vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Спорт

22.06.2019 11:54

320 просмотров

0 комментариев

Як Віктар Лукашэнка адкрываў дом фанатаў зборнай Расіі на Еўрапейскіх гульнях

Падтрымаць расійскіх спартоўцаў падчас Другіх Еўрапейскіх гульняў можна будзе не толькі непасрэдна на трыбунах альбо перад экранамі тэлевізараў, але і ў адмысловым фанацкім «доме», якія пачаў працу на тэрыторыі «Дома Масквы».

На адкрыцці прысутнічаў выканаўца абавязкаў віцэ-прэзідэнта НАК Беларусі Віктар Аляксандравіч Лукашэнка.

Што такое фан-дом? Гэта адмысловая пляцоўка, дзе можна паслухаць музыку, папіць піва з сябрамі. Можна таксама купіць ці атрымаць у падарунак атрыбутыку зборнай Расіі. Паглядзець на артэфакты маскоўскай Алімпіяды і гэтак далей.

У меню тры наборы «Золата», «Срэбра» і «Бронза». Дзіўна, але «залатая» ежа каштуе 14 рублёў, а «бронзавая» ўсе 20. Што ўваходзіць у камплект? Гамбургер, бульба-фры і кока-кола. Нятаннае задавальненне — заўзець за расійскую каманду. У бронзавым камплекце ідзе двайны гамбургер, смажаныя пельмені, піражок з бульбай і піва.

Адкрыццё атрымалася дастаткова прадстаўнічым. З Расіі прыехалі кіраўнік НАК гэтай краіны Станіслаў Пазднякоў, а таксама міністр спорту Павел Калабкоў. Беларускі бок прадстаўлялі Віктар Лукашэнка і міністр спорту Сяргей Кавальчук.

«Не сакрэт, што ў нашых краінах надаюць вялікую ўвагу не толькі спорту, але і фізкультуры, ды і здароваму ладу жыцця ў цэлым. Дзякуючы ўдзелу вялікай колькасці людзей, народных масаў, магчымыя такія маштабныя праекты. Усім нашым спартсменам — чыстай і бескампраміснай барацьбы, яркіх перамог. А аматарам, напэўна, атрымаць сваю долю адрэналіну і перажыванняў. Са святам!» — сказаў Віктар Лукашэнка.

Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі прамаўляў па-расейску, але з шыкоўным беларускім акцэнтам. І з дзеканнем і цеканнем, і з цвёрдым беларускім «ч».

Віктар Лукашэнка пакінуў першы аўтограф на гасцявой сцяне

На пляцоўцы фан-дома на той момант было некалькі дзясяткаў людзей. Многія са сцягам Расіі. Беларускай атрыбутыкі не было зусім, толькі пару хлопцаў хадзілі ў майках з выявай Лесіка, але гэта ж не лічыцца. Усім ахвотным давалі бела-сіне-чырвоныя налепкі, якія можа прымацаваць сабе на шчаку ці плячо, многія ўдзячна гэтым карысталіся.

«Для дарагіх нашых расіян — заўсёды наша гасціннасць», — словы міністра спорту Сяргея Кавальчука.

Калі афіцыйныя прамовы скончыліся, то вядучы сказаў: «Раўнуй на сцяг!». Загучаў гімн Расіі. Беларускага не было.

Пасля гэтага Віктар Лукашэнка і Станіслаў Пазднякоў прайшліся па іншых аб’ектах фан-дома. Напрыклад, паглядзелі віртуальныя трэнажоры, накіраваныя на ўмацаванне трываласці, хуткасці і рэакцыі.

Потым сын кіраўніка дзяржавы не абмінуў магчымасці сфоткацца з матрошкай у фотазоне. Не адмаўляў ён і ў сэлфі, праўда, такіх ахвотных было не надта шмат.

У самім «Доме Масквы» ўсіх сустракаў з хлебам-соллю робат у кепцы зборнай Расіі і абаранкамі на шыі. «Што за прыгажуня перад мной», — казаў робат дзяўчатам, якія апыналіся перад ім.

На двубой самбістак ніхто асабліва не звяртаў увагі. Здаецца, упершыню на твары Віктара Лукашэнкі з’явілася зацікаўленасць, калі ён стаў размаўляць з духоўнікам зборнай Расіі протаіерэем Андрэем Аляксеевым. Бацюшка нават прачытаў невялікую малітву, а таксама акрапіў усіх святой вадой.

На фоне ўсяго было шмат рэкламы «Газпрома» і «Нарыльскага нікеля» як спонсараў гульняў і зборнай Расіі.

У выніку яшчэ было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве між беларускім НАК і Расійскім міжнародным алімпійскім універсітэтам. На гэтым афіцыйная частка скончылася, прысутным сталі наліваць шампанскае.

На сцэне фан-дома на 30-градуснай спёцы працягваў выступаць вядучы. Расказваў пра Паназіяцкія гульні. Ніводнага слухача не было, толькі валанцёры гэтага самага фан-дома выдавалі зацікаўленасць і энтузіязм.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна, Наша Ніва

Последние новости