Людміла Нікіціна з аг Заронава Віцебскага раёна: Рэгіянальнае краязнаўства заўжды будзе актуальным
Гэта гісторыка-этнаграфічны музей «Гісторыя Заронаўскага краю», якім кіруе краязнаўца Людміла Нікіціна — аўтарка некалькіх кніг пра тутэйшыя мясціны, нястомная вандроўніца па наваколлях, збіральніца фальклору і прыдумшчыца экспазіцыйных цікавостак.
Сёлета музею споўнілася 33 гады: ён быў створаны ў 1986 годзе і меў усяго адзін пакойчык у інтэрнаце для дзяцей з аддаленых вёсак. Апекавацца ім пачала маладая настаўніца беларускай мовы Людміла Нікіціна, а сёння побач з ёй ужо працуе сын Станіслаў. У музеі некалькі выставачных залаў, экспазіцыі створаны і ў двары, і нават у скляпенні, дзе некалі захоўвалі гародніну для школьнай сталоўкі. Там месціцца міфалагічная зала, аналагаў якой няма ў Беларусі: яе «засялілі» тыя самыя «нячысцікі», апісаныя фалькларыстам Мікалаем Нікіфароўскім паводле аповедаў жыхароў якраз тутэйшых мясцінаў.
Сустракаюць гасцей музею, у якім ужо больш за 24 тысячы экспанатаў, выхаванцы Людмілы Нікіцінай з пазашкольнага дзіцячага гуртка «Юныя экскурсаводы», у які мясцовая дзятва марыць трапіць з самага дзяцінства. Яшчэ адна галіна дзейнасці краязнаўчага накірунку, — пашуковая: у гэтым раёне падчас вялікай Айчыннай вайны ішлі жортсткія баі за Віцебск, загінулых не паспявалі хаваць нават у брацкія магілы, і мэта пашукавікоў — знаходзіць звесткі пра страчаныя і забытыя пахаванні, каб перанесці парэшткі воінаў у Заронаўскі мемарыял.
За вёскай раскінулася маляўнічае Заронаўскае возера, пра якое існуе безліч легенд, а панавокал — лясы і палі, поўныя таямніцаў. Калі Людміла Канстанцінаўна распавядае пра каменныя крыжы, якія самі сабой растуць з глебы, або пра паданні, занатаваныя ад старажылаў, то ствараецца ўражанне, што Заронаўскі край — гэта найлепшае месца ў свеце, і нічога падобнага няма больш нідзе ў Беларусі.
Аднак справа не ў выключнасці, кажа Людміла Нікіціна:
— Такіх мясцін багата, але ўнікальнымі яны становяцца толькі тады, калі знаходзяцца людзі, якія расказваюць пра гэта. Дапамагаюць улюбіць у гэты край не толькі мясцовых жыхароў, а кожнага, хто прыязджае сюды. А для настаўніка краязнаўства — гэта вельмі ўдзячны занятак, бо за ім дзеці будуць хадзіць гужам, як гэта сталася і са мной, што ўсе мае вучні, і ранейшыя, і цяперашнія, адданыя краязнаўству. Ведаць свой край, любіць яго — гэта значыць берагчы яго і захоўваць для тых, хто прыйдзе сюды пасля нас.
Беларускае Радыё Рацыя