Другі помнік паўстанцам Каліноўскага ўсталявалі каля Віцебска
156 гадоў таму ў вёсцы Пагосцішча, што на Віцебшчыне, адбыўся апошні бой касінераў атраду Ігната Будзіловіча з царскімі войскамі.
«З раніцы іх акружылі з двух бакоў. Кагосьці застрэлілі на месцы, пры спробе адпору, хтосьці загінуў вось у гэтых балотах, камусьці ўдалося ўцячы», – распавядае гісторык Ігар Казмярчак.
Памяць аб паўстанцах ушанавалі тут яшчэ ў 2006 годзе. Настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава і яе вучні тады самыя сабралі валуны і ўсталявалі крыж з надпісам «За незалежную Беларусь». Але праз некалькі гадоў мясцовыя ўлады вырашылі, што помнік тут не патрэбны.
«Але я казала – разбіраць я нічога не буду, не для гэтага я ставіла. Не для таго дзеці збіралі гэтыя камяні», – кажа самая спадарыня Алена.
І помнік застаўся. Але з цягам часу на крыжы сталі з’яўляцца расколіны.
Рэпартаж Яна Вярбіцкага глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 жніўня
Алена Грачышнікава, разам з аршанскай філіяй Таварыства беларускай мовы, вырашылі яго не замяняць, а ўсталяваць побач яшчэ адзін помнік – як сімвал пераемнасці пакаленняў.
«Ведаеце, маленькія гэтыя справы, якія робяцца, мне асабіста дапамагаюць глядзець наперад з упэўненасцю, што моладзь не забудзе і працягне нашыя справы», – распавёў старшыня ТБМ у Воршы Юрый Нагорны.
На адкрыццё новага помніка сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх – сябры Таварыства беларускай мовы, тыя самыя школьнікі спадарыні Алены, мясцовыя жыхары, і нават прадстаўнікі ўладаў, што не так даўно хацелі знесці памятны крыж.
Ян Вярбіцкі, «Белсат»