vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

22.03.2020 11:11

124 просмотра

0 комментариев

Каму ў Беларусі цяпер патрэбная дапамога ад ураду

Адказу на гэтае пытаньне прысьвечаны даклад «Прадухіліць ідэальны шторм» эканамістаў дасьледнага цэнтру BEROC Кацярыны Барнуковай і Зьмітра Крука. Зьміцер Крук распавёў у інтэрвію Свабодзе, што чакае беларускую эканоміку, ад каго Беларусь можа спадзявацца дапамогі, колькі краіна мае фінансавых запасаў і каго і як трэба зараз з гэтых запасаў падтрымаць.

Найлепшы варыянт — падзеньне ВУП за год на 2%

— Ці наагул можна зараз нешта прагназаваць адносна беларускай эканомікі? Курс рубля імкліва падае, у студзені экспарт нафтапрадуктаў — адной з галоўных крыніцаў паступленьня замежнай валюты — упаў утрая, ВУП у студзені ўпаў на 1.9%. Ну і плюс каранавірус (ці найперш ён), які накрывае крызісам увесь сьвет. Хоць нешта можна прагназаваць адносна беларускай эканомікі, хаця б як «вілку» паміж самым горшым і ня самым?

Зьміцер Крук

— Прагназаваць цяжка, бо шмат няпэўнасьцяў, некаторыя зь якіх вы пералічылі. Калі б быў толькі шок у пастаўках нафты з Расеі, тады сытуацыя была б больш-менш прагназаванай. Цяпер сышоўся цэлы суплёт фактараў. У нашым дакладзе мы апісваем як аптымістычны сцэнар зьніжэньне ВУП на працягу году на 2%, як яно было ў студзені. Гэты сцэнар заснаваны на выніках працы эканомікі за першы квартал і на дапушчэньні, што ўсясьветная эканоміка стабілізуецца да лета. Але калі сёньня большасьць краінаў сьвету сыходзяць на татальны карантын, зачыняюць вытворчасьць, практыкуюць «сацыяльнае дыстанцыяваньне» — гэта шок куды больш маштабны, чым было з нафтай.

Гэтыя карантыны па ўсім сьвеце азначаюць, што попыт на беларускія тавары і паслугі амаль зьнікне. І стабілізаваць гэты попыт будзе складана. На харчаваньне попыт захаваецца, але попыт на нашыя інвэстыцыйныя тавары, на тэхніку, зьнізіцца ў разы. У любым выпадку сёлета нашая эканоміка будзе скарачацца. Пытаньне толькі ў тым, наколькі. Наш найгоршы прагноз прадказвае падзеньне ВУП на 10%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта як ваеннае становішча». Хто ў Беларусі найбольш пацярпеў ад закрыцьця мяжы Эўразьвязу

Крызіс і каранавірус

— Беларусь абрала адзін з самых мяккіх сцэнароў супрацьдзеяньня пандэміі каранавірусу. Многія крытыкуюць такі падыход, патрабуючы карантыну. Але пандэмія ставіць перад жорсткай дылемай: ня ўводзіць карантын — людзі будуць паміраць ад вірусу, уводзіць карантын, амаль спыніць эканоміку — людзі могуць памерці проста ад голаду. Які тут мусіць быць балянс?

— Гэта найперш пытаньне да мэдыкаў — наколькі вялікая пагроза пандэміі. Пры гэтым адказ у розных краінах можа быць розным. У заможных Нямеччыне ці ЗША ёсьць вялікія запасы, у іх людзі ад голаду паміраць дакладна ня будуць, нават самыя бедныя людзі там не памруць ад голаду. Але, скажам, для краінаў Афрыкі тая дылема, якую вы сфармулявалі, можа быць актуальнай. На мой погляд, пытаньне жыцьця людзей павіннае быць прыярытэтным. Але для ня вельмі заможных краінаў эканамічны выклік будзе жорсткім.

— А для Беларусі ёсьць разьлікі: калі мы ўводзім абмежавальныя меры такога кшталту, эканамічныя страты будуць такімі, груба кажучы, ежы будзе вось столькі, а калі мы ўводзім абмежавальныя меры, скажам, больш жорсткія — эканамічныя наступствы будуць гэткімі і ежы адпаведна вось столькі? Ці ёсьць такія мадэлі, разьлікі?

— Вельмі сумняваюся. Я нават ня ведаю, ці можна гэта змадэляваць. Лёгіка макраэканамічных мадэляў крыху іншая.

Колькі грошай ёсьць у кішэні ўраду?

— У вашым з Кацярынай Барнуковай дакладзе вы апісалі, у якой дапамозе мае патрэбу беларуская эканоміка, у прыватнасьці, тыя галіны, якія, нягледзячы на адсутнасьць карантыну, ужо панесьлі велізарныя страты ад пандэміі — авіяцыйная, турыстычная, грамадзкае харчаваньне. Але давайце пачнём ад рэсурсаў, ад таго, якія ёсьць запасы, колькі ёсьць у «закромах Родины», як казалі ў савецкія часы?

— На рахунках міністэрства фінансаў назапашана 4 мільярды даляраў, якія ўваходзяць у склад золатавалютных рэзэрваў. Але мінфін ня вольны ў разьмеркаваньні гэтых сродкаў, яны патрэбныя для падтрыманьня агульнай фінансавай стабільнасьці. І гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца для абслугоўваньня зьнешняй запазычанасьці. Ёсьць яшчэ адна падушка бясьпекі — гэта рублёвыя рахункі мінфіну. У выкарыстаньні гэтых сродкаў міністэрства больш вольнае, там на пачатак году было каля 8 мільярдаў рублёў.

Ну і асноўная крыніца сродкаў — гэта бюджэт. Ён зацьверджаны, але ў яго межах можа адбывацца пераразьмеркаваньне. Але і тут будуць праблемы з даходнай часткай бюджэту, ня ўсе паступленьні, якія былі заплянаваныя, будуць фактычна атрыманыя. Іншымі словамі, фактычная сытуацыя будзе горшай, чым гэта было прадугледжана ў бюджэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм'еры Беларусі і Расеі дамовіліся пра поўнае аднаўленьне паставак расейскай нафты

Але, як мы адзначаем у дакладзе, можна скарачаць выдаткі, гэта таксама патэнцыйная крыніца фінансаваньня антыкрызісных мераў. Мы прапануем скараціць праграмы, якія зьвязаныя з набыцьцём тэхнікі і іншых капітальных тавараў. Гэта можна перанесьці на пазьнейшы час, а шмат у якіх выпадках ад гэтага можна проста адмовіцца. Нашыя прапановы прадугледжваюць выплату базавага даходу тым, хто ня мае ніякіх даходаў. Фактычна ёсьць дзьве крыніцы сродкаў — гэта назапашаныя за мінулыя гады і пераразьмеркаваньне даходаў бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі 14% людзей старэйшыя за 65 гадоў. Як дапамагчы пажылым падчас пандэміі

Ці дапаможа Беларусі МВФ?

— Я зьвярнуў увагу на тое, што вы не прыгадалі крыніцы зьнешняга фінансаваньня. Той жа МВФ апошні раз выдзяляў Беларусі грошы ў 2009 годзе. Але можа цяпер можна разьлічваць на грошы Фонду? А можа менавіта зараз і ня варта — цяпер ва ўсіх крызіс і Фонду не да Беларусі?

— На зьнешнія крыніцы мы таксама павінныя глядзець. Мижнародны валютны фонд — гэта першае, што прыходзіць на розум. Мы пішам, што трэба зьвяртацца ў МВФ. Усе мінулыя перамовы з МВФ вяліся ў межах мэханізму структурных зьменаў і рэформаў. Патрабаваньні, якія прад’яўляў Фонд у межах гэтага мэханізму, беларускія ўлады лічылі непрымальнымі. Але ёсьць іншыя мэханізмы, іншыя каналы. У прыватнасьці, мэханізм дапамогі ў непрадбачаных сытуацыях. МВФ разам з Усясьветным банкам днямі заявілі, што як раз будуць прапаноўваць дапамогу ў межах гэтага мэханізму. І Беларусь можа на гэта разьлічваць. Дапамога па гэтай лініі не запатрабуе правядзеньня тэрміновых рэформаў, іх можна адкласьці.

Грошы — людзям, падатковыя вакацыі — прадпрыемствам

— А зараз — да разьмеркаваньня дапамогі, якую вы прапаноўваеце аказаць эканоміцы і людзям. Каму дапамагаць, паводле якога прынцыпу, у якой прапорцыі?

— Я раскажу пра прынцып. Наш падыход — трэба дапамагаць непасрэдна людзям, хатнім гаспадаркам. Сёньня большасьць краінаў робяць маштабныя ўліваньні праз свае цэнтральныя банкі і праз бюджэты. І там гэта найперш падтрымка бізнэсу. Калі цяперашняя сытуацыя працягнецца нядоўга, гэта даволі рацыянальны шлях. Галоўным нэгатыўным наступствам гэтых мераў будзе падвышэньне інфляцыі. Але для разьвітых краінаў гэта будзе невялікая праблема. Пасьля крызісу 2008-2009 году там была вельмі нізкая інфляцыя.

У нашай сытуацыі мы ня можам дазволіць сабе разганяць інфляцыю. У нас ёсьць вялікі доўг у замежнай валюце. І таму калі мы будзем масава падтрымліваць бізнэс і людзей «жывымі» грашыма, гэта павялічыць інфляцыю і прывядзе да паніжэньня курсу. А гэта рэзка ўскладніць выплату зьнешняга доўгу. І праз пару гадоў гэта можа прывесьці да сувэрэннага дэфолту. Таму мы прапануем, што «жывыя» грошы могуць ісьці толькі наўпрост людзям, хатнім гаспадаркам. А прадпрыемствы, бізнэс мы прапануем падтрымліваць ускосна — гэта могуць быць падатковыя вакацыі, крэдытныя вакацыі, іншыя формы, якія выключаюць наўпроставую раздачу грошай. Нашыя прапановы — мінімізаваць наступствы бягучай крызіснай сытуацыі і не ступіць на сьцежку, якая вядзе да дэфолту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэм'еры Беларусі і Расеі дамовіліся пра поўнае аднаўленьне паставак расейскай нафты

— А што тычыцца самых пацярпелых галінаў — авіяцыя, турыстычны бізнэс, грамадзкае харчаваньне — мяркуецца дапамагаць семʼям супрацоўнікаў гэтых галінаў, ці ўсё ж самім галінам?

— Адносна гэтых галінаў той жа падыход — дапамога павінная быць, але ўскосная, ня выдачай грошай. Пакуль так. Але калі гэтыя галіны будуць істотна скарачаць пэрсанал, супрацоўнікаў, давядзецца ім дапамагаць і «жывымі» грашыма.

Нашая праблема яшчэ і ў тым, што калі мы возьмем за прыярытэт уратаваньне прадпрыемстваў, дык у нас зь іх ладная частка стратныя. У іх шмат гадоў запампоўваліся грошы. Працягваць гэта рабіць за кошт рэсурсаў, якія рэзка скарачаюцца, гэта неразумна, мякка кажучы.

А калі стане яшчэ горш?

— Як вы прапаноўваеце разьмеркаваць грошы на дапамогу цяпер і ў будучыні? Людзі ў крызісе, людзі ў роспачы ад пандэміі, некаторыя ўжо страцілі працу. Ім трэба дапамагаць. Але калі ў будучыні будзе яшчэ горш?

— Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад таго, наколькі доўгім будзе крызіс. Таму мы і не гаворым пра канкрэтныя лічбы, напрыклад, базавага даходу для тых, хто ня мае даходу. Пакуль у нас масавага беспрацоўя няма і, думаю, у найбліжэйшы месяц і ня будзе, таму тыя меры, якія мы прапануем, трэба ўжываць пакрысе. Можа да масавага беспрацоўя справа і ня дойдзе. Але сыстэма павінная быць падрыхтаваная да горшага.

Последние новости