Аграгарадок Мазалава сустракаў удзельнікаў раённага этапу праекта «Уладар сяла-2019»
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама, раённы камітэт ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, фізкультурна-спартыўны клуб “Ураджай”, райаб’яднанні “Беларускі Фонд міру” і “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”.
Праект, што ладзіцца штогод з мэтай замацавання маладых сем’яў у вёсцы, папулярызацыі сельскагаспадырчых прафесій, умацавання сямейных традыцый і актывізацыі дзейнасці насельніцтва па добраўпарадкаванні сельскіх падворкаў, падабаецца і ўдзельнікам, і гледачам. Падтрымаць канкурсантаў сышліся мясцовыя жыхары і госці з іншых населеных пунктаў.
За ганаровае званне быць лепшай сям’ёй Віцебскага раёна змагаліся тры сям’і з розных сельскіх Саветаў Прыдзвіння – Драздовых з Шапурова, Болцікавых з Янавіч, Ліпскіх з Мазалава.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Станкевіч, якая адзначыла значнасць мерапрыемства і пажадала канкурсантам поспехаў і перамогі.
Шлях да атрымання тытула “Уладар сяла” складаўся з чатырох этапаў. Удзельнікам было чым здзівіць членаў журы. Так сем’і-канкурсанты паказалі свае здольнасці ў наступных конкурсах: “Вітаем па-беларуску” (візітная картка), “Бабуліны рэцэпты” (кулінарны конкурс), “Хата на тату” (конкурс для тат) і сельскагаспадарчая эстафета.
Першым выпрабаваннем стала візітная картка. Конкурсны ланцужок у ім пачала сям’я Болцікавых, прадстаўнікі якой – мама Яна, тата Уладзімір і сын Кірыл з дапамогай групы падтрымкі ў крэатыўнай форме распавялі пра сябе. З чаго даведаліся, што Уладзімір працуе вадзіцелем на ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, а Яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Наступнымі выступілі Вольга і Сяргей Драздовы, што працуюць у Суражскай дзіцячым садку-сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова, са сваімі хлопцамі Дзмітрыем і Уладзіславам, якія таксама з групай падтрымкі прапанавалі візітоўку-інсцэніроўку. Было чым здзівіць членаў журы і прадстаўнікам сям’і Ліпскіх – Ганне (працуе ў гандлёвым цэнтры “Мазалавагаз”), Мікалаю (працуе ў СГП “Мазалавагаз”) і іх сыну Арсенію.
Прыгожымі і смачнымі атрымаліся стравы, прадстаўленыя на кулінарным конкурсе – дранікі па-сучаснаму ад Болцікавых, скаблянка (фаршыраваная рыба з грэчкай) ад Драздовых і фаршыраваная курыца ад Ліпскіх. Дарэчы, Ганна Ліпская цікава прэзентавала прыгатаваную страву, ды яшчэ і на беларускай мове.
Падчас трэццяга конкурсу “Хата на тату” моцнай палове чалавецтва неабходна было апрануць свайго дзіцяці і адправіць у школу (дзіцячы сад). З гэтым заданнем справіліся “на выдатна” ўсе таты.
Сельскагаспадарчая эстафета складалася з некалькі спаборніцтваў, сярод якіх – забіванне цвіка, катанне на тачцы і іншыя.
Па выніках конкурсных спаборніцтваў перамогу атрымала сям’я Ліпскіх, што прадставіць Віцебскі раён на абласным этапе 13 верасня ў Полацкім раёне. На другім месцы апынуліся Болцікавы, на трэццім – Драздовы. Сем’і-удзельнікі былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі ад арганізатараў, а ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК атрымалі падарункі. Спецыяльнага прыза ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ўдастоена сям’я Драздовых.
Свята атрымалася цікавым як для ўдзельнікаў праекта, так і для ўсіх жыхароў і гасцей аграгарадка. Тым больш яму спрыяла добрае надвор’е і вясёлыя выступленні творчых калектываў устаноў культуры Прыдзвіння.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.
Автор: Андрэй СТРУНЧАНКА. Фота аўтара.
http://www.vitbichi.by