vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

22.10.2017 18:33

33 просмотра

0 комментариев

Жыхары Суража гатовыя «скінуцца» на паліва для «Тытаніка»

Мястэчка Сураж, што ў Віцебскім раёне, падзеленае Дзьвіной практычна напалам. І адзіны від транспарту, які дазваляе месьцічам трапіць з аднаго берагу на другі — гэта паром. Ёсьць яшчэ й катэр, але ён выкарыстоўваецца толькі ўлетку.

Пачакальня на беразе

Паром, як сьведчыць надпіс на «загончыку» для пасажыраў, можа перавезьці за адзін раз 19 чалавек. Увогуле ж ён вытрымлівае 60 тон грузу — а перавозіць цераз рэчку даводзіцца нават нагружаныя драўнінай «лесавозы», не кажучы ўжо пра легкавікі. Хуткую дапамогу або машыны МНС загадана перавозіць зь берагу на бераг без чаргі. А пасажыраў — паводле раскладу: праз кожныя паўгадзіны.

Выратавальны сродак для «Тытаніка»

Але гэта толькі на паперы. Праца «Тытаніка» — так называюць паром местачкоўцы — цяпер залежыць ад таго, ці ёсьць паліва для рухавіка. У гэтай якасьці выкарыстоўваюць трактар «Беларус», і апошнімі днямі ён часьцей «стаіць на прыколе», чымся перавозіць пасажыраў.

Уладкаваньне парому

«Няма паліва» — адзінае тлумачэньне, якое чуюць людзі. Яны сталі закладнікамі гэтай сытуацыі, бо на левым беразе знаходзіцца ўся інфраструктура мястэчка: лясгас, крамы, пошта, аптэка, царква. А на правым — прыватны сэктар, дзе жывуць людзі.

Трактар-рухавік

Мясцовая жыхарка Ала Іванаўна раніцай пераехала паромам на «чужы» бераг, а калі вернецца на «свой» — ня ведае:

Пасажырка парому Ала Іванаўна

«Колькі памятаю сябе, столькі тут праблемы. Нейкі каменны век! Крама — тут, пошта — тут, лекары — тут, а нам, хто на левым беразе жыве, што рабіць? Як дабрацца? Вось у нядзелю абвясьцілі, што ў цэнтры будзе кірмаш. Мы прыйшлі на паром, а трактарыст кажа: «Нават не сядзіце тут. Рэйс будзе толькі а 12-й і а 15-й, бо ў нас няма паліва. У раёне няма грошай, можаце зьвяртацца куды хочаце, хоць да губэрнатара».

Найбуйнейшая крама на левым беразе

Паром знаходзіцца на балянсе ў раённай камунальнай службы. Таму «трактарыст», а па сумяшчальніцтве «паромшчык», адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю. Маўляў, зьвяртайцеся да начальства.

Найбліжэйшае начальства, старшыня Сураскага сельскага выканкаму Аляксандар Вялітчанка, тлумачыць, што перабоі з палівам — гэта сытуацыя надзвычайная. І што «ўжо працуе камісія», каб разабрацца, хто вінаваты.

Месцы для пасажыраў

Пакуль ідуць разьбіральніцтвы, мясцовыя насельнікі вырашаюць праблему саматугам. Ужо былі выпадкі, што пасажыры самі прыносілі паліва для рухавіка — калі была пільная неабходнасьць перабрацца на другі бераг. Паліва, дарэчы, патрэбна няшмат: на дзень хапае 20-25 літраў «саляркі». «А на адзін пераезд — паўшклянкі», — жартуе паромшчык.

Дасьціпны паромшчык-трактарыст

Рэйс з аднаго берага на другі займае ня больш за 5 хвілін. Альтэрнатыва — ехаць у аб’езд па шашы 80 кілямэтраў. Але ня ў кожнага суражаніна ёсьць уласнае аўто і лішнія грошы на паліва ў далёкую дарогу. Таму мясцовыя жыхары ўжо езьдзяць на пароме «ў складчыну» і гатовыя прапанаваць такі варыянт райвыканкаму.

Альтэрнатыўны, летні від транспарту — катэр

Старэйшае пакаленьне прыгадвае, што апошні мост цераз рэчку ўзарвалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Суражане сярэдняга веку гавораць, што за часамі перабудовы надзея на мост падавалася рэальнасьцю, і нібыта ўжо існаваў зацьверджаны праект. Але тут разваліўся СССР разам з цэнтралізаванай эканомікай.

Цяпер усе надзеі мясцовых жыхароў — толькі на паром, і на тое, каб гэты мясцовы від транспарту быў рэгулярным. Вядома, наколькі дазваляюць прыродныя ўмовы, бо паром выкарыстоўваюць толькі ўвесну, улетку і ўвосень. Зімой суражане пераходзяць Дзьвіну па лёдзе. Бо іншага выйсьця няма — пабудаваць мост ім нават ужо не абяцаюць.

https://vitebskspring.org

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст