Студэнтку, якая ўзначаліла «Моладзь БНФ», адлічваюць з БДУ
«Я спачатку не думала, што мяне валяць праз палітыку, але потым мне ледзь не наўпрост пра гэта сказалі.
Бо ўчора я прыйшла атрымаць залік па фізкультуры, і мне выкладчык сказаў, што да яго прыходзілі людзі з КДБ і цікавіліся мной.
Фізрук пытаўся, ці датычная я да БНФ, ці не з’яўляюся кіраўніком нейкай моладзевай структуры. Урэшце ўсё ж паставіў залік, — расказвае малады палітык.
Але сёння я атрымала трэцюю пераздачу — на экзамене па прафесійнай этыцы журналіста.
У дэканаце патлумачылі, што тры пераздачы — гэта адлічэнне. Маўляў, пераздаць столькі іспытаў нельга, таму мяне адлічаць. Натуральна, я збіраюся гэтае рашэнне абскарджваць».
Спецыфіка Інстытута журналістыкі (як і многіх іншых гуманітарных факультэтаў) у тым, што быць адлічаным адтуль за непаспяховасць вельмі складана, амаль немагчыма. Нават хранічна непадрыхтаваныя студэнты атрымліваюць дзясяткі «апошніх шанцаў» і ўрэшце з мінімальнымі адзнакамі праходзяць сесіі.
Якія іспыты не змагла здаць Смілевіч?
«Тэорыю журналістыкі» выкладае кінакрытык Ніна Фральцова.
«Прафесійная этыка» — курс колішняй журналісткі «Звязды» Таццяны Падаляк.
Нарэшце, за «Мову і стыль сродкаў масавай камунікацыі» адказваюць філолагі Лілія Шасцярнёва і Вольга Дзесюкевіч.
Лілія Шасцярнёва.
Вольга Дзесюкевіч.
«Наша Ніва» паспрабуе атрымаць каментар ад гэтых выкладчыкаў.
Гэта не першая гісторыя падобнага кшталту. У 2008 годзе з Інстытута журналістыкі быў адлічаны «за акадэмічную непаспяховасць» адзін з папярэдніх старшыняў Моладзі БНФ Франак Вячорка. Адметна, што адзін з экзаменаў, на якіх яго завалілі, быў… па беларускай мове. Хоць ён з дзяцінства беларускамоўны, сын найлепшага ў краіне філолага і валодае мовай бездакорна.
АЯ, фота journ.bsu.by
https://nn.by/?c=ar&i=203507