Зьміцер Бартосік з «Клінікай кітайскага дантыста» даехаў нарэшце да Віцебску

0

Зьміцер Бартосік меўся прыехаць у Віцебск яшчэ ў красавіку, але тады сустрэча з розных прычын так і не адбылася. І нарэшце 14 траўня бард і пісьменьнік прэзэнтаваў сваю «Клініку кітайскага дантыста» ў нашым горадзе.

Гэта ўжо трэцяя кніга беларускага барда, журналіста і пісьменьніка. Перад тым выйшлі «Чорны пісталет» (2002) і «Быў у пана верабейчык гаварушчы…» (2016).

Як трапна заўважыў кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук, «мы думалі, аўтар — актор, а ён драматург, мы думалі — журналіст, а ён філёзаф, мы думалі — бард, а ён паэт, мы думалі — пісьменьнік, а ён падарожнік». І тыя, хто трапіў на сустрэчу з Бартосікам у Віцебску, мелі магчымасьць у гэтым пераканацца. Да таго ж непаўторныя тэмбар голасу і інтанацыі, зь якімі Зьміцер чытаў свае навэлі, дадавалі да зьместу ягоных тэкстаў цікавыя адценьні і характарыстыкі.

Навэлю, якая дала назву ўсёй кнізе, аўтар прачытаў не адразу. Ён нічога не тлумачыў, а проста чытаў тэкст. І сам тэкст тлумачыў усё: і пры чым тут «клініка кітайскага дантыста», і дзе тая клініка, і што ў той клініцы было задоўга да таго кітайскага дантыста ў далёкім ангельскім Тотэнгэме, і пад якім прымусам папёрліся туды два беларусы…

А справа ў тым, што ў гэтым жа будынку 150 гадоў таму ўдзельнік паўстаньня 1831 году зь Віцебшчыны Аляксандар Рыпінскі меў друкарню і друкаваў кнігі на беларускай мове. Адну з тых кнігаў (брашуру «Нячысьцік», 1853 г.) трымае ў руках адзін з герояў навэлі, нібы ў чарговы раз пераконваючы, што напісанае застаецца. Як застаецца нязьменным выгляд праз вакно пабу на старыя дрэвы сквэру на фоне старога гатычнага касьцёлу. Выгляд, які праз сваю нязьменнасьць і лучыць зь мінуўшчынай, з тымі беларускімі ўцекачамі-паўстанцамі, якія зьбіраліся ў тым самым пабе, каб пагаманіць пра Бацькаўшчыну і ідэалы свабоды.

У навэлі яшчэ шмат прыхаваных сэнсаў, якія чытач пры жаданьні адкрые сам, і гэта варта таго. Але назва кнігі вельмі ўдалая. Здавалася б, якое дачыненьне «клініка кітайскага дантыста» мае да ўсіх астатніх тэкстаў зборніку і чым яна іх лучыць? Але гэты вобраз вельмі тонка перадае зьменлівасьць, якая ў наш час набывае сапраўды глябальны характар. І толькі слова фіксуе тое, чаго ўжо няма ці ў хуткім часе ня будзе…

Акрамя тэкстаў з «Клінікі кітайскага дантыста», Зьміцер Бартосік пазнаёміў віцяблянаў з новымі сваімі творамі. А значыцца — неўзабаве зьявіцца новая кніга няўрымсьлівага падарожніка і нетрывіяльнага літаратара.

Жыцьцёвыя акалічнасьці, аздобленыя мастацкім густам, падаліся настолькі арганічнымі, што лёгка можна было ўсумніцца ў іхняй рэальнасьці. Але, як патлумачыў аўтар, у ягоных тэкстах мастацкая выдумка адсутнічае, і ён распавядае пра цалкам рэальныя падзеі.

Дарэчы, электронны варыянт кніжкі ўжо даступны ў інтэрнэце — бясплатна.

https://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.