Сведкі навагодняй страляніны ў Менску загаварылі(відэа)
У кватэры на першым паверсе на праспекце Любімава, дзе жыве маладая сям’я Андрэя і Анастасіі Гаўрошаў, сабраліся іх сябры, каб разам сустрэць Новы год. Уся моладзь з вышэйшай адукацыяй. З боем курантаў выпілі шампанскага, а праз гадзіну ўсёй кампаніяй пайшлі на ялінку ў парк імя Паўлава. Вярнуліся а палове пятай раніцы. Уключылі музыку, але сусед патэлефанаваў і папрасіў выключыць музыку. Так і зрабілі. Адключылі калонкі і пакінулі толькі тэлевізар. Нават размаўляць сталі цішэй.
Сябры чакалі сяброўку, якая раніцай павінна была далучыцца да кампаніі. Моладзь паліла на балконе, пачалі збіраць са стала.
Нарэшце пачуўся званок дамафона. Андрэй Гаўрош, гаспадар кватэры, трымаючы ў руках мабільны тэлефон, пайшоў адчыняць дзверы. Ён выйшаў у тамбур, прыкрыў за сабой дзверы ў кватэру. Калі б ён гэтага не зрабіў, то праз адчынены балкон быў бы моцны скразняк. Да таго ж, за сцяной у суседскай кватэры спала немаўля.
Праз кароткі час пачуліся гучныя выбухі, як быццам хтосьці з петарды ў пад’ездзе страляе. Адчынілі дзверы і ўбачылі Андрэя, які ляжаў на падлозе ў лужыне крыві. А на лесвіцы — на адлегласці ад яго — хлопец у чорным з пісталетам у руцэ.
Што здарылася, ніхто не бачыў, бо госці заставаліся ўнутры кватэры. Аляксандр, сябар Андрэя Гаўроша, распавядае «Белсату» пра тое, як усё здарылася.
«Гэта не той чалавек, які б абзываў. […] У Андрэя ў руках не было ніякай зброі: ні відэльцаў, ні нажоў. […] Зыходзячы з таго, што гэтыя міліцыянты ў нас пыталіся, яны не знаходзіліся там падчас стрэлаў. […] Крыху пазней прыехаў чалавек у цывільным. Са слоў міліцыянтаў, гэта быў іх начальнік УУС. Ён клікаў сваіх супрацоўнікаў па-адным і аб чымсьці іх інструктаваў», — кажа Аляксандр.
Сяброўка Андрэя Гаўроша Юлія распавядае пра здарэнне ў навагодняе раніцу:
«Спачатку я падумала што яго проста б’юць. […] Калі я ўбачыла зброю, я зразумела, што ў яго стралялі […] Я была ўпэўненая, што ён [міліцыянт] можа стрэліць яшчэ. Таму што ў яго была, так скажам, баявая гатоўнасць. Зброя была накіраваная ў наш бок».
Кірыл Райкоў, сусед дзверы-ў-дзверы з кватэрай Гаўрошаў, а таксама суседка Ларыса Міхайлаўна распавялі пра здарэнне навагодняй раніцай на лесвічнай пляцоўцы ў панэльцы на праспекце Любімава.
«Чуем крыкі, сястра кажа, о, ужо ў пад’ездзе святкуюць, радуюцца». Потым чуем якая мітусня, шум, крыкі, дзяўчынка крычыць «забілі, забілі!». […] Мы думаем, моладзь, можа, выпіла і адзначаюць», — кажа суседка Андрэя Ларыса Міхайлаўна.
«Адзначалі новы год як звычайныя людзі, ніхто не шумеў. […] Яна [мама] чула тры стрэлы, хоць казалі што два. Міліцыянт стаяў ля ліфта і Андрэй яшчэ спрабаваў уставаць, але нічога не рабіў. […] Андрэй ляжаў на пляцоўцы ў крыві, а міліцыянт выйшаў з пад’езда і стаяў там, паліў», — кажа Кірыл, сусед сям’і Гаўрошаў.
Пра сям’ю Андрэя распавяла суседка Ларыса Міхайлаўна:
«Я не чула ні мітусні, ні шуму ад іх. […] Нармальныя бацькі. Хлопчык гэты такі ветлівы быў».
Бацькі Андрэя — Алег і Галіна Гаўрош расказваюць карэспандэнту аб тым, што здарылася з іх сынам.
«У РАУС нашым спытала, якая брыгада выйшла на выклік, і хто страляў. Мне сказалі: «сакрэтная інфармацыя». Мала таго, калі вакольнымі шляхамі даведвалася, то ніякая брыгада не выязджала. Пытанне, адкуль прыйшлі гэтыя міліцыянты і чаму яны майго сына расстралялі ва ўпор», — кажуць бацькі.
Цяпер да разгляду здарэння падключыўся Следчы камітэт. Сам 28-гадовы жыхар Менска знаходзіцца ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане. Супраць яго распачалі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў. Яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі. У міліцыянта канстатавалі чэрапна-мазгавую траўму і іншыя пашкоджанні.
http://www.moyby.com/news/250249/