vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Спорт

24.03.2020 16:33

232 просмотра

0 комментариев

Футбол падчас каранавірусу. Як падзеляць грошы ад продажу тэлеправоў на чэмпіянат Беларусі

Футбольны чэмпіянат Беларусі — адзіны ў Эўропе, які не прыпынілі праз эпідэмію каранавірусу. Новы, 30-ы сэзон стартаваў 19 сакавіка, акурат у самы пік захворваньняў у сьвеце.

У цэлым сьвеце футбольныя чэмпіянаты, апроч Беларусі, праходзяць толькі ў Бурундзі, Маўрытаніі, Нікарагуа і Туркмэністане.

Футбольныя мэмы: баяніст на трыбуне, помнік караваю, шчодры рэфэры

Такім чынам, у аматараў футболу ва ўсім сьвеце, як ў і букмэйкерскіх кантораў, засталося няшмат з чаго выбіраць.

Літаральна за некалькі дзён да пачатку першынства Беларусі адразу два спартовыя тэлеканалы — украінскі і расейскі — падпісалі пагадненьні зь Беларускай фэдэрацыяй футболу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь адзіная не скасавала чэмпіянату ў футболе. Правы на яго набыў расейскі тэлеканал

Спачатку пра свой інтарэс заявіла ўкраінская група кампаніяў «Поверхность ТV» (каналы Sport 1, Sport 2, Sport 1 Baltic, Sport 2 Baltic, Quiz TV). Ва Ўкраіне ўсе спартовыя імпрэзы прыпыненыя на няпэўны тэрмін ад 18 сакавіка.

Сьледам далучыўся расейскі тэлеканал «Матч ТВ» (сайты matchtv.ru, sportbox.ru і аплікацыя «МАТЧ!»). У Расеі футбольныя турніры спынілі да 10 красавіка, але няма ніякай гарантыі, што ў гэты дзень іх адновяць.

Агульная аўдыторыя матчаў стартавага туру, які завершыўся 22 сакавіка, вымяраецца мільёнамі праглядаў — такой папулярнасьці беларускі футбол яшчэ ня ведаў. Камэнтатары не саромеліся ў кпінах на адрас антуражу стадыёнаў і публікі, працы арбітраў і ўзроўню саміх футбалістаў.

Сапраўднымі мэмамі сталі калярытны баяніст з групы падтрымкі «Іслачы»; сталінскіх часоў помнік «Каравай правадыру» за агароджай слуцкай арэны; узбэцкі легіянэр «Энэргетыка-БДУ» Яхшыбаеў, які ледзь ня сам-адзін перагуляў БАТЭ; нарэшце, судзьдзя Сяргей Чыстоў, што прызначыў ажно пяць пэнальці ў адным матчы! Але, як альтэрнатывы няма, глядзяць зь цікаўнасьцю і сьмехам, пакідаючы мноства допісаў на форумах.


Как же душевно белорусский футбол льется с экранов http://on.match.tv/0y7V

Угода стагодзьдзя: пробныя трансьляцыі, каб «прамацаць» гледачоў

Сумы ўгодаў бакі трымаюць у сакрэце, спасылаючыся на камэрцыйную таямніцу. У Беларускай фэдэрацыі футболу толькі пацьвярджаюць, што гэта першы выпадак, калі да беларускага чэмпіянату выяўлены інтарэс звонку.

Прадстаўнік арганізацыі Аляксандар Алейнік у размове са Свабодай паведаміў, што ідуць перамовы і зь іншымі патэнцыйнымі пакупнікамі тэлеправоў з-за мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі чэмпіянат чакае Мэсі, а брытанскія букмэкеры прымаюць стаўкі на «Іслач»

Ці могуць беларускія клюбы спадзявацца на дывідэнды ад тэлетрансьляцыяў?

Ілюстрацыйнае фота. рыбуна на матчы першага туру чэмпіянату Беларусі «Энэргетык-БДУ» — БАТЭ у Менску 19 сакавіка 2020

Аляксандар Алейнік запэўнівае, што бліжэйшым часам выканкам фэдэрацыі вырашыць, якім чынам калектывы адчуюць «даходную частку». Як варыянт, можа быць зьніжаны памер заявачнага ўнёску. Або сродкі проста пералічаць на клюбныя рахункі.

Зрэшты, адзін з супрацоўнікаў Дому футболу дапускае, што «пакетных пагадненьняў» на трансьляцыю футбольнага чэмпіянату Беларусі не падпісвалі. Зь яго словаў, нават спробы дамовіцца з тэлеканалам «Беларусь 5» расьцягваюцца на месяцы, а тут было ўсяго некалькі дзён (дарэчы, свае сродкі беларускія тэлевізійнікі ня трацяць, за іх гэта робіць тытульны спонсар — цяпер «Беларусбанк»).

У выпадку з расейцамі і ўкраінцамі, як патлумачыў суразмоўца, ідзецца пра пробныя паказы, не абмежаваныя канкрэтнымі часавымі рамкамі. У сваю чаргу Аляксандар Алейнік прызнаў, што няма дамоўленасьці на трансьляцыю кожнага матчу, кампаніі могуць выбіраць гульні на ўласны густ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што ўсё ня так экстрэмальна». Глеб пра футбол падчас каранавірусу

У штаб-кватэры ўкраінскай кампаніі «Поверхность ТV» ускосна гэта пацьвердзілі, сказаўшы, што для пачатку трэба «прамацаць гледача», каб зразумець, ці будзе толк ад падобнай авантуры. Усё ж узровень украінскага чэмпіянату (як і расейскага) аб’ектыўна больш канкурэнтаздольны. На «Матч ТВ» раней таксама казалі, што галоўная задача — заняць эфір, калі няма ніякіх трансьляцыяў. Іншымі словамі, беларуская карцінка — ад безвыходнасьці.

Для разуменьня фінансавага складніку можна спаслацца на ўжо вядомыя прыклады. Так, той жа «Матч ТВ» пазалетась заключыў пагадненьне з Расейскай прэм’ер-лігай аб трансьляцыі матчаў на бліжэйшыя чатыры сэзоны прыкладна за 25 мільёнаў эўра штогод. Украінскі чэмпіянат у сувязі з ваенным становішчам на ўсходзе праводзіцца ва ўсечаным фармаце, там цана пытаньня істотна меншая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каранавірус: на беларускіх стадыёнах заўзятараў будуць правяраць міліцыянты, а лекары — не

Катэгарычны старшыня: незразумелыя ўкіды, якія ўзьдзейнічаюць псыхалягічна

Да таго ж няма ніякай пэўнасьці, як доўга працягнецца нацыянальнае першынство ў адпаведнасьці з графікам. Па-першае, ня выключана, што UEFA ўмяшаецца і забароніць праводзіць яго далей — на фоне татальнага спыненьня ўва ўсім сьвеце дэмарш Беларусі выглядае занадта сьмелым. Па-другое, у бліжэйшыя дні плянуецца сэлектарная нарада з кіраўніцтвам Міністэрства спорту і турызму.

Як вядома, пандэмія ўжо прывяла да пераносу на наступны год чэмпіянату Эўропы — 2020, таксама перанесеныя матчы ў рамках Лігі нацыяў, дзе за праход у эўрапейскае першынство мусілі пазмагацца і беларусы. Таксама невядомы лёс плэй-оф Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы.

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў ужо выказаўся, чаму чэмпіянат краіны стартаваў насуперак пандэміі каранавірусу. Спаслаўшыся на статыстыку хворых, ён заявіў, што няма ніякіх падставаў разважаць пра неспрыяльную эпідэмічную сытуацыю. Адпаведна — спыняць спаборніцтвы немэтазгодна.

Як і Аляксандар Лукашэнка, спартовы функцыянэр лічыць, што ў сытуацыі з каранавірусам адбываюцца «незразумелыя ўкіды», якія ўзьдзейнічаюць на людзей псыхалягічна. І спаслаўся на інтэрвію Свабодзе вядомага ў мінулым футбаліста Сяргея Алейнікава, які жыве ў Лечэ на поўдні Італіі і расказваў, што нават у межах Апэнінаў сытуацыя выглядае розна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«На поўначы Італіі паніка, а ў нас футбол пры поўных трыбунах». Сяргей Алейнікаў пра каранавірус, сям’ю і радзіму

Праўда, тая гутарка была ў самым пачатку эпідэміі, калі не было яшчэ такой колькасьці ахвяраў.

Базанаў запэўнівае, што фэдэрацыя бярэ на сябе адказнасьць за бясьпечны чэмпіянат і зробіць усё, каб беларускія заўзятары напоўніцу заглыбіліся ў футбольнае сьвята.

Ігар Карней, Радыё Свабода

Последние новости