Удзел ці байкот: што больш эфектыўна?
Пры вырашэнні пытання пра тое, прыходзіць на ўчасткі альбо байкатаваць, трэба зыходзіць найперш з яснай ды зразумелай рэчы: выбараў у Беларусі няма. Ёсць адно палітычная кампанія пад умоўнай назвай «выбары». Прычым калі раней можна было казаць, што «ёсць толькі імітацыя выбараў», дык сёлета кіроўны рэжым не надта іх і імітуе. Робяцца рэчы, якія нават для лукашэнкаўскай Беларусі з’яўляюцца беспрэцэдэнтнымі.
Не зарэгістравалі па надуманых зачэпках трох асноўных прэтэндэнтаў: Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу і Сяргея Ціханоўскага (апошняга дзеля гэтай мэты пасадзілі на «суткі», каб пазбавіць магчымасці падаць дакументы ў Цэнтрвыбаркам). Пасля Ціханоўскага затрымалі ўжо на пікеце, у якасці даверанай асобы сваёй жонкі Святланы, і яму, як і Бабарыку, «шыюць» крымінальную справу, а Цапкала мусіў з’ехаць з Беларусі ў выніку пагрозы трапіць за краты. Агулам у гэтую кампанію, паводле праваабаронцаў, ужо былі затрыманыя больш за тысячу чалавек, у тым ліку блогеры і журналісты.
Каб ужо ўсе дакладна ўцямілі, што выбараў у Беларусі няма, — Цэнтрвыбаркам абмежаваў колькасць назіральнікаў на ўчастках 5 чалавекамі (дый гэта з намерам, каб гэтыя пяцёра былі пераважна ад праўладных арганізацый). Запрашэнне ў АБСЕ накіравалі са спазненнем (няма сумневаў, што наўмысна). Інфармацыйнага цэнтру сёлета ўпершыню на «выбарах» не будзе.
Зрэшты, усё пералічанае ў двух папярэдніх абзацах — упершыню. Такім чынам, цяперашняя ўлада фактычна і не хавае: ніякіх выбараў не чакайце — мы ладзім відавочны непрыхаваны фарс.
Дый ці можа нехта ўявіць, што выходзіць старшыня (хоць і незаконная) Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і абвяшчае: па выніках галасавання перамагла Святлана Ціханоўская (ці хаця б тое, што ў першым туры не перамог ніхто, таму павінен адбыцца другі)? Або скажа: выбары не адбыліся, паколькі не было яўкі, трэба прызначаць паўторныя? Гэта са сферы фантастыкі, прычым ненавуковай, фэнтэзі нейкае (маецца на ўвазе, на роўным месцы, а ў выніку нейкага форс-мажору ўсё магчыма). Не дзеля таго ў 1996 годзе напярэдадні «рэферэндуму» Аляксандр Лукашэнка, з наўпроставым і найгрубейшым парушэннем Канстытуцыі, прызначаў яе старшынёй ЦВК, каб яна праводзіла сапраўдныя рэферэндумы і выбары.
Выбараў у лукашэнкаўскай Беларусі няма. Адпаведна, і прыход на ўчасткі, і байкот — гэта толькі тактычны ход, які сам па сабе, у адрыве ад агульнай стратэгіі, не мае ніякага значэння.
То ў чым усё ж перавагі прыходу на ўчасткі і хібы байкоту?
Папярэдні досвед паказвае, што байкот не ўдавалася арганізаваць нават у «палаткавую» кампанію — пры тым, што яна ў людзей вялікай цікавасці ніколі не выклікала. Але ж яўку заўсёды тым ці іншым чынам нацягвалі. Што казаць пра кампанію прэзідэнцкую, якая цікавасць якраз амаль заўсёды выклікала, і менавіта падчас яе ў бягучым стагоддзі былі пікі палітычнай актыўнасці ў грамадстве. І абедзве Плошчы здарыліся менавіта пасля гэтых кампаніяў.
Выключэнне — прэзідэнцкая кампанія 2015 года, дзе практычна не было апазіцыйных кандыдатаў. То-бок, па сутнасці той жа байкот. Такая кампанія — проста падарунак рэжыму: усё прайшло ціха ды гладка, не было не тое што масавых забурэнняў, але і наагул нейкага колькі-небудзь істотнага напружання ў грамадстве. Пры гэтым і без нацягвання яўка рэальна перавышала 50%.
Нават выключна псіхалагічна, калі чалавека ўгавораць байкатаваць «выбары» — хіба гэта мабілізуе яго на нейкі актыўны пратэст? Наўрад ці — прынамсі, мала каго. Больш тыповым было б — ну ладна, не пайду, паляжу на канапе ці ад’еду куды-небудзь.
Што сёлета ўзрушыла грамадства? Прычым да такой ступені, што Лукашэнка страшэнна напалохаўся і адмовіўся нават ад хаця б мізэрнага выгляду трымання дэмакратычных нормаў ды роўных умоваў? Не байкот. Шматгадзінныя чэргі выстройваліся па тое, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. На пікеты збіраецца багата людзей не толькі ў сталіцы, але па райцэнтрах.
Менавіта гэта дае падставы разлічваць на электаральную перамогу, гэта значыць, на атрыманне рэальнай большасці незалежна ад таго, якія лічбы намалююць у выбаркамах. І мабілізаваць людзей на тое, што свае галасы, свой выбар трэба абараняць, — магчыма, больш эфектыўна, чым байкот.
У свой час аналітык і публіцыст Юрый Дракахруст, калі пісаў пра «аксамітныя рэвалюцыі», якія прайшлі тады ў Югаславіі, Грузіі і Украіне (першы Майдан, «памаранчавая рэвалюцыя») — усе яны грунтаваліся на аспрэчванні афіцыйна абвешчаных сфальсіфікаваных выніках выбараў — зазначаў, што, у адрозненне ад беларускай сітуацыі (тады разглядаліся толькі «выбары» 2001 года), ва ўсіх выпадках гаворка ішла пра «скрадзеную перамогу». І падкрэсліваў: «Не пра скрадзеныя выбары, а пра скрадзеную перамогу».
Далейшыя падзеі ў Беларусі гэта пацвердзілі: у 2006 і 2010 былі свае Плошчы; рэальных выбараў пасля прызначэння Ярмошынай не было ніводнага разу, выніковыя лічбы выдаваліся, якія трэба дзейнай уладзе. Дакладна немагчыма сказаць, ці насамрэч Лукашэнка выйграваў у першым туры (паводле сацапытання НІСЭПД, яго вынік быў 51% — гэта ўваходзіць у памылку выбаркі). Аднак пра тое, што нейкі кандыдат атрымаў галасоў больш за Лукашэнку, казаць не выпадала. Цяпер прэтэндэнты ў кандыдаты агульнымі намаганнямі разварушылі краіну, а яшчэ больш дапамог у гэтым сам Лукашэнка: паводзінамі да каронавіруса і эканамічнай бесперспектыўнасцю. Лукашэнкава дыктатура сапраўды надакучыла, і гэта бачна няўзброеным вокам.
Падчас дыскусіі «Стратэгія прэзідэнцкай кампаніі: байкот ці ўдзел?», наладжанай цэнтрам «Еўрапейскі дыялог», нават філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, апалагет і натхняльнік байкоту, на ім не настойваў (як і ніхто іншы з удзельнікаў). Аднак ён прапанаваў іншае: «У нас ва ўсіх адзіная мэта — адхіленне ад улады Лукашэнкі. І «выбары» — няхай сабе і ў двукоссі — гэта момант, калі рэжым робіцца слабым. Я б не супрацьпастаўляў прыход на ўчасткі, байкот, або рваць бюлетэні (кідаць у скрыню палову бюлетэня, а другую палову пакідаць сабе — гэта прапанова вядомага адваката, а цяпер юрыста БХК Гары Паганяйлы. — В.К.). Няхай кожны робіць, як лічыць патрэбным».
З майго гледзішча, гэта непрымальна. Ну, то-бок, калі нехта захоча гэтак зрабіць, дык, вядома, ніхто яму не забароніць, але гэта лепш звесці да мінімуму.
Увогуле, пазіцыя павінна быць як мага больш кансалідаванай. Варыянт «хто ў плот, хто ў гарод» — ніяк не найлепшы. Непрыход на ўчастак, псаванне бюлетэняў ці штосьці падобнае — ужо не ўнёсак у скарбонку электаральнай перамогі. Заклікаць людзей варта, каб прыходзілі ды галасавалі за Святлану Ціханоўскую. І настройваць на тое, што свой выбар давядзецца бараніць.
Як зрабіць, каб электаральная перамога сталася бачнай?
На той жа дыскусіі «Еўрапейскага дыялогу» прадстаўнік штабу Бабарыкі, юрыст Максім Знак сказаў: «Трэба галасаваць за Святлану Ціханоўскую і карыстацца ўсімі альтэрнатыўнымі метадамі падліку галасоў».
Інтэрнэт-праект «Голас» (belarus2020.org), куды прапануюць дасылаць фотаздымкі сваіх выбарчых бюлетэняў, ужо запушчаны. Але, як таксама было сказана, — «зразумела, што не кожная бабулька на вёсцы ведае, як гэтым карыстацца». Я б дадаў, што далёка не толькі бабулькі і далёка не толькі на вёсцы, але і ў райцэнтры, і ў абласным, і ў сталіцы. Рабіць такія рэчы, канешне, трэба, аднак трэба і разумець, што каэфіцыент карыснага дзеяння будзе абмежаваным.
Экзіт-полы ў Беларусі забароненыя, а сацыялогія наогул задаўленая. У інтэрнэце ўдосталь насмяяліся з «Клуба рэдактараў» на БТ, дзе раілі тым, хто не верыць у высокі рэйтынг Лукашэнкі, «замовіць сацапытанне ў акрэдытаваным цэнтры». Гэта ў якімсьці такім, дзе высмоктваюць невядома з якога пальца падтрымку Лукашэнкі ў 76% (бо іншага кшталту ў Беларусі не акрэдытоўваюць).
Дык вось, вельмі важна — і нават, на маю думку, неабходна — было б замовіць сацапытанні якой-небудзь аўтарытэтнай сацыялагічнай службе. Не зважаючы на яе акрэдытацыю, бо рэпрэзентацыйна апытваць можна і па тэлефоне, прычым для гэтага не абавязкова знаходзіцца ў межах Беларусі.
Пажадана было б зрабіць два апытанні: да «выбараў» і пасля іх. У першым я раю два пытанні: «Каго б Вы жадалі бачыць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь?» — і, акрамя кандыдатаў, унесці ў спіс тых, каго па розных прычынах адмовіліся зарэгістраваць: Віктар Бабарыка, Мікола Статкевіч, Валерый Цапкала, Сяргей Ціханоўскі. Другое — «За каго Вы збіраецеся прагаласаваць 9 жніўня?» — тут ужо толькі спіс кандыдатаў (не настойваю на канкрэтна такіх фармулёўках, мо спецыялісты зробяць іх больш сацыялагічна карэктнымі, але сэнс такі).
Другое апытанне, ясна, — з высвятленнем, за каго прагаласавалі.
Калі апытанні пакажуць электаральную перамогу Святланы Ціханоўскай на «выбарах» (або ў дадатак каго іншага з незарэгістраваных) — гэта станецца моцным аргументам. Не для рэжыму, зразумела, — прыкладна ўяўляю, як гэта будзе падаваць прапаганда, але ж да яе цяпер мала хто прыслухоўваецца, — для людзей. Тым больш, што людзі ж не ў вакууме знаходзяцца, ведаюць, каго падтрымалі самі, іх сваякі, сябры ды суседзі.
І нават калі не пакажуць адназначную перамогу ў першым туры — такой, нагадаем, не было і ў Лукашэнкі на вышыні яго папулярнасці: на першых і апошніх прэзідэнцкіх выбарах, якія рэальна былі выбарамі, ён набраў 45% — аднак ён істотна апярэдзіў тагачаснага кандыдата ад улады Вячаслава Кебіча, які набраў 17%. То як будзе па сапраўдных выніках першага туру хаця б не поўная перамога, а істотная перавага — людзі пабачаць: нас шмат, і нас значна больш за прыхільнікаў Лукашэнкі. Гэта станецца добрым падмуркам для далейшых дзеянняў.
Якраз свабодныя і сумленныя выбары — галоўная мэта Святланы Ціханоўскай і аб’яднанага штабу ў прэзідэнцкай кампаніі. «Успрымайце мяне як сцяг таго, што ў нас будуць новыя выбары», — абвясціла яна, у прыватнасці, на шматлюдным мітынгу ў Віцебску. Выбары плануюцца ў бліжэйшай перспектыве (максімум праз паўгода) пасля сыходу ад улады Лукашэнкі.
- Вадзім Казначэеў, «Новы Час»