Падатковая вылічыла ўжо 50 тысяч «дармаедаў»
Пра гэта ў сераду паведаміла намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, перадае БЕЛТА.
— Па апошняй інфармацыі, у адрас падаткаплацельшчыкаў накіравана каля 50 тыс. Паведамленняў на выплату збору. Аднак калі хтосьці мае права на льготы, але адпаведныя дакументы не прадставіў у падатковыя органы, ён можа прадставіць гэтыя дакументы, пасля чаго будзе прынята рашэнне, выплачвае такі грамадзянін збор ці не, — патлумачыла намеснік міністра.
Месяц таму падатковая паведамляла, што накіравала 10 тысяч паведамленняў «дармаедаў». «Салідарнасць» тады пагутарыла з жыхарамі Мінска і Брэсцкай вобласці, якія пакуль не атрымалі паведамлення падатковай.
Раней афіцыйнымі асобамі, у тым ліку Аляксандрам Лукашэнкам, заяўлялася, што ў Беларусі «утрыманцаў» у 8 разоў больш — каля 400 тысяч. Чаму іх не выявілі, у падатковай не паведамляюць.
Тым часам кіраўнік магілёўскага філіяла праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Колчын, які таксама атрымаў з падатковай інспекцыі апавяшчэнне, распавёў, што збіраецца рабіць.
— Пакуль я не збіраюся туды ісці, буду чакаць, пакуль дашлюць патрабаванне аб аплаце падатку. Вядома, гэтаму трэба нейкім чынам супрацьстаяць, трэба абскарджваць гэты дэкрэт і прымаць нейкія захады, чым мы і зоймемся ў бліжэйшы час. Грамадзянам неабходна спрачацца з нашай дзяржавай з нагоды законнасці гэтага падатку, — сказаў ён, паведамляе Вясна.
http://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=119419