Дзень Волі. Рада БНР: На нашай зямлі адбыўся цуд (відэа)

0

Упершыню за многія гады Дзень Волі мае адбыцца ў цэнтры Менску.

Івонка Сурвіла (справа).

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвяртаецца да ўсіх беларусаў з нагоды Дня Волі:

«Дарагія суродзічы,

98 гадоў таму — ранічкай 25 сакавіка 1918-га — на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што „ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай“.

Сёньня Беларусь жыве!

Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!

Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу — высылкі, расстрэлы, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!

Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.

Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.

Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі — калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны — але ўсё яшчэ не свабодны.

Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш кай далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.

Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2016».

/wp-content/uploads/2016/03/polyakam-c-75-let-budut-besplatno-vydavat-lekarstva-im-1.jpgru/news/2016/3/25/196576/

Leave A Reply

Your email address will not be published.