Кангрэс ЗША ўхваліў «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі»
Законапраект быў прадстаўлены кангрэсмэнам Крысам Смітам. Ён з’яўляецца адным з аўтарам актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
Як адзначаецца ў тлумачэнні да дакумента, тым самым пашыраюцца «паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні санкцый» у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі.
«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з’яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, альбо прадстаўніка Саюзнай дзяржавы, альбо расійскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека датычна палітычных рэпрэсій у Беларусі», — гаворыцца ў тэксце.
Акрамя таго абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі змяшчае наступныя палажэнні:
- прызнае Каардынацыйны савет законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;
- заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
- заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
- падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;
- дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
- заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
- патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікам IT-сектара.
Ініцыятыва павінна таксама атрымаць ухваленне Сената, толькі пасля гэтага яна трапіць на подпіс прэзідэнту ЗША.
https://nashaniva.by/?c=ar&i=262619