Ці адключыць Лукашэнка расейскія тэлеканалы?

0

Зьвярнуцца да тэмы мэдыяў Лукашэнку вымусілі, мяркую, дзьве галоўныя прычыны. Найперш, гэты блізкія прэзыдэнцкія выбары. Таму патрэбна мабілізацыя.

Але ня менш важная і другая прычына. Магчыма, не выпадкова такая нарада адбылася адразу пасьля перамоваў з Пуціным у Сочы. Калі ўважліва паслухаць прамову Лукашэнкі на нарадзе, то зь яе вынікае, што галоўная пагроза інфармацыйнай бясьпецы Беларусі — вонкавая. Краіну прастрэльваюць замежныя рэсурсы і з Захаду, і з Усходу.

Аднак, падаецца, менавіта стральба з Усходу найбольш непакоіць Лукашэнку. Высьвятляецца, што страляюць у сьпіну, што дастаецца найперш ад саюзьнікаў.

Відаць, кіраўнік Беларусі вельмі хваравіта ўспрыняў інфармацыйную атаку расейскіх мэдыяў пасьля візыту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо. Асабліва балючым было параўнаньне яго, Лукашэнкі, зь Віктарам Януковічам.

Больш за тое, Лукашэнка папярэджвае: «Ці тое яшчэ будзе. Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста будзе цяжка аспрэчваць. Прынамсі, у кароткім прамежку часу».

Магчыма, гэтыя прадчуваньні — нейкія адгалоскі бурлівых перамоваў у Сочы. І Лукашэнка асьцерагаецца, што Расея падкіне непрыемную неспадзяванку падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

І таму зьвяртаецца да дзяржаўных мэдыяў, разьлічвае на іх, заклікае працаваць больш эфэктыўна. Але тут ёсьць вялікая праблема. Справа ў тым, што беларускія дзяржаўныя мэдыі ня здольныя эфэктыўна працаваць ва ўмовах канкурэнцыі.

Яны могуць дамінаваць толькі у камфортных умовах манаполіі на інфармацыю, як тое было ў 1990–2000-х гадах. Таму беларускія тэлеканалы прайграюць расейскай тэлевізіі. А ў інтэрнэце дзяржаўныя мэдыі прайграюць недзяржаўным СМІ.

Лукашэнка нагадаў, што менавіта для таго, каб супрацьстаяць новым рызыкам, выклікам і пагрозам, менш як год таму была распрацаваная і прынятая Канцэпцыя інфармацыйнай бясьпекі Беларусі. Зь ягоных асьцярожных выказваньняў вынікае, што яна не дала таго выніку, на які разьлічвалі.

Што і ня дзіва. Напрыклад, колькі ўжо было прынята праграм эканамічнага разьвіцьця краіны. Дапамаглі яны як хваробе кашаль.

Хто вінаваты — зразумела. Гэта найперш вонкавыя ворагі. А вось што рабіць?

Адказы немудрагелістыя. Кіраўнікі дзяржаўных СМІ просяць у Лукашэнкі больш грошай на стварэньне нейкіх новых інфармацыйных структур: яшчэ аднаго тэлеканалу навін накшталт Euronews, нейкага мэдыявымяральніка, будаўніцтва мэдыяцэнтру і інш. То бок інтарэс кіраўнікоў мэдыяў зразумелы — яны чарговым разам імкнуцца асвоіць рэсурсы.

Але толку ад усяго гэтага мала, бо ўсё новае будзе нагадваць старое. Вось, рэалізуючы Канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі, стварылі Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Хацелася б паглядзець на стратэгічныя дасьледаваньні. Але нешта нічога пра іх не чуваць. Ці той жа тэлеграм-канал «Пул Первого», які павінен быў стаць магутным канкурэнтам як расейскім тэлеграм-каналам, так і беларускім недзяржаўным мэдыям. Але ж ня стаў.

Выглядае, што больш эфэктыўным аказваецца іншы мэтад, з дапамогай якога можна забясьпечыць дамінаваньне дзяржаўных мэдыяў. Ён даўно вядомы, добра асвоены — заткнуць канкурэнта.

Лукашэнка сфармуляваў гэтую ідэю асьцярожна і прыхавана. Ён адзначыў, што пара ўжо адыходзіць ад замежных плятформаў. Лукашэнка меў на ўвазе гібрыдныя тэлеканалы, калі ў трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў устаўляецца частка беларускага кантэнту. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Калі мне кажуць, што Маркаў (кіраўнік АНТ Марат Маркаў. — РС) сядзіць на плятформе ОРТ, я проста гэтага нават не разумею. Наша прастора, наша тэлебачаньне, наш тэлевізар, наш канал АНТ (і нядрэнны) — пара ўжо вырашыць галоўную праблему: гэта наша. А калі хто-небудзь хоча сюды прыйсьці — калі ласка, як мы туды. Плаціце грошы, спытайце дазволу, дайце свой тавар, прадукт, мы паглядзім — можа быць. Гэта ваш найпершы абавязак».

Што азначае гэтае ўказаньне на практыцы? Думаю, на гібрыдных тэлеканалах пачне павялічвацца доля беларускага кантэнту. Але вельмі павольна. Бо гэта даволі цяжка зрабіць.

А адключа́ць расейскія каналы цалкам Лукашэнка не адважыцца. Бо гэта канфлікт ня толькі з Расеяй, але і зь беларускімі тэлегледачамі, якія, як сьведчыць сацыялёгія, аддаюць перавагу расейскай тэлевізіі.

https://gazetaby.com

Leave A Reply

Your email address will not be published.