Аншлаг быў у Віцебску на прыёме ў Пазняка

0

Інфармацыя аб сустрэчы з’явілася на сайце Віцебскага гарвыканкама напярэдадні, увечары яе паўтарылі беларускія каналы.

Нягледзячы на кароткі тэрмін з часу з’яўлення інфармацыі, на 4-м паверсе адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска, каля залі паседжанняў, людзей сабралася шмат, па сведчанні сакратаркі, запісаліся каля 40 чалавек, але людзі падыходзілі і запісваліся ўвесь час. Прыём быў прызначаны з 9 да 12 гадзін.

Кожны ішоў са сваімі праблемамі, некаторыя ў чарзе вельмі хваляваліся, яшчэ больш узрушанымі выходзілі з залі. А там, акрамя А.Пазняка, прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацый і саветаў дэпутатаў усіх рэгіёнаў.

Я трапіла на прыём разам з прадстаўнікамі «Гавары праўду», якія таксама прыйшлі выказаць сваё негатыўнае стаўленне да сэнсу Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», з патрабаванне адмяніць яго цалкам. Кожны выказаў сваё меркаванне, абгрунтаваўшы яго і парушэннем правоў чалавека, і 41-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі. Я дадала, што дзяржава не забяспечвае грамадзян працай з прыстойным заробкам; што дзяржава нахабна шарыць па кішэнях беларусаў замест таго, каб знайсці неабходныя на сваю жыццядзейнасць сродкі ў тых, хто бессаромна пускае на вецер грошы падаткаплацельшчыкаў, хто стварае карупцыю, якая прынамсі ў Віцебскай вобласці за 2016 год вырасла з 121 справы да 148. Указам № 3 дзяржава сячэ сук, на якім сядзіць.

Пазняк запэўніў, што нас пачуў, падзякаваў за пазіцыю і неабыякавасць, што сам лічыць указ неабходным, але змест яго патрабуе карэкцыі, таму яны (памочнікі) і праводзяць сёння і яшчэ колькі дзён па ўсёй краіне падобныя сустрэчы, каб улічыць абставіны кожнага, хто атрымаў «ліст шчасця».

Даведка: з дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці, афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных на канец 2015 года — 5910 чалавек, з іх толькі ў Віцебску — 2429. А лісты з патрабаваннем аплаціць падатак на утрыманне дармаедаў толькі ў Першамайскім раёне Віцебска атрымалі больш за 11000 чалавек.

Таццяна Севярынец

http://vitebskby.com/888-anshlag-by-u-vcebsku-na-pryeme-paznyaka.html

Leave A Reply

Your email address will not be published.