vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

28.03.2020 08:38

133 просмотра

0 комментариев

«Сітуацыя катастрафічная», «выручкі няма»: беларускі бізнэс расказвае, што змянілася з прыходам каранавіруса

У грамадстве ўжо асцярожна гавораць пра тое, што ўплыў каранавіруса і закрытых межаў становіцца цалкам прыкметным — прыбыткі бізнэсу пачалі падаць, кліенцкая база скарачаецца.

Вакол гэтага разгараюцца і спрэчкі наконт палітыкі ўладаў не ўводзіць каранцін — слушна гэта ці не?

«Наша Ніва» спыталася, як ідуць справы ў невялікіх беларускіх бізнэсаў, і як іх уласнікі ставяцца да магчымага ці немагчымага каранціну.

Іван Мураўёў, уласнік мінскай «Кальяннай № 1».

Іван Мураўёў у сваёй кальяннай

Як мы маемся? Я магу сустрэчным пытаннем адказаць — вам журналіст не патрэбны ў газету? Калі сцісла, то людзей няма, кальяны не прадаём, выручкі няма.

Вядома, санстанцыя забараніла нам прадаваць кальяны, а гэта — асноўнае. Так, ёсць алкаголь у бары, ёсць паесці, але гэта спадарожныя паслугі, калі не прадаём галоўны прадукт, то людзі абіраюць нешта іншае, гэта лагічна.

Пакуль у мяне ёсць дадатковая крыніца прыбытку, я яшчэ і як аператар нешта зарабляю — аддаю гэтыя грошы як заробкі сваім людзям. Да таго ж, у мяне добры арэндадаўца — ён знізіў арэнду, а як жывуць мае калегі-канкурэнты я не ведаю, бо не ва ўсіх так. На Зыбіцкай, напрыклад, ніхто не хоча зніжаць арэнду, а яна там пачынаецца ад 30 еўра за метр.

Ну і людзі цяпер не ідуць: памятаю, пасля першага выпадку каранавіруса неяк усё засталося незаўважным, прайшлі выходныя — палову адрэзала, яшчэ выхадныя — працэнтаў 10% ад наведнікаў засталося. А цяпер добра, калі пару чалавек за дзень зойдзе.

І калі разважаць пра каранцін, то ён можа быць у такім выглядзе, што дзяржава, калі яна вырашыць яго ўводзіць, бярэ на сябе адказнасць і кажа, што яна дапаможа ў выглядзе канікул па арэндзе, нейкіх выплат работнікам, то пра гэта можна разважаць. Калі не... то вірус-вірусам, а есці хочацца.

Бо што мне рабіць тады? Работнікі — гэта маладыя рабяты, яны здымаюць тут кватэры, калі я не змагу плаціць, то дзе яны будуць жыць і што есці? Працаваць дыстанцыйна афіцыянт не можа.

Аляксандр Сталярскі, гаспадар аграсядзібы «Коні-Поні», Валожынскі раён.

Аграсядзібы — гэта бізнэс вельмі ўмоўны. Хутчэй дадатковая крыніца даходаў для людзей, якія жывуць у сельскай мясцовасці.

Раней так — хтосьці больш меў, хтосьці менш, але ва ўсіх нешта было, цяпер жа сітуацыя катастрафічная: званкоў вельмі мала, замоваў вельмі мала, ад замоваў на красавік людзі паадмаўляліся.

Інтэр’ер агра-сядзібы «Коні-Поні», фота з сацыяльных сетак

Мы ўвогуле ўчора вырашылі, што правільна ў такіх умовах будзе сысці цалкам на каранцін, пачнём працаваць не раней за май.

Калі шукаць у гэтым пазітыў, то хай гэта будзе добра таму, што ёсць час падрыхтавацца да сезону, рамонты нейкія зрабіць, пакуль нікога ў хаце няма. З іншага боку — невядома, а ці спатрэбіцца гэтая падрыхтоўка.

Я дык ужо пенсіянер, у мяне ёсць крыніцы прыбытку іншыя, а наёмных работнікаў як такіх і няма ў мяне — то дачка, то зяць дапаможа.

А ў нашым Валожынскім кластары, як я кажу, з размоў... «замежны турыст» — такога паняцця зусім няма ўжо, усё.

На найбліжэйшы час замоваў няма ні ў каго.

Ігар Кольчанка, кіраўнік PR-студыі Sette

Ігар Кольчанка

У нас ёсць дзве часткі работы, першая — анлайнавыя актыўнасці, усё што мы робім з медыя, блогерамі, у шырокім сэнсе.

Другая частка работы — івэнты і мерапрыемствы.

Зразумела, што праз каранавірус другая гэтая частка адвалілася цалкам.

Усе запланаваныя ў афлайне мерапрыемствы былі адмененыя, нават мінімальны афлайн пераводзіцца ў анлайн.

Мы ж працуем праектна, значыць, пад кожны праект збіраецца каманда. І калі івэнты адваліліся, адпаведна, каманда пад гэтыя івэнты не запатрабавана.

Скажу так, у нас месяц таму, напрыклад, было восем праектаў, з якіх тры ўжо адвалілася, з нейкімі летнімі праектамі пакуль што нічога не зразумела. Нейкія кліенты з ліку сярэдняга бізнэсу ўжо сышлі, як найбольш уразлівыя.

Мы паступілі так — з часткай супрацоўнікаў, якія праходзілі стажыроўкі і выпрабавальныя тэрміны, не працягнулі кантакты, гэта ўжо адбылося.

Не тое каб я супер-дасведчаны бізнэсмен, які перажыў дзесяць крызісаў і разумее, як трэба дзейнічаць цяпер, але я прадбачу, што тыя праблемы, якія цяпер ёсць, яны нясуць наступствы для нашай эканомікі і нашай сферы канкрэтна, сёння я паставіў мэты скараціць выдаткі кампаніі, каб утрымацца на плаву.

Сёння ўвесь сярэдні і дробны бізнэс, у якога няма падушкі бяспекі, так робіць. Напэўна, спрабуюць знайсці арэнду танней, надзяліць для аптымізацыі работнікаў дадатковымі функцыямі, падрыхтавацца да таго, што гэтая рэцэсія можа быць больш працяглай, чым два-тры месяцы, «да цяпла». Мы гэтак жа рыхтуемся.

Прагназуем, што трэба будзе працаваць у нейкім ваенным рэжыме, але не губляем аптымізму, будзем працаваць у новых умовах.

Іван Шыла, саўладальнік клінінгавай фірмы «Чысты Кіт»

Іван Шыла

Замоў стала менш працэнтаў на 30%, з улікам курса — у два разы. І не толькі таму, што ў далярах мы сталі зарабляць менш, але і таму, што падаражэла рэклама ў Гугле, а таксама расходнікі: мыйныя сродкі, пальчаткі і гэтак далей.

Пакуль што проста стала менш грошай, але пытанне, што будзе далей. Напэўна, стане горш, у гэтым сэнсе ў найбліжэйшы час зарабляць у Мінску будзе складана.

Ёсць клінігавыя кампаніі, якія вынайшлі «антывірусную прыборку» і спрабуюць яе прадаць, але нам такая стратэгія падалася не вельмі чэснай.

Але адаптаваліся ў тым плане, што робім антыбактэрыяльную апрацоўку, работнікі носяць белыя касцюмы і маскі, ахоўныя акуляры, як на фота з Кітая, карацей.

Як гэта будзе далей, я пакуль што не магу сказаць, пытанне аб закрыцці не стаіць, але і росту мы больш не чакаем, упершыню за 3 гады колькасць замоў стала скарачацца.

За гэты месяц мы спрабуем адаптавацца і падрыхтавацца да спынення дзейнасці ўвогуле, каб, калі ўвядуць каранцін, гэта не стала нечаканасцю. Вось мы адкрыліся і ў Кіеве, і там з увядзеннем каранціну колькасць замоў моцна ўпала.

Арцём Гарбацэвіч

https://nn.by/?c=ar&i=248841

Последние новости