vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Экономика

13.09.2021 13:09

176 просмотров

0 комментариев

«Беларусбанк» дамагаецца банкруцтва віцебскага прадпрыемства «Сцяг Індустрыялізацыі»

У эканамічным судзе Віцебскай вобласці 10 верасня пачаўся працэс аб прызнанні акцыянернага таварыства «Сцяг Індустрыялізацыі» («Знамя Индустриализации» — рус., «ЗэИ» — па-народнаму) банкрутам.

Пазоўнікам выступіў «Беларусбанк», перад якім у прадпрыемства назапасіліся буйныя запазычанасці па крэдытах. Адна з чыноўніц, якая адстойвае на судзе інтарэсы прадпрыемства, прыгразіла банку масавымі акцыямі пратэсту…

Расплаціцца з даўгамі зможа... праз 75 гадоў

Заява на прызнанне «Сцягу Індустрыялізацыі» банкрутам была пададзеная «Беларусбанкам» у сувязі «з пратэрмінаванай запазычанасцю даўжніка, якая складае каля 3-х мільёнаў рублёў». Як запэўніла на судзе прадстаўніца банку Вольга Навіцкая, банк валодае пацверджанай інфармацыяй «аб неплацежаздольнасці даўжніка, якая мае ўстойлівы характар». Паводле дадзеных банку, фінансавыя паказнікі прадпрыемства істотна пагоршыліся, знізілася ліквіднасць.

«Пры такой тэндэнцыі для пагашэння запазычанасці спатрэбіцца не менш за 75 гадоў», – зрабіла выснову прадстаўніца банку.

Дырэктарка: Гэта прывядзе да сацыяльных наступстваў

«ААТ Сцяг Індустрыялізацыі з'яўляецца адным з найбуйнейшых і найстарэйшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Віцебскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Гісторыя прадпрыемства пачалася больш за 90 гадоў таму...» – паведаміла на судзе дырэктарка прадпрыемства Вікторыя Казунко.

Расказала, што на дадзены момант там працуе 464 чалавекі, з іх 410 жанчыны. Многія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. «Прымяненне банкруцтва прывядзе да шэрагу сацыяльных наступстваў», – заявіла кіраўніца прадпрыемства. Пры гэтым згадзілася, што «таварыства сапраўды знаходзіцца ў вельмі складаным фінансавым становішчы, адчувае недахоп уласных абаротных сродкаў».

«Вось калі 460 чалавек выйдзе на плошчу Перамогі, дык... зачыніце дзверы»

Большую частку працэсу заняў выступ намесніцы дырэктара абʼяднання «Віцебскпрам», у склад якога ўваходзіць «СІ», Зінаіды Каралёвай.

«Мэта Беларусбанку сёння відавочная – гэта ліквідаваць «Сцяг Індустрыялізацыі» і на гэтым спісаць сваю праблемную крэдытную запазычанасць. Нашае меркаванне – дзяржаўнае меркаванне. Працоўны калектыў сёння хоча працаваць надалей. Прадпрыемства працуе цалкам – гудуць усе цэхі», – заявіла Каралёва.

Распавяла, як на сходзе працоўнага калектыву многія швачкі плакалі, даведаўшыся пра магчымае банкруцтва прадпрыемства, і вінаваціла банк у карыслівых мэтах і жаданні перашкодзіць ім нармальна працаваць. «Вы заявілі сваю пазіцыю толькі тады, калі мы сапраўды пачалі гэтае прадпрыемства прыводзіць у прытомнасць. Дык дайце нам магчымасць яго прывесці! Не пераследуйце карыслівых мэтаў і давайце жыць дружна!» – заклікала чыноўніца.

«Вы маглі перамовы з намі і далей весці, а не вось так, што «вы ідзіце лесам, а мы Беларусбанк». І я хачу нагадаць, што «Беларусбанк» – гэта не прыватная кантора, гэта таксама таварыства з доляй дзяржавы», – працягвала. А потым пачала проста пагражаць прадстаўнікам банку масавымі пратэставымі акцыямі ў цэнтры Віцебску. «На нас абавязкі маглі быць ускладзеныя, калі б там было 5 чалавек працоўных. Але вось калі 460 чалавек выйдуць на плошчу Перамогі, вось тады «Беларусбанк» раптам рэзка зачыніць усе дзверы!» – папярэдзіла Каралёва.

«Я не зразумела вашага каментара», – адказала на гэта Вольга Навіцкая.

Будынак нельга прадаць, бо там… бомбасховішча

Між іншым, другі прадстаўнік банку заявіў на судзе, што прадукцыя «СІ» зʼяўляецца неліквіднай і яе ніхто не купляе. «Як паказвае практыка, прадукцыя не прадаецца. За ўвесь гэты час было прададзена маёмасці менш, чым на 1000 рублёў. Я думаю, што з усіх тут прысутных мала на кім апранутая прадукцыя «Сцяга Індустрыялізацыі». Маёмасць мала прадаваная і неліквідная» – заўважыў ён.

Дырэктарка прадпрыемства заявіла, што яны планавалі прадаць будынак у Віцебску і за кошт атрыманых грошай пагасіць запазычанасць. Але прадаць яго немагчыма.

«Таварыствам неаднаразова рабіліся захады для рэалізацыі названага капітальнага будынку ў кошт пагашэння запазычанасці перад банкам. Меліся патэнцыйныя пакупнікі. Аднак правесці адчужэнне не ўяўляецца магчымым, бо ў падвале капітальнага будынку маецца бамбасховішча, якое ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам можа знаходзіцца толькі ва ўласнасці дзяржавы», – заявіла Вікторыя Казунко.

У працэсе таксама бралі ўдзел прадстаўнікі Віцебскага аблвыканкаму і Міністэрства эканомікі РБ. Усе яны прасілі суддзю Вольгу Піскуновіч адмовіць банку ў задавальненні пазову і не банкрутаваць прадпрыемства.

Суд працягнецца 23 верасня.

Уладзімір Бяляўскі, "Віцебская вясна"

Последние новости