«Дармаеды» ідуць у суд: Была цяжарная, лекары рэкамендавалі не працаваць

0

Марына паспела адпрацаваць у 2015-ым пяць месяцаў, не хапіла аднаго месяца, каб можна было не плаціць падатак па законе. Цяпер яна гатовая нават ісці ў суд, каб не быць “дармаедкай” і не плаціць падатак.

“У падатковай сказалі, усё адно плаціць. Я вырашыла нейкім чынам выказаць свой пратэст. Мяне ўразіла стаўленне ў падатковай, сказалі, што ім усё адно да маёй цяжарнасці”.

Па дэкрэце, падатак не мусяць плаціць грамадзяне, якія выхоўваюць дзіця да сямі гадоў. Але калі выношваюць дзіця, падатак плаціць, атрымліваецца, трэба.

Алена Луцковіч з райцэнтра Акцябрскі Гомельскай вобласці таксама збіраецца судзіцца з нагоды “падатку на дармаедства”. Былая кандыдатка ў дэпутаты ў мясцовыя саветы сапраўды не працавала ў 2015-м годзе. Але, па словах Алены, працы яна пазбавілася і не можа знайсці новую менавіта праз свой удзел у выбарах.

“Чакаю адказу з падатковай. Гэта супярэчыць законам, гэта, фактычна, прымусовая праца. Планую звяртацца ў суд, пасля падаваць касацыю, пасля ― у Вярхоўны суд. Калі не знайду праўду, буду звяртацца ў камітэт ААН па правах чалавека”, ― расказвае Алена.

Без працы Алена ўжо два гады. І цяпер у яе родным Акцябрскім нічога ёй прапанаваць не могуць. Алена жыве разам з маці і дзіцём, за пенсію і аліменты. Атрымліваецца, на падатак мусіць пайсці ці то частка матчынай пенсіі, ці то аліменты. Таксама мае невялікі кавалак зямлі, дзе летам вырошчвае гародніну.

Дапрацаваць дэкрэт “Аб прадухіленні сацыяльнага утрыманства” урад і кіраўнік краіны абяцалі яшчэ да канца мінулага года. Але 12 студзеня ў Мінпрацы так і не патлумачылі, якія змены чакаюць “дармаедаў” і як быць тым, хто ўжо аплаціў падатак.

http://euroradio.fm

Leave A Reply

Your email address will not be published.