У Віцебскім універсітэце далі кіруючую пасаду абаронцы рускага света, якую з ганьбай звольнілі ў Кіеве

0

Ва ўніверсітэце спн. Зайцава вельмі актыўнічае — так, яна ўжо адзначылася правядзеннем семінара, прысвечанага Дню роднай мовы. Праўда, роднай мовай чамусьці значыцца руская.

Хто ж такая Ірына Зайцава?

Ірына Зайцава. Фота 0642.ua

Нарадзілася яна ў Саамскім раёне Мурманскай вобласці Расіі, разам з бацькамі неўзабаве пераехала ў Луганск, а кандыдацкую і доктарскую дысертацыі абараняла ў Маскве.

Сваю грамадзянскую актыўнасць пачала праяўляць яшчэ ў 1990-х — яна была функцыянерам «Луганскага абласнога Расійскага цэнтра», узначальвала Украінска-расійскі саюз, супрацоўнічала з «Рускім блокам» і «Рускім рухам».

Такую прабіўную асобу заўважылі ў Партыі рэгіёнаў, ад якой яна патрапіла ў абласную раду, дзе дамагалася выступаў дэпутатаў выключна па-руску.

У сваёй навуковай дзейнасці Зайцава адзначылася тым, што будучы загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Луганскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў перавяла выкладанне дысцыплін «Гісторыя Украіны» і «Гісторыя ўкраінскай культуры» з украінскай на рускую мову, на чым не спынілася і прапанавала філолагам выкладаць украінскую мову па-руску (!), пакінуўшы па-украінску толькі прыклады.

Найвышэйшая пасада Зайцавай — намесніца міністра адукацыі Украіны пры міністры-карупцыянеры Табачніку.

Як паведамілі нам людзі з украінскай акадэмічнай супольнасці, на гэтай пасадзе Зайцава ў асноўным займалася сабатажам украінскай адукацыі — ёй належыць фраза, што грошы, выдаткаваныя на ўкраінскі дубляж фільмаў, можна ашчадзіць і скіраваць на развіццё рускай мовы.

З яшчэ аднаго месца работы, Украінскага цэнтра кантроля якасці, адукацыі, Зайцаву звольнілі за грубае парушэнне працоўных абавязкаў.

Не раз яна называла сябе абаронцай рускага свету і рускай мовы, што фактычна выказвалася ў дыскрымінацыі ўсяго нацыянальнага — у сучаснай тэрміналогіі, Зайцава была ва Украіне агентам уплыву Крамля.

Сярод усіх выказванняў гэтай асобы мы ўзялі найбольш адыёзныя, па якім чытачы могуць меркаваць пра этычны і прафесійны ўзровень прафесаркі.

«Псіхолагі многіх краін даўно даказалі, што пры навучанні дзіцяці на няроднай мове яго інтэлектуальны патэнцыял паніжаецца на 45-50%. Ва Украіне большая частка людзей лічыць роднай мову рускую. Выхоўваючы дзяцей на чужой для іх мове, Украіна бяднее і маральна, і духоўна», — так у 2009 годзе выказалася Зайцава пра ўкраінамоўную адукацыю ў Луганску падчас круглага стала на тэму «Родная мова як асноўны носьбіт культурнай самаідэнтыфікацыі нацыі».

Але кар’ера Зайцавай ва Украіне скончылася прадказальна. За падтрымку сепаратызму і ўхваленне акупацыі Крыма каля 200 прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі напісалі адкрыты ліст да рэктара Кіеўскага педагагічнага ўніверсітэта і міністра адукацыі з просьбай звольніць «агрэсіўную ўкраінафобку і карупцыянерку» з названага ўніверсітэта, дзе яна займала пасаду выкладчыка.

Пачатак шматстаронкавага ліста з патрабаваннем звольніць Зайцаву

У выніку гэта і было зроблена — пасля калектыўнага ліста з сотнямі падпісантаў Зайцаву з ганьбай звольнілі з кіеўскага ўніверсітэта.

Але чаму яна паехала ў Беларусь, а не засталася ў Луганску, хаця і водзіць сяброўства з лідарамі сепаратысцкай адміністрацыі?

Ці гэта вымушаны жыццёвы крок, ці пераезд з канкрэтнымі, але ценявымі мэтамі па змаганні з беларускай культурай па «луганскай схеме»?

І чаму асобу з такой адыёзнай біяграфіяй прытулілі ў Віцебску, ды яшчэ і далі кіруючую пасаду?

Першы прарэктар Васіль Маліноўскі на гэтае пытанне «Нашай Нівы» не адказаў, прызнаўшыся, што не ведае ніякіх акалічнасцяў біяграфіі Зайцавай.

Сама гэтая выкладчыца аказалася недаступнай праз удзел у навуковай канферэнцыі ў Полацку.

Арцём Гарбацэвіч, Наша Ніва

Leave A Reply

Your email address will not be published.