«Гэта наўмыснае разьвязваньне грамадзянскай вайны». Мэдыкі выступілі са зваротам да ўладаў
Ілюстрацыйнае фота. Ланцуг салідарнасьці мэдыкаў у Малінаўцы 12 жніўняБеларуская незалежная супольнасьць мэдыкаў
«Беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян — пэнсіянэраў, студэнтаў, нашых калегаў, пацыентаў — недапушчальны! Тое, што цяпер адбываецца ў краіне, мяжуе з бясчынствам і можа расцэньвацца як генацыд нашага народа і наўмыснае разьвязваньне грамадзянскай вайны з боку дзейнай улады», — гаворыцца ў заяве.
У ёй мэдыкі абураюцца сёньняшняй заявай Міністэрства ўнутраных спраў аб магчымасьці прымяненьня баявой зброі супраць людзей, а таксама патрабуюць:
- Не дапусьціць выкарыстаньня баявой зброі супраць людзей, якія выказваюць свой, гарантаваны канстытуцыяй, грамадзянскі пратэст, і спыніць любыя праявы фізычнага гвалту над мірнымі грамадзянамі.
- Вызваліць палітвязьняў і ўсіх затрыманых за ўдзел у мірных дэманстрацыях пратэсту.
- Неадкладна наладзіць дыялёг з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.
- Прызнаць вынікі выбараў 9 жніўня несапраўднымі і ініцыяваць адстаўку нелегітымнага ўраду.
- Правесьці паўторныя выбары ў адпаведнасьці з усімі міжнароднымі стандартамі, пры ўмове адстаўкі дзейных чальцоў ЦВК.
- Расьсьледаваць усе факты гвалту і катаваньняў у дачыненьні да пратэстоўцаў, прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці.
«У выпадку эскаляцыі гвалту і адсутнасьці дыялёгу паміж народам і ўладай, мэдыцынская супольнасьць будзе прымаць меры, адэкватныя сытуацыі», — гаворыцца ў заяве.
Якія менавіта меры, мэдыкі не ўдакладняюць.
https://svabod1.azureedge.net