Тацяна Севярынец: Беларуская аўтакефалія — вельмі добрая ідэя
Больш за 100 ўдзельнікаў прыехалі на форум зь Беларусі. Удзел у ім узялі і прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зь Віцебску Тацяна Севярынец ды Ірына Захарава.
Як зазначыла Тацяна Севярынец, сапраўдная беларуская незалежнасьць непарыўна зьвязаная зь ідэяй беларускай аўтакефаліі. Актывістка мяркуе, што канфэрэнцыя, якая адбылася ў Чарнігаве, стане адпраўным пунктам разьвіцьця Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Па словах Тацяны, суполкі прыхільнікаў беларускай аўтакефаліі ўжо паўсталі ў некалькіх абласных і раённых цэнтрах.
«Думаю, што ў Віцебску мы таксама створым суполку і што знойдзецца сьвятар, які здолее служыць па-беларуску. Было б агульнае жаданьне! Я — жадаю гэтага, бо пасьля таго як страціла давер да Рускай праваслаўнай царквы, не магла знайсьці сябе нідзе», — кажа Тацяна.
«Не хапіла мне мужнасьці пайсьці да каталікоў, хоць яны мне вельмі падабаюцца. Падабаюцца сваёй разнастайнасьцю і спрошчанасьцю службы пратэстанты. Вельмі прыязна стаўлюся да нашай уніяцкай царквы… Але, пачуўшы пра ідэю стварэньня БАПЦ, вырашыла, што мушу быць зь ёю», — патлумачыла актывістка БХД.
Тацяна расказала, што ў ейным родзе былі праваслаўныя сьвятары, яна сама была хрышчаная як праваслаўная, таму ня хоча нешта мяняць.
«Для мяне аўтакефалія — вельмі файная ідэя», — падсумоўвае Тацяна.
«БАПЦ здольная аб’яднаць людзей»
Тацяна Севярынец лічыць, што Беларуская аўтакефальная царква здольная аб’яднаць людзей у тым ліку і на грунце беларускай мовы, якая і натхняе, і чыніць перашкоды на шляху «руского міра», чыя ідэалёгія цесна зьвязаная з РПЦ, праз што ўсялякі давер да яе губляецца.
«Праваслаўныя сьвятары палохаюцца, што ў выніку аўтакефаліі праваслаўны сьвет будзе расколаты. Думаю, дарма», — мяркуе Севярынец.
Паводле Тацяны, форум у Чарнігаве меў даволі прадстаўнічы характар. Перад прыхільнікамі аўтакефаліі выступілі вядомыя беларускія навукоўцы: доктар гістарычных навук Леанід Лыч, кандыдат філязофскіх навук Тацяна Процька, прафэсар Мікола Савіцкі, гісторык Ігар Лялькоў, доктар урбаністыкі Ірына Лаўроўская. Наконт аўтакефаліі выказаліся сьвятары БАПЦ Сьвятаслаў Логін і Леанід Акаловіч, вядомы сьвятар Аляксандар Шрамко.
Канфэрэнцыя ў Чарнігаве падтрымала стварэньне БАПЦ і прыняла шэраг заяваў у абарону мэмарыялу ў Курапатах, а таксама ва ўшанаваньне памяці паўстанцаў
С. Горкі, «Віцебская вясна»