vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

31.01.2018 09:03

56 просмотров

0 комментариев

У Наваполацку закрылі аварыйны мост. Дзеці не пасьпелі ў школу, дарослыя — на працу

«Калінінскі» мост церазь Дзьвіну — адзіны ў горадзе. Ад 30 студзеня па ім забаронены аўтобусны рух. Па мосьце можна прайсьці пешкі, але канструкцыя прызнана аварыйнай, людзі баяцца па ім хадзіць.

І згадваюць, што яшчэ ў 2013 годзе ў Наваполацку абяцалі збудаваць новы мост, ды так і не збудавалі.

Праехаць можна толькі на легкавіку або маршрутцы

Аварыйным прызналі адзіны мост у горадзе

Мост у Наваполацку ня мае афіцыйнай назвы — гэта адзіны мост церазь Дзьвіну ў горадзе з больш як 100-тысячным насельніцтвам. «Калінінскім» яго называюць мясцовыя жыхары, бо ён вядзе наўпрост да вуліцы Калініна. Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі залічыла яго, разам з шэрагам іншых, да «аварыйных канструкцый». Масты, збудаваныя паводле аднаго праекту, прыцягнулі ўвагу адмыслоўцаў пасьля таго, як аўтамабільны мост у Жыткавіцкім раёне прасеў і на ім зьявілася расколіна.

Увесь мост у шчылінах і расколінах, кепскае дарожнае пакрыцьцё

Днямі расколіну шырынёй 1,7 мм знайшлі і ў наваполацкім мосьце. Аглядаючы яго 16–17 студзеня, адмыслоўцы заўважылі таксама некалькі расколін шырынёй каля 0,3 мм, якія ідуць упоперак ва ўсю шырыню моста. Было вырашана тэрмінова абмежаваць рух: з 23 студзеня па мосьце забаранілі праезд аўтатранспарту вагой звыш 5 тон, а з 30-га — грамадзкаму транспарту.

Аўтобусныя маршруты праз мост злучалі Наваполацак з Полацкам і прыгараднай Баравухай. Цяпер рух арганізаваны наступным чынам: аўтобус спыняецца перад мостам, людзі пераходзяць яго пешкі, а за мостам сядаюць на іншы аўтобус. Калі пасьпеюць на належны рэйс, то дадатковай аплаты не патрабуецца, калі не — плаціць за праезд давядзецца яшчэ раз.

Пачалі працу «дарожнікі»

Праехаць па мосьце можна толькі «маршруткай», інакш — ідзі пехам

Па часе рэйсы збалянсаваныя кепска, людзі скардзяцца.

«Я сёньня на працу дабіралася дзьве гадзіны. Спазьнілася. Аўтобус па раскладзе не пайшоў. Мы тэлефанавалі ў дыспэтчарскую аўтапарку, нам сказалі: „Нічога ня ведаем, аўтобусы павінны ісьці па раскладзе“», — кажа спадарыня на прыпынку.

«Для школьнікаў нібыта прадугледжана мажлівасьць праезду ў маршрутках па даведках — калі школа за мостам. Сёньня сын маёй суседкі ў школу не пайшоў, вярнуўся дахаты: маршруткі не было, а пехатой цераз мост ён ісьці забаяўся. Маці не змагла яго правесьці, яна ў дэкрэце, меншаму дзіцяці 4 месяцы», — кажа іншая спадарыня.

Агароджу таксама даўно не рамантавалі

Людзі абураныя, скаргаў шмат.

«Як цягнуць дзіцячы вазок па гэтых ходніках, скажыце? Ды ўзімку! У завіруху! Нібыта раней нельга было абсьледаваць мост! Ды нам самім цяпер хадзіць па ім страшна», — кажа маладая маці.

«Даўным-даўно нам абяцалі, што пабудуюць новы мост. Яшчэ ў 2013 годзе ён павінен быў стаяць! Нібыта ўжо быў зроблены праект, але зноў кудысьці зьніклі грошы. Цяпер і гэты адзіны мост закрылі для транспарту на цэлыя тры месяцы», — далучаецца да гутаркі спадар сталага веку.

Пехам па мосьце — на тры зімовыя месяцы

Новы мост навапалачанам абяцалі яшчэ ў 2013 годзе. Цяпер ужо і не абяцаюць.

Між тым «Калінінскі» мост яшчэ напрыканцы 1990-х быў прызнаны малапрыдатным для інтэнсіўнага транспартнага руху. Ён быў узьведзены ў далёкім 1962 годзе, і да цяперашняга часу яму ўдалося датрываць хіба што дзякуючы грунтоўнай мадэрнізацыі у 1999 годзе.

Шыльда ў гонар рэстаўрацыі моста

Тады рух па мосьце быў спынены больш як на год. Замянілі асноўныя канструкцыйныя элемэнты, мост стаў больш надзейны. І ўсё ж неабходнасьць узьвесьці яшчэ адзін мост церазь Дзьвіну была відавочная. Мясцовыя ўлады цьвёрда паабяцалі, што ён будзе, нават апісвалі праект: даўжыня 296 мэтраў, шырыня 35 мэтраў, пасярэдзіне трамвайныя рэйкі, паабапал ходнікі шырынёй у 3 мэтры. На будоўлю меркавалі выдзеліць 60–70 мільярдаў тагачасных рублёў.

Але ні новага моста, ні трамвая на ім навапалачане ня ўбачылі, абяцаньні тагачаснага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца так і засталіся абяцаньнямі.

Рыхтуюцца ўсталяваць дадатковую апору

Цяпер гучаць новыя — пра тое, што «Калінінскі» мост уратуе дадатковая апора. Яе плянуюць усталяваць у тым месцы, дзе знайшлі найбольшую расколіну. На гэтым рамонт будзе скончаны. Пра новы мост, неабходны гораду з інтэнсіўным транспартным рухам, ніхто ўжо ня згадвае.


БС, РС

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст