vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Происшествия

10.08.2019 12:54

108 просмотров

0 комментариев

На палігоне ў Расіі мог падарвацца рухавік на ядзернай цязе, загінула 5 чалавек

Аварыя на ваенным палігоне ў Архангельскай вобласці 8 жніўня, пры якой загінулі супрацоўнікі «Расатама» і Мінабароны, магла адбыцца ў выніку выбуху ракетнага рухавіка з выкарыстаннем ядзернага паліва. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на амерыканскіх экспертаў.

Па словах гэтых экспертаў, аварыя адбылася хутчэй за ўсё пры выпрабаваннях крылатай ракеты з ядзернай устаноўкай, пра якую згадваў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін летась. Расія называе ракету 9М730 «Буревестник», НАТА пазначае яе як SSC-X-9 Skyfall.

Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што ў чацвер адбыўся выбух так званага вадкаснага ракетнага рухавіка. Мінабароны заявіла, што пры аварыі не адбылося выкіду небяспечных рэчываў. «Расатам» паведаміў пра гібель пяці сваіх супрацоўнікаў.

Па словах цытуемага Reuters Анкіта Панды з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, ракетныя рухавікі на вадкім паліве не вылучаюць радыяцыі. Аднак на муніцыпальным сайце горада Северадзвінска, побач з якім знаходзіцца палігон, была апублікавана заява, у якой гаварылася, што апоўдні ў чацвер быў зафіксаваны «кароткачасовы» ўсплёск фонавай радыяцыі. У пятніцу заява знікла з сайта.

Джэфры Льюіс з Інстытута міжнародных даследаванняў Мідлберы заявіў, што хутчэй за ўсё адбыўся няшчасны выпадак падчас выпрабаванняў крылатай ракеты з ядзернай устаноўкай. Заключэнні Льюіса і яго супрацоўнікаў грунтуюцца на вывучэнні спадарожнікавых фатаграфій палігона і ўскосных даных.

Пяць супрацоўнікаў «Расатама» загінулі пры выбуху на ваенным палігоне ў Архангельскай вобласці ў Расіі 8 жніўня, яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, паведамляюць расійскія СМІ.

Паводле інфармацыі крыніц «Ленты.ру», здарэнне можа быць звязана з выпрабаваннямі мабільнай пускавой устаноўкі для гіпергукавай ракеты «Цыркон». «Коммерсантъ», спасылаючыся на аднаго з вайсковых маракоў, пісаў, што выбух мог адбыцца ў выніку разбурэння ракеты і злучэння паліва з акісляльнікам.

Раней мінабароны Расіі паведамляла, што пры выбуху на палігоне пад Северадзвінскам, дзе выпрабоўвалі вадкасны рэактыўны рухавік, загінулі два чалавекі. Прыводзіліся таксама даныя аб шасці пацярпелых.

У мінабароны Расіі раней паведамлялі, што радыяцыйны фон пасля выбуху быў у норме, шкодных выкідаў у атмасферу не зафіксавана.

Тады ж прэс-служба адміністрацыі Северадзвінска паведаміла, што было зафіксавана кароткачасовае павышэнне радыяцыйнага фону.

Пасля гэтага фон зніжаўся, і на 14:00 паказанні датчыкаў не перавышалі 0,11 мікразіверта ў гадзіну пры максімальна дапушчальных 0,6 мікразіверта ў гадзіну, сцвярджалі ў прэс-службе.

Последние новости