vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

05.05.2020 09:27

134 просмотра

0 комментариев

Беларусь у зоне — глебы рызыкоўнага земляробства

Надвор’е рэдка які год не ўмешваецца ў планы чыноўнікаў аграрнай галіны. Але рызыкі праз яго капрызы-сюрпрызы — гэта толькі 15–20% ад чыннікаў, што ўплываюць на тое, якім будзе ўраджай.

Астатнія: якаснае насенне добрых гатункаў, належныя агратэхнічныя мерапрыемствы і ўрадлівая глеба — усё гэта ў руках чалавека ў прамым і пераносным сэнсах.

Адмыслоўцы-глебазнаўцы ацанілі ўсе землі ў нашай краіне па стопунктавай шкале. Ёсць у Жыткавіцкім і Столінскім раёнах дзірванова-карбанатная глеба, ацэненая на максімальныя 100 пунктаў, але гэта вельмі малыя суперурадлівыя лапікі зямлі. Сярэдні ж кадастравы пункт нашых ворыўных угоддзяў — мізэрны, усяго 32. Пры гэтым у нас больш за 400 разнавіднасцяў глебы. То-бок, над падвышэннем урадлівасці ворыўных земляў трэба працаваць бесперапынна, прычым улічваць асаблівасці пэўнай мясцовасці не толькі па клімаце, але і па складзе ды стане глебы. А гэта значныя фінансавыя ўкладанні на распрацоўку ўгнаенняў, іх вытворчасць і адпаведныя аграпрацы па іх выкарыстанні. Зразумела, чым менш урадлівая зямля, тым больш павінна быць датацыйная падтрымка з боку дзяржавы. Несправядліва роўна дзяліць паміж гаспадаркамі, урадлівасць глебы ў якіх можа адрознівацца ў паўтара-два разы. Без датацыяў вырошчванне збожжавых у Беларусі немагчымае. Іншая справа, што атрымліваць іх павінны на роўных умовах як «калгасы», якія ў прыярытэце аграрнай палітыкі цяперашніх уладаў, так і фермерскія гаспадаркі.

Адстаём ад Літвы, апярэджваем Расію

З аднаго боку, аграрыі падсілкоўваюць сельгасугоддзі, а з другога — землі дэградуюць праз розныя негатыўныя прыродныя з’явы. Сотні тысяч гектараў ужо дэградаваныя праз водную і ветравую эрозіі. Траціна ад усіх сельскагаспадарчых земляў краіны — пад такой пагрозай. Гаворка пра пылавыя буры і залевы, якіх апошнімі гадамі стала значна болей. Гумус, азот ды іншыя карысныя рэчывы папросту змываюцца і выдзьмуваюцца з земляў, на якіх маглі б каласіцца жыта ці пшаніца.

У сваю чаргу, эколагі наракаюць, што дэградацыю земляў (у тым ліку глебы) правакуюць і ўгнаенні, з дапамогай якіх дасягаецца падвышэнне ўрадлівасці. Выйсце — у пашырэнні арганічнага земляробства, але ясна, што нарматывы харчовай бяспекі праз працаёмістую экалагічную сельскагаспадарчую дзейнасць не выканаць.

Ураджайнасць збожжавых і збожжабабовых у Беларусі за гады незалежнасці істотна вырасла. І ўлады казыраюць гэтым паказнікам у якасці пацвярджэння слушнасці сваёй аграпалітыкі. Але да сярэдзіны 1990-х гадоў ураджайнасць збожжа ў Беларусі стабільна была вышэйшай, чым у Літве. Аднак затым сітуацыя змянілася на карысць суседзяў за выключэннем некалькіх гадоў — 2006-га, 2008-га і 2011-га. Тая самая тэндэнцыя, калі параўноўваць з палякамі. З украінцамі па ўраджайнасці збожжавых мы канкуравалі да 2012 года, а пасля — штогод саступаем. Дарэчы, летась Лукашэнка, будучы ў Жытоміры, нават публічна выказаў здзіўленне, што Украіна, ваюючы, намалаціла рэкордныя 75 мільёнаў тон збожжа. Можна канкурэнцыйна цешыцца толькі тым, што за часы незалежнасці мы ў аніводны год не мелі ўраджайнасці з нашых палёў меншай, чым у Расіі, якая з’яўляецца адным з сусветных лідараў па аб’ёмах вырошчвання і экспарце збожжа, у прыватнасці — пшаніцы. У топе экспарцёраў таксама ЕС, ЗША, Канада, Украіна, Казахстан, Аўстралія, Аргенціна.

Дарэчы, на сусветным рынку збожжа кошты гэтай вясной пайшлі ўгару — спрычыніўся каронавірус. Экспартныя кошты выраслі праз перасцярогі, што, імаверна, парушацца лагістычныя ланцужкі з прычыны каранцінных захадаў амаль што ўсіх краінаў свету. Апрача таго, спажывецкі ажыятаж узняў попыт на печыва ды, адпаведна, муку.

Што да дынамікі нашай унутрыкраінавай ураджайнасці, то ў 2004 годзе пасля заняпаднага перыяду быў дасягнуты ўзровень пачатку 1990-х, які апошнімі гадамі стабільна пераўзыходзіцца прыкладна ў паўтара разы. Летась ураджайнасць збожжавых і збожжабабовых склала 30,4 цэнтнера з гектара. Лепшымі ж былі паказчыкі ў 2014 і 2015 гадах — 36,7 ц/га і 36,5 ц/га. Сярод рэгіёнаў першынствуе Гродзеншчына: у згаданыя гады ўраджайнасць тут склала 45,9 ц/га і 47,5 ц/га. У сваю чаргу, некаторыя раёны Гродзенскай вобласці мелі ўраджайнасць больш за 60 ц/га — Гродзенскі і Карэліцкі. Для параўнання, у Свіслацкім раёне ўраджайнасць удвая меншая. Хаця тамтэйшая гаспадарка СВК «Свіслач» — сярод лічаных у Беларусі, якім удавалася часам дасягаць ураджайнасці збожжавах звыш за 100 ц/га. На Міншчыне самы паспяховы Нясвіжскі раён — ураджайнасць у добрыя гады сягае пад 70 ц/га. Перадавым раёнам на Віцебшчыне — Дубровенскаму і Верхнядзвінскаму — удавалася дэманстраваць ураджайнасць за 40 ц/га. На Брэстчыне Баранавіцкаму і Ляхавіцкаму — за 50 ц/га, як і Шклоўскаму на Магілёўшчыне. На Гомельшчыне самы ўрадлівы — Мазырскі раён.

Стаўка на трыцікале

Па вале больш за ўсё ў Беларусі збіраецца пшаніцы, трыцікале і ячменю — затым жыта, аўсу і кукурузы на зерне. Па ўраджайнасці ў цэнтнерах на гектар на першым месцы, як няцяжка здагадацца, кукуруза, затым ідуць пшаніца і трыцікале, зусім блізка — ячмень, а далей — жыта і авёс. Напэўна, многія з вас ці не чулі, ці чулі, але не ведаюць, што такое трыцікале. А гэта папулярная апошнім часам збожжавая культура, якая з’яўляецца гібрыдам пшаніцы і жыта. І, як і яны, бывае азімай і яравой. Трыцікале валодае падвышанай устойлівасцю да халадоў і раслінавых захворванняў.

Адмыслоўцы цяпер распрацоўваюць новыя гатункі трыцікале, якія можна будзе выкарыстоўваць у хлебапякарстве. То-бок, менавіта за кошт падвышэння якасці і прадуктыўнасці трыцікале мяркуецца павялічыць вытворчасць харчовага збожжа. Яшчэ адна задача селекцыянераў — стварыць такія цвёрдазерневыя гатункі нашай мяккай пшаніцы, з якіх можна было б здабываць муку для высокаякасных макаронных вырабаў. Часткова наўзамен цвёрдым гатункам пшаніцы, якія пакуль даводзіцца закупляць, бо ў Беларусі для іх вырошчвання не пасуе надвор’е. А наогул гатункамі беларускай селекцыі ў нас цяпер засейваецца 75–80% палёў.

Для забеспячэння ўласных харчовых патрэбаў Беларусі неабходна да 1,5 мільёна тон збожжа, якое пойдзе на хлебабулачныя вырабы і спірт. Плюс — ячмень для півавараў. Астатні ўраджай з запланаваных сёлета прыкладна 8 мільёнаў тонаў пойдзе ў экспартаарыентаваную жывёлагадоўлю. У неўраджайныя гады, як два апошнія, збожжа даводзіцца імпартаваць з Расіі і Украіны. Напрыклад, у мінулым годзе яго было імпартавана на 220 мільёнаў долараў.

Стратэгічная дзяржзамова па збожжы складае каля 800 тысяч тон. Дзяржзамова-2020 — гэта больш як напалову пшаніца (464,5 тысячы тон), жыта (240,5 тысячы тон), авёс (44,5 тысяч тон), ячмень (30 тысяч тон), грэчка (15 тысяч тонаў), проса (2,3 тысячы тон).

Дзеля дзяржзамовы Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання ўстаноўленыя спецыяльныя закупачныя кошты. Паводле іх можа ацаніць каштоўнасць кожнага са злакаў. Півавараны ячмень будзе закупляцца па 317,46 рубля за тону, ячмень для харчовых мэтаў — па 241,31 рубля, а фуражны (кармавы) — па 193,24 рубля. Кошт харчовага жыта (для перапрацоўкі на муку) — 246,12 рубля за тону, а фуражнага — 197,49 рубля. Харчовая пшаніца будзе закупляцца дзеля дзяржзамовы па цане ад 315,93 да 394,5 рубля за тону. Розніца залежыць ад класу пшаніцы, які вызначаецца масавай доляй клейкавіны (бялковага рэчыва, што знаходзіцца ў зерні злакаў). Харчовы авёс, у залежнасці ад класу, каштуе ад 180,83 да 239,7 рубля, а фуражны — 144,89 рубля. Грэчку, зноў-такі ў залежнасці ад яе класу, закупяць па цане ад 468,9 да 566,59 рубля за тону, проса — ад 179,73 да 245,32 рубля.

Дарэчы, сёлета вырашана пашырыць плошчы грэчкі, каб закрываць больш за палову патрэбаў краіны ў гэтых крупах. Увага да грэчкі з’явілася таму, што ў 2019 годзе яна ўвайшла (разам з яблыкамі і часныком) у топ–3 прадуктаў, якія найбольш падаражэлі (грэчка — на 36%). У выніку давялося нават уводзіць часовае дзяржаўнае рэгуляванне коштаў на яе. Прычына — малы леташні ўраджай грэчкі ў Беларусі і ў Расіі. Між тым, паводле Мінсельгасхарчу, запасаў грэчкі на камбінатах хлебапрадуктаў да новага ўраджаю хопіць. Апрача таго, дастаткова збожжа маецца ў дзяржрэзерве. Так што — не прападзем.

Последние новости