«Чалавек года» Крычава прызнана вінаватай у карупцыі і крадзяжы дзяржмаёмасці. Паводле яе слоў «так робяць усе»

0

Па сукупнасці артыкулаў суд прыгаварыў Алу Пастухову да 2 годоў і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў 1350 рублёў (50 базавых велічыня). Асуджанай забаронена займаць кіруючыя і арганізацыйна-гаспадарчыя пасады на працягу 3 гадоў. У прысудзе таксама ўказана, што каштоўнасці і рэчы, канфіскаваныя ў Пастуховай падчас ператрусаў на дачы і дома, пакінутыя пад арыштам да поўнага пагашэння штрафу. Тэрмін знаходжання ў СІЗА і пад хатнім арыштам будзе залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання (у СІЗА – дзень у дзень, пад хатнім арыштам – два дні за дзень). На працягу 10 дзён у яе ёсць магчымасць абскардзіць прысуд. Пасля абвяшчэння прысуду Алу Пастухову ўзялі пад варту.

Ала Пастухова ў судзе. Фота: Алесь Асіпцоў

28 студзеня дзяржабвінаваўца, намеснік пракурора Крычаўскага раёна Мікалай Розанцаў прасіў прысудзіць абвінавачваную да 4 гадоў пазбаўлення волі, ды 13 500 рублёў штрафу і пазбаўленню права на 5 гадоў займаць кіруючыя і арганізацыйна-гаспадарчыя пасады. Просьбу дзяржабвінаваўцы 16 пацярпелых падтрымалі цалкам і поўна.

Адвакат Пастуховай прасіў суд апраўдаць абвінавачваную ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу злачынства.

Падчас судовых пасяджэнняў было ўстаноўлена, што Пастухова, з’яўляючыся службовай асобай, здзейсніла дзеянні, якія нанеслі шкоду правам грамадзян і інтарэсам дзяржавы на агульную суму 10 003 рубля. У прыватнасці, з 2015 па 2018 год праз справавода арганізавала збор сродкаў з надбавак да тарыфных ставак, прэмій і матэрыяльнай дапамогі работнікаў дзіцячага садка. Незаконна сабраныя сродкі выкарыстала ў асабістых мэтах.

Загадчыцу дзіцячага садку ў Крычаве вывелі ў кайданках з працы. Вінавацяць у карупцыі

Пастухова давала ўказанні падначаленым на спісанне будматэрыялаў (цэменту, фарбы, шпатлёўкі), прызначаных для рамонту дзіцячага садка, якія пасля прысвойвала. Выкрадзенае выяўлена падчас ператрусу на яе дачы. Будматэрыялы, выяўленыя ў склепе дзіцячага садка, на думку следства і суда, былі прыгатаваныя для далейшага выкрадання.

Па ўказанні Пастуховай некаторыя падначаленыя рэгулярна выязджалі ў працоўны час да яе састарэлага бацькі, адвозілі прадукты, насілі ваду, пераносілі брыкет, выконвалі іншыя працы па гаспадарцы. Аказвалі дапамогу па рамонце на кватэры і дачы абвінавачванай.

Таксама ўстаноўлена, што адна з падпарадкаваных па ўказанні Пастуховай вазіла яе сваячцы (пацярпелыя называлі дачку) у Магілёў прадукты і грошы.

Пры гэтым адсутным фактычна на працы ў табель уліку працоўнага часу спраўна малявалі «васьмёркі».Пацярпелыя і шэраг сведкаў сцвярджалі, што кухары па ўказанні Пастуховай рыхтавалі ёй розныя стравы.

У судзе таксама высветлілася, што пры заключэнні з ёй кантракту абвінавачаная падпісвала абавязацельствы па недапушчэнні карупцыйных праяў у сваёй працы.

Дзяржабвінаваўца ў сваім выступленні падкрэсліў, што «выкрыць Пастухову атрымалася дзякуючы смеласці падпарадкаваных ёй жанчын».

Партрэт Алы Пастуховай на дошцы гонару. Фота з архіву аўтара

«Так усе робяць»

У апошнім слове Пастухова катэгарычна абвергла прад’яўленыя абвінавачванні. Яна адзначыла, што «дом – там, дзе тваё сэрца, а маё сэрца знаходзіцца ў дзіцячым садку №19». Распавяла пра свае заслугі за 45 гадоў дзейнасці на педагагічнай ніве, пра 35 ганаровых грамат і падзяк, у тым ліку ад прэзідэнта, пра прызнанне яе ў 2015 годзе «Чалавекам года» Крычава, пра паспяховую працу кіраўніком мікразоны самакіравання «Камсамольская». «Сіла і дабрыня – мой стыль кіравання», – падкрэсліла яна. Пры гэтым прызналася, што дапускала памылкі ў кадравай працы. Выказала крыўду на аўтара, што ён напісаў у артыкуле пра знойдзеную ў яе падчас ператрусу «буйную суму долараў», якіх на самой справе не было, «нават рубля». Дасталося і дазнаўцам, якія, на яе думку, аказвалі псіхалагічны ціск на яе, прымушалі прызнаць віну і раілі звярнуцца па памілаванне да Лукашэнкі. Ціск, па яе словах, аказваўся і на падначаленых падчас допытаў.

Збор сродкаў яна патлумачыла той акалічнасцю, што сродкаў, якія выдзяляюцца аддзелам адукацыі на падтрымку іміджу «перадавога саду» бракавала. Ёй даводзілася несці самой пэўныя выдаткі. Па яе словах, справавод прапанавала ёй збіраць грошы з падначаленых, таму што «так усё робяць». Нажывацца яна не думала, «прымала столькі грашовых сродкаў», колькі ўкладвала сваіх.

У канцы свайго выступу яна сказала, што перажывае з нагоды смерці былой падначаленай Наталлі Яльцовай, назвала яе блізкім чалавекам, які «хацеў яе абараніць», і не разумее, чаму яе не дапыталі па факце яе гібелі.

Дзіцячы сад №19 у Крычаве. Фота аўтара

Адвакат падтрымаў пазіцыю абвінавачванай, падкрэсліўшы, што следства падводзіла паказанні пацярпелых і сведкаў да патрэбнага ім выніку. На яго думку, доказы віны Пастуховай сумнеўныя і папрасіў суд апраўдаць падабаронную.

62-гадовую Алу Пастухову затрымалі 27 сакавіка 2019 году на працоўным месцы. Пракурор Крычаўскага раёну Леанід Палевіч, тлумачачы чытачам мясцовай газеты прычыны распачынання крымінальнай справы і затрымання загадчыцы садка, пісаў, што «чаша людскога цярпення перапоўнілася».

Да 10 кастрычніка яна знаходзілася ў Магілёўскім СІЗА, потым меру стрымання замянілі на хатні арышт.

Пастухова была чальцом аб’яднання «Белая Русь», рэгулярна ўдзельнічала ў працы ўчастковых выбарчых камісіяў, у апошнія гады – старшынёй.

Падначаленыя кажуць пра свайго былога кіраўніка як пра чалавека ўладнага, цвёрдага, патрабавальнага. Шмат хто баяўся яе псіхалагічнага ціску, прадузятага стаўлення, пагроз не працягнуць кантракт.

Пасля затрымання загадчыцы дзіцячага садка ў Крычаве цела выхавальніцы знайшлі ў рацэ

Смерць Наталлі Яльцовай

Як пісалася раней, неўзабаве пасля затрымання Пастуховай, 8 кветня 2019 году ў рацэ Сож знайшлі цела яе 41-гадовай падпарадкаванай Наталлі Яльцовай, якая працавала ў садзе дэфектолагам. Паведамлялася, што ў доме жанчыны, якая патанула, была знойдзена перадсмяротная запіска. Іншыя падначаленыя прызнаваліся, што «Наталля заўсёды панічна баялася Пастуховай, баялася вочнай стаўкі з Пастуховай, спрабавала выгарадзіць яе ў адрозненне ад астатніх, можа, таму, што па просьбе загадчыцы збірала некаторыя сумы з прэміяў».

Наталля Яльцова. Фота з архіву аўтара

Цела 78-гадовай маці Яльцовай, куртку якой знайшлі на беразе ракі, не знойдзенае да гэтага часу.

Следчы камітэт, які праводзіў правяранне па факце выяўлення цела патанулай, адзначаў, што прычынна-следчай сувязі са справай Пастуховай не выяўлена.

Карупцыйны канвеер

У Крычаве, ужо пасля ўступлення ў сілу ў 2015 годзе новага закона аб барацьбе з карупцыяй, былі асуджаныя за карупцыйныя злачынствы старшыня сельгаспрадпрыемства «Маляцічы-АГРА» Аляксандр Радоўскі, дырэктар камунальнага прадпрыемства «Водаканал» Юрый Рыбчынскі, выконваючая абавязкі галоўнага бухгалтара агракаледжу Юлія Нікіценка, дырэктар цэнтру творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут» Лаліта Сідарава і яе намесніца Вольга Міхно.

Варта адзначыць, што пакаранні за выяўленыя злачынствы былі даволі мяккімі – як правіла, штрафы або прысуды з адтэрміноўкай, асуджаныя нядрэнна працаўладкоўваліся ў горадзе. У мясцовых дзяржаўных СМІ пра гэтыя судовыя працэсы не было напісана ніводнага радка.

Былы генеральны дырэктар ААТ «Крычаўцэментнашыфер» Леанід Скоцкі ў 2013 годзе «пагарэў» на паборах з прэміяў падначаленых, атрымаўшы 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сяргей Няроўны/ІР belsat.eu

Leave A Reply

Your email address will not be published.