Загадчыца Заронаўскага дзіцячага сада Зоя Пека прывыкла ўсё рабіць на выдатна
Яна цвёрда прытрымліваецца ўзятай некалі ўстаноўкі: заўсёды быць наперадзе, рабіць усё на выдатна. На ніжэйшую адзнаку яна не згодна.
У характарыстыцы Зоі Пятроўны ад калег, бацькоў выхаванцаў, сяброў ключавое слова «выдатна». Змалку яна імкнулася быць першай у вучобе, у школе і педагагічным вучылішчы брала сур’ёзныя вышыні ў спорце, з гэтай пазіцыі не звярнула і на полі прафесійнай дзейнасці. Ішла да яе мэтанакіравана, праўда, у дзяцінстве вагалася кім стаць: міліцыянерам ці настаў-нікам. Дваякасць развеялася ўжо ў пачатковых класах Заронаўскай васьмігадовай школы. Першая настаўніца Таліна Міхайлаўна Іжохіна — патрабавальная і пяшчотная — стала для дзяўчынкі ўзорам педагога. Пазней прыкладам служылі Людміла Канстанцінаўна Нікіціна, Ганна Аркадзьеўна Васільева, Таццяна Васільеўна Волкава, Антаніна Аляксандраўна Гушчанка. У апошняй, каб атрымаць пяцёрку па рускай мове і літаратуры, трэба было не толькі ведаць на зубок правілы, беспамылкова пісаць, але і валодаць культурай маўлення, прыгожа дэкламаваць, успамінае былая вучаніца.
Скончыла базавую школу Зоя Прышчэпава з адзнакай. Атрымала мэтавае накіраванне аддзела адукацыі ў Аршанскае педвучылішча. Маці Сабіна Пятроўна падтрымала, бо заўсёды дзяліла з дачкой яе захапленні, асабістым прыкладам вучыла (як, дарэчы, і зараз) настойлівасці, напорыстасці, адказнасці і жыццялюбству.
Хутка праляцелі чатыры гады вучобы, дзе дзяўчына не толькі набывала веды — сур’ёзна займалася спортам, якім яшчэ ў школе захапіў настаўнік фізкультуры Федар Аляксандравіч Барцэвіч. Была ў зборнай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы па баскетболе, мела асабістага трэнера ў кіданні дыска.
Вярнулася з дыпломам у родную школу. Спачатку было нязвыкла ўваходзіць у клас, дзе сядзела за партай, у ролі настаўніцы. Але ў педагагічным калектыве падтрымалі сваю выхаванку і мудрай парадай, і добрым словам, старэйшыя калегі дзяліліся вопытам. Сваіх маленькіх вучняў Зоя Пятроўна імкнулася акружыць увагай і клопатам, бо ведала, што ў асобе настаўніцы яны бачаць другую маму, якая выслухае і супакоіць, зашпіліць гузік і паправіць банцік, рассудзіць у спрэчках і калі трэба — заступіцца. Праводзячы ўрокі на беларускай мове, яна далучала дзятву да нацыянальнай культуры, праз экскурсіі ў мясцовы музей і па наваколлі — да краязнаўства. Вучні пачатковых класаў актыўна ўдзельнічалі ў абрадавых і каляндарных святах, патрыятычных акцыях.
Сама Зоя Пятроўна завочна закончыла ВДУ імя П.М. Машэрава. Неспакойная па натуры, заўсёды прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці населенага пункта і сельсавета. Пры ўсім гэтым узорна вяла дамашнюю гаспадарку: трымала на падвор’і жыўнасць, разам з мужам Васілём і дачкой Юліяй абуладкоўвала прысядзібную тэрыторыю. Выходзіла пераможцай у аглядзе-конкурсе сельскага Савета на лепшае падвор’е.
Пасля закрыцця Заронаўскай пачатковай школы ў 2013 годзе Зоя Пека не прыняла прапанову ўзначаліць дзіцячы садок, лічыла, што яе прызначэнне вучыць дзетак, таму ўладкавалася ў віцебскую СШ № 40. На новым месцы хутка знайшла агульную мову з першакласнікамі, узаемаразуменне — з гарадскімі калегамі. Але штодзённыя паездкі на работу і назад займалі шмат часу. Паразважыўшы, 1 жніўня 2014 года прыняла Заронаўскі дзіцячы садок і ўжо назаўтра сустракала камісію па прыёмцы дашкольнай установы да новага навучальнага года. Хоць толькі прыйшла на пасаду загадчыцы, было няёмка слухаць заўвагі камісіі. «Больш мы не павінны чырванець за недаробкі, якія можам выправіць», — вырашыла для сябе і на гэта нацэліла калектыў на першай рабочай нарадзе.
На здымку: Алена Драйліх з дзецьмі ў іх любімым кафэ
За прайшоўшы час шмат што змянілася ў памяшканні і на прылягаючай тэрыторыі. Абсталявалі спартыўную і гульнявую пляцоўкі. На апошняй узвялі альтанку, «сканструявалі» драўляны цягнік, які прыйшоўся да спадобы малечы, наўкол «пасялілі» казачных герояў. Дарожку да ўваходу вымасцілі пліткай. Побач абсталявалі Домік бяспекі ў межах конкурсу, праводзімага РАНС сярод устаноў дашкольнай адукацыі. На кожным з бакоў будыніны нанесены нумары
У памяшканні аформілі галерэю партрэтаў выхаванцаў дзіцячага садка — малышам радасна, бацькам — прыемна. Незвычайна — літарамі і лічбамі — размалявалі прыступкі лесвіцы, што вядзе на другі паверх.
Наведваюць садок 13 дзяцей, аб’яднаных у адну рознаўзроставую інтэграваную групу. Да іх паслуг музычная і спартыўная залы, цудоўны гульнявы пакой, дзе з любоўю аформлены тэматычныя куточкі: кафэ з барнай стойкай, наборам посуду і страў; крама; бальнічка; бібліятэка. Тут дзеці з задавальненнем бавяць час. У прыродазнаўчым кутку праводзяць доследы, вучацца пазнаваць навакольны свет. Прадугледзелі і ўтульны куток адасаблення, дзе ў цішы пад прыгожым балдахінам можна закалыхаць ляльку ці проста перадыхнуць ад шумных гульняў.
На здымку: домік бяспекі
Выхавацелі Алена Драйліх і Любоў Сухарава далучаюць бацькоў да ўдзелу ў розных мерапрыемствах. Так, сумесна зрабілі макет Заронава ў межах раённага праекта «Мая маленькая радзіма». У мінулым годзе аформілі музейны пакой, які ўдастоены
Укараняюцца новыя формы работы з дзецьмі. Так, з мэтай развіцця памяці, маўлення, каардынацыі рухаў малышоў з кастрычніка пачне працаваць тэатральны лялечны гурток. Сама загадчыца, застаўшыся вернай настаўніцкаму прызванню, будзе весці заняткі ў гуртку паглыбленай падрыхтоўкі да школы.
У калектыву дзіцячага садка шмат цікавых задумак, якія павінны спраўдзіцца, бо ў кіраўніка ёсць аднадумцы з ліку супрацоўнікаў і бацькоў.
Ніна Сталярэнка, фота аўтара. «Жыццё Прыдзвіньня»