Сёння ў Мінску развітваліся з Раманам Бандарэнкам
Праводзіць Рамана Бандарэнку прыйшлі тысячы людзей. З ім развітваліся так, як развітваюцца з героямі: пад воклічы «Жыве Беларусь!», «Вечная памяць герою!», «Не забудзем, не даруем». Машыны ўтварылі затор і гулі так, што чуваць было на шмат кіламетраў наперад. Нават пасля развітання людзі ўсё неслі і неслі кветкі да царквы.
Раман Бандарэнка — сапраўды герой, якога забілі — не, не за стужкі, а за прагу свабоды. Менавіта яе выйшаў бараніць Раман 11 лістапада ва ўласным двары — так склалася, што беларуская свабода сёння нараджаецца менавіта тут, у дварах. Таму яго заўчасная смерць набыла надзвычайны сэнс у беларускай гісторыі, стаўшы сімвалам змагання.
Але і па смерці Раман Бандарэнка нібыта працягвае гаварыць з намі. І тут толькі трэба ўмець чытаць знакі.
Напрыклад, Уваскрасенская царква, у якой развітваліся з Раманам. Нават назва прыхода — Уваскрасення Хрыстова — сведчыць пра перамогу святла над цемрай. Менавіта такую бітву з цемрай вядзе цяпер беларускі народ. Адметна, што ўнутры гэты храм распісаны выявамі беларускіх святых.
Апроч гэтага, Уваскрасенскі прыход вядомы тым, што доўгі час апекаваўся Курапатамі. Напрыканцы
Пазней Уладзіміра Стукача перавялі служыць у іншае месца, і прыхаджане амаль забыліся пра дарогу на Курапаты. Але вось сёння нам яе зноў паказаў Раман Бандарэнка, нібыта яшчэ раз нагадваючы: Курапаты і Акрэсціна — звёны аднаго ланцуга. Каб спыніць беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі сёння, трэба ўсвядоміць, асудзіць і пакаяцца за тое, што адбывалася больш за 80 гадоў таму. Рэпрэсіі і гвалт, непавага да чалавечай асобы, пагарджанне правамі чалавека павінны назаўжды застацца ў мінулым.
І яшчэ. У момант, калі людзі пачалі заходзіць у храм, каб развітацца з Раманам, у небе ўтварылася сонечнае гало. Здаецца, гэта таксама знак?
Магчыма, нехта абвінаваціць мяне ў залішняй увазе да сімвалаў. Але ўжо даўно стала зразумела, што ў Беларусі барацьба ідзе не на чалавечым, а нейкім вышэйшым узроўні — гэта можна назваць Гісторыяй, Богам, Сусветам ці неяк яшчэ. Але ясна адно: такая барацьба не можа быць прайграная.
- Дзіяна Серадзюк, «Новы Час»