Экспертыза павінна даць адказ, ці зьяўляюцца публікацыі віцебскага дзяка экстрэмісцкімі
Падставай для скаргі сталі два артыкулы, апублікаваныя на сайце mogilev.by восеньню 2016 году, аўтарства жыхара Віцебску Анатоля Шлыкава, які выконвае абавязкі дзяка ў храме сьвятой роўнаапостальнай Алены.
Анатоль Шлыкаў абгрунтоўвае лягічнасьць пабудовы ў Віцебску Сафійскага сабору і выступае з рэзкім асуджэньнем віцебчукоў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва храму і высяканьня дзеля гэтай мэты 200 дрэваў. У дачыненьні да пратэстоўцаў аўтар публікацыяў ужывае такія характарыстыкі, як беларускія радыкалы, «сьвядомыя» (у двукосьсі), нашчадкі катаў — паліцаяў, якія здрадзілі сваёй Айчыне. Артыкулы ўтрымліваюць і зьняважлівыя выказваньні пра беларускую мову і бел-чырвона-белы сьцяг.
«Лічу, што гэты матэрыял [адзін з артыкулаў Анатоля Шлыкава на магілёўскім партале — заўвага аўтара], — напісаў у скарзе Леанід Сьвецік, — зьмяшчае словы і выразы, якія накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці паміж расейскім і беларускім народамі. Падазраю, што аўтар артыкулу зрабіў наўмысную спробу стварыць канфліктную сытуацыю паміж грамадзянамі Беларусі, імкнецца зьняважыць гонар і годнасьць беларусаў, абразіць носьбітаў беларускай мовы, якая зьяўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама прызнаная роднай для пераважнай колькасьці жыхароў краіны».
У сваім звароце Леанід Сьвецік адзначыў, што на сайце mogilev.by зьмяшчаецца і шмат іншых матэрыялаў з нэгатыўным і тэндэнцыйным асьвятленьнем сацыяльных, рэлігійных і палітычных працэсаў у Беларусі. Віцебскі праваабаронца папрасіў правесьці аналіз публікацыяў магілёўскага парталу і вынесьці папярэджаньне ўладальнікам і рэдактару сайту ў выпадку выяўленьня словаў і выразаў, якія накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, замахваюцца на мірнае суіснаваньне грамадзянаў розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў у Рэспубліцы Беларусь.
Міністэрства інфармацыі накіравала матэрыялы, названыя ў звароце Леаніда Сьвеціка, у Рэспубліканскую экспэртную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкметаў праяваў экстрэмізму. Будзе праведзеная адпаведная экспэртыза, па выніках якой і вырашаць, ці ёсьць падставы для прыцягненьня да адказнасьці ўладальніка сайту mogilev.by у адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 году «Аб сродках масавай інфармацыі».
Кацярына Загорская, vitebskspring.org