vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

02.02.2017 09:32

242 просмотра

0 комментариев

Жыхар Віцебска пра атрыманую жыльлёвую субсыдыю: Вы што, зьдзекуецеся, людзі добрыя?

Пасьля выхаду ўказу прэзыдэнта № 322 некаторыя грамадзяне вырашылі скарысталіся з права на атрыманьне субсідыі, дадзенага гэтым указам. Што з гэтага выйшла, распавёў нашаму карэспандэнту жыхар Віцебску Аляксандар.

Указ «Аб выдзяленьні безнаяўных жыльлёвых субсыдыяў» быў прыняты, відаць, у сувязі з намерам ураду найбліжэйшымі гадамі выйсьці на поўнае пакрыцьцё насельніцтвам затрат за паслугі ЖКГ, у выніку чаго пэўныя катэгорыі грамадзян сутыкнуцца зь цяжкасьцямі пры іх аплаце.

Ва ўказе, які набыў моц у кастрычніку 2016 году, гарантуецца дапамога ў аплаце паслуг ЖКГ найбольш уразьлівым катэгорыям грамадзян. Дзяржава абавязваецца падтрымаць сем’і, у якіх аплата жыльлёва-камунальных паслуг перавышае вызначаны адсотак ад сукупнага даходу. У гарадох — гэта выдаткі, якія перавышаюць 20% сярэднямесячнага сукупнага даходу грамадзяніна або сям’і, а на вёсцы — 15%.

А цяпер даём слова спадару Аляксандру:

— Гучыць прыгожа, але ня ўсё гэтак проста. Напачатку неабходна даказаць сваё права на атрыманьне субсыдыі, падаўшы неабходныя дакумэнты. Калі вы сярэднестатыстычны беларус і ваша сям’я складаецца з трох чалавек, то лічыце — вам пашанцавала, і гэтых папер мінімум. Да заявы аб выдзяленьні субсыдыі давядзецца падаць пашпарт, даведку пра даходы кожнага чальца сям’і за апошнія паўгода альбо працоўную кніжку, калі хтосьці не працуе, пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці, пасьведчаньне аб заключэнні шлюбу.

На збор дакумэнтаў і выраб ксэракопіяў спатрэбіцца гадзін 6 вашага каштоўнага часу і ўсяго толькі каля шасьці рублёў новымі — зусім драбяза.

Сабраныя дакумэнты перадаём у разьліковы цэнтар свайго раёну, які і прыме рашэньне пра прыналежнасьць вас да катэгорыі грамадзян, якім дзяржава дапаможа ў аплаце камунальных паслуг.

Мінае месяц, але ў атрыманых на аплату жыроўках ані слова пра субсыдыі, хоць сума аплаты паслуг ЖКГ вырасла яшчэ больш. Тэлефаную ў цэнтар субсыдаваньня насельніцтва, і прыемны жаночы голас адорвае нас доўгачаканай навіной:

— Субсыдыі Вамі атрыманыя. За лістапад яны склалі... 1 (адзін) рубель 34 капейкі, а за сьнежань, у сувязі з узрослымі выдаткамі на ацяпленьне, яны складуць прыкладна... 1 рубель 44 капейкі. Дапамога склала: 1,3 баханкі хлеба «Білеўскі», то бок 50 грамаў хлеба ў дзень на чалавека. Пасьля такой «дапамогі» хочацца задаць ініцыятарам і распрацоўшчыкам указу пытаньне: «Вы што, зьдзекуецеся, людзі добрыя?»

Атрыманая ў студзені жыроўка цалкам пацьвердзіла агучаны па тэлефоне памер субсыдыі...

С. Горкі, vitebskspring.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст