Актывіст з Гарадка пасля трох сутак арышта трапіў у рэанімацыю
Пасля трох сутак арышту ў Гарадоцкім РАУС адбыўся судовы працэс. Неўзабаве пасля гэтага актывіст быў шпіталізаваны з гіпаглікеміей, у яго здарыўся інсульт.
У сацыяльных сетках Леанід Гаравы заклікаў гараджан прыйсці 14 жніўня на экалагічную ініцыятыву і пакарміць птушак. Ён паабяцаў яшчэ адказаць на пытанні, якія хвалююць людзей у цяперашняй сітуацыі. Міліцыя затрымала Гаравога за дзве гадзіны да пачатку ініцыятывы.
Па словах жонкі Таццяны, пікетавання ён не арганізоўваў, гэта была экалагічная ініцыятыва. Людзей запрасілі прыйсці пакарміць птушак. Толькі вось актывіста затрымалі і ўтрымлівалі трое сутак у будынку міліцыі ў Гарадку, піша vitebskspring.org.
Па словах жонкі Гаравога, яго ў пастарунку не кармілі 22 гадзіны, а ў суботу ўвечары ў яго падняўся ўзровень цукру ў крыві і падскочыў артэрыяльны ціск — міліцыі прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу. Пра здароўе мужа Таццяне ніхто не сказаў, як і пра тое што яшчэ чатыры разы выклікалі хуткую дапамогу, каб разбірацца з ціскам.
Суд адбыўся ў панядзелак у аддзяленні міліцыі. Таццяна Гаравая спрабавала высветліць, дзе адбудзецца суд яшчэ раніцай, але нічога дакладнага ў судзе не даведалася. Суд прысудзіў Леаніда Гаравога да трох сутак, якія ён ужо адсядзеў.
«Лёня вельмі знерваваўся, што яго не апраўдалі. Мы выйшлі з ім на ганак, і яму зноў стала дрэнна. Выклікалі хуткую. Яго даставілі ў рэанімацыю з гіпаглікеміей, ціск ўпалў да 85/50. Дай бог, усё пройдзе, бо інсульт здарыўся ўжо ў лякарні. Самаадчуванне стабілізавалася», — распавяла Таццяна Гаравая.
P.S. Зараз рэдактар сайта haradok.info Леанід Гаравы знаходзіцца на бальнічным дома.
Л.Антонаў, http://haradok.info