Блогерка Алена Янушкоўская з Віцебскага раёну: Жадаю вам, беларусы, жыць у сваёй краіне!
У апошні дзень мінулага года блогерка з-пад Віцебску атрымала позвы ў суд за ўдзел у мінскіх акцыях супраць беларуска-расейскай «інтэграцыі», перадае «Радыё Рацыя».
Аказалася, што 30-га студзеня іх было адразу два ў судзе Цэнтральнага раёна, аднак Алена Янушковская на іх не патрапіла. Па-першае, позвы прыйшлі занадта позна, а па-другое, у актывісткі няма ні часу, ні лішніх грошай «на паездкі за штрафамі», як яна іх сама называе.
«Штрафаў я не баюся, таму што ў мяне нічога няма, акрамя маіх унукаў, дзяцей … Ну і хай! За мяжу я не рвуся, таму што там сумаваць пачынаю. Што яны ў мяне возьмуць? Тую мэблю, якую я брала ў групах «Аддам задарма»? », — распавяла Алена Янушковская.
Алена Янушковская жыве ў вёсцы пад Віцебскам, яна выхавала шасцёра дзяцей (5 з іх — прыёмныя), мае пяцёра ўнукаў. Прыкладна год таму яна заснавала ўласны відэаблог пад назвай «Сапраўдная Беларусь». І адразу ж стала папулярным блогерам дзякуючы відэароліка, дзе яна запрасіла Лукашэнку наведаць Заронаўскай сельсавет — каб ён паглядзеў, у якіх умовах вымушаныя жыць вяскоўцы.
Зараз Алена Янушковская перакананая: разам, супольна, беларусы павінны адстойваць і суверэнітэт краіны. «На плошчу ездзіла і яшчэ паеду! Бо як гэта? Прадметам гандлю выстаўляюць нашу краіну, нашу з вамі Беларусь! Як тут змаўчаць? І я выступала з трыбуны, выказала сваю пазіцыю, і далей буду выказваць пры любой магчымасці! Каб як мага больш беларусаў мяне пачулі », — распавяла Алена Янушковская.
Блогерка верыць, што 2020 ы год стане вырашальным у лёсе краіны, і што людзі, якія хочуць жыць у сваёй уласнай краіне, змогуць адстаяць гэтае права.
«Радыё Рацыя».