яны не могуць сабе дазволіць баставаць, і ўладзе гэта выгадна, яны да гэтага рыхтаваліся.

Развіццё эканомікі заўсёды дэкларавалася, але гэта нікому не было цікава, уладзе гэта не было выгадна, гэтага заўжды баяліся. Вось прыклад паспяховага Парку высокіх тэхналогій, які дасягнуў сур’ёзных поспехаў. Вылілася ж гэта ў тое, што людзі там сталі незалежныя ад дзяржавы і фінансава, і ментальна. І гэтыя людзі былі ў авангардзе пратэсту, дзякуючы ім была сабраная база доказаў, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Адбылося тое, чаго ўлада баялася найбольш, — так званая «буржуазная рэвалюцыя». Не было інтарэсу ў развіцці эканомікі, сярэдняга класа, паспяховых бізнэсменаў. Калі хтосьці з бізнэсменаў дасягаў узроўню «вышэй за сярэдні», то хутка апынаўся ў СІЗА, вымушаны быў плаціць выкуп за свабоду, аддаючы частку актываў. Цяперашняя сістэма проста не заточаная для развіцця бізнэсу, бо бізнэс ствараў пагрозу для існуючай улады.

«НН»: Эканамічная залежнасць ад Расіі — наколькі вялікая праблема?

ЯБ: Цяперашняя ўлада зрабіла ўсё, каб мы былі як мага больш шчыльна з Расіяй, у яе абдымках. Мы бачым «ультыматыўную інтэграцыю» апошняга часу. Гэта не «заслугі» беларусаў, а ўлады. Як ад гэтага сыходзіць? Пытанне не толькі да эканамістаў, але і палітыкаў, а найперш грамадства. Самі беларусы павінны рашаць свой лёс: быць нейтральнымі ці рухацца да аднаго з полюсаў. Расійскае кіраўніцтва сёння ўсё далей адштурхоўвае беларускае грамадства ад сябе.

«НН»: Можна вас троху распытаць пра асоб, з якімі вы працавалі ў Радзе бяспекі. Вы прыйшлі туды пры Мяжуеве, але працавалі ў асноўным пры Засю, дайце характарыстыку гэтым людзям.

ЯБ: Пытанне вельмі складанае. З Мяжуевым я працаваў вельмі мала, ён хутка пакінуў пасаду. Зась? Усе ставіліся да яго з вялікай павагай. Пра Зася ў мяне добрае ўражанне. Сярод высокіх чыноўнікаў ён быў адзін з самых адэкватных і прыстойных. Ён заўжды ўмеў слухаць. І развіталіся мы добра, цёпла нават.

Часцей я супрацоўнічаў са сваім непасрэдным начальствам, больш аўтаномна ад кіраўніцтва. Канечне, усе прыслухоўваліся да нашага меркавання, эканамістаў жа там было 2—3 чалавекі, якія спрабавалі данесці на высокі ўзровень сваю пазіцыю. Але часта нашы прапановы выклікалі поўнае адмаўленне. Мы, напрыклад, казалі, што ні ў якім разе нельга прымаць дэкрэт аб дармаедах. Шмат разоў казалі, і не толькі мы, многія іншыя органы таксама. Але былі і тыя, хто палымяна настойваў на сваім і мог пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці прыняцця дэкрэта.

«НН»: Што гэта за людзі?

ЯБ: Гэтыя людзі і цяпер застаюцца ва ўладзе ў асноўным. Не хачу называць канкрэтныя прозвішчы. У Радзе бяспекі разумелі, што гэта выклікае масавыя пратэсныя выступы, але былі і тыя, хто па незразумелых прычынах настойваў, што такі дэкрэт патрэбны. Магчыма, гэта сляпое падпарадкаванне волі дыктатара, які вырашыў, што ўсе павінны працаваць. Гэта вельмі добра клалася ў ягонае разуменне дзяржавы. У нас вельмі мала людзей пры ўладзе, якія маглі б нешта сказаць супраць. Калі яны адважвалася гаварыць не так, як усе, дык вельмі хутка апыналіся за межамі дзяржаўнай сістэмы. Такія людзі былі, але іх вельмі мала. Не буду называць іх, не хачу неяк улазіць сюды, негатыўна ўплываць на лёс людзей.

«НН»: Якая была рэакцыя ўладаў, што вы сышлі ў НАУ? Можа, пагрозы?

ЯБ: Не было пагроз. Наадварот, ад многіх я чую падтрымку, у тым ліку ад высокапастаўленых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, нават дзейных. Шмат хто спрабуе звязацца, знайсці прымяненне сваім ведам, неяк дапамагчы нам. Маналітная ўлада — гэта міф і кепская прапаганда, няма там ніякага маналіту. Канечне, думаю, мяне паспрабуюць дыскрэдытаваць ці маргіналізаваць, ды калі ласка, мы працягнем рабіць сваю працу. Усе нас падтрымліваюць і ў асноўным разумеюць, што і як мы робім. Калі паглядзець матэрыялы, што публікуюцца на «Байпол», то гэта пацвярджае мае словы. Думаю, такіх дакументаў будзе ўсё больш і больш.

«НН»: Вам цяжка давалася рашэнне сысці ў НАУ?

ЯБ: Не, хутчэй цяжка было заставацца без ініцыятывы, разумець, што мой досвед і навыкі застануцца незапатрабаванымі. Я разумею, што на карту пастаўлена ўсё, але па-іншаму я не мог.

«НН»: Калі вы перабраліся ў Варшаву?

ЯБ: Каля двух месяцаў таму.

«НН»: Удзельнічалі летам-восенню ў вулічных акцыях?

ЯБ: Так, канечне. Ад першага ланцуга салідарнасці, калі затрымалі Віктара Бабарыку.

«НН»: Вы кажаце пра міф, што ўлада — маналіт, але вельмі мала топ-чыноўнікаў падтрымалі народ. Чаму?

ЯБ: А чаму вы лічыце, што іх мала? Нас падтрымліваюць многія, многія дзеляцца інфармацыяй, але пакінуць службу на сёння не гатовыя, для многіх гэта адзіная крыніца існавання. Страх. Не кожны гатовы, як я, паставіць усё на карту. Многія чагосьці чакаюць, іншыя чакаюць перамен і ўжо тады далучацца да кагосьці. Час пакажа.

Але многім чыноўнікам і цяпер складана маральна, нават унутры сваіх сем’яў. І мы павінны паказаць, што ні да чаго добрага такая пазіцыя не прывядзе. Найбліжэйшым часам мы многае даведаемся, будуць сур’ёзныя кадравыя перастаноўкі. Да людзей толькі прыходзіць усведамленне, што адбываецца. Многія супрацоўнікі грамадзянскіх міністэрстваў лічылі, што яны не маюць дачынення да таго тэрору ў краіне, але гэта не так! Час усім зрабіць свой свядомы выбар, ці слепа падпарадкоўвацца нелегітымнай уладзе, ці не.

«НН»: Вы сам не сілавік, але доўгі час працавалі ў іх атачэнні. Якія там настроі?

ЯБ: Канечне, у мяне шмат знаёмых сярод сілавікоў. Шмат хто прызнае, што яны знаходзяцца не на тым баку, на якім бы хацелі. Але пытаюцца: «А хто будзе карміць маіх дзяцей?» Для мяне гэта незразумела, бо кожны дзень пры ўладзе Лукашэнкі павялічвае пагрозы для іх сем’яў: рэжым робiць сiтуацыю ў краiне горшай i горшай. Трэба ім болей задумвацца, а нам больш тлумачыць.

Па старой памяці шмат хто лічыць, што быць чыноўнікам прэстыжна, гэта дае льготы і нейкі ўяўны статус, але насамрэч — цяпер гэта ўжо значыць быць ізгоем. Тыя, хто парушае закон, будуць прыраўнаваныя да здраднікаў свайго народа. Самы час расплюшчыць вочы.

Гутарыў Зміцер Панкавец
https://nn.by/?c=ar&i=266602

Последние новости