Галоўны ўрач абвяргае інфармацыю, што ў Шумілінскай больніцы хварэюць 30% лекараў

0

Амаль адначасна зьявіліся допісы, у якіх паведамлялася, што лекары б’юць трывогу, бо засьцерагальных сродкаў для бясьпечнай працы не хапае.

 

Допіс ад імя намесьніцы галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ зьявіўся і ў групе Тэлеграм-каналу «Каронавірус-Віцебск. Дапамога лекарам, гораду, жыхарам».

Паведамлялася, што ў райбольніцы адсутнічаюць сродкі індывідуальнай засьцярогі, 30% шумілінскіх мэдыкаў шпіталізаваныя, а за дзень у больніцу паступіла больш за 50 асобаў з сымптомамі каронавірусу.

Але галоўны ўрач раённай больніцы Вольга Скарабагатая гэтую інфармацыю «Віцебскай вясьне» не пацьвярджае:

«На афіцыйным сайце райвыканкаму такая інфармацыя не зьявілася. На сайце Міністэрства аховы здароўя такая інфармацыя не зьявілася. Калі нейкія патрэбныя тлумачэньні, то хто разьмяшчае гэтыя рэчы – зь імі і зьвязвайцеся. Мы сваю інфармацыю разьмесьцім».

На пытаньне пра 30% хворых мэдыкаў заявіла:

«Пра гэта я буду размаўляць на паседжаньні. Яна (аўтар паста – ВВ) будзе пісаць гэтыя пытаньні зноў у сацыяльных сетках. Ёй не давалі інфармацыю пра 30 адсоткаў мэдработнікаў. Ніхто».

«Я цяпер занятая мэдычнымі пытаньнямі, а не сайтамі. Наколькі гэта адпавядае сапраўднасьці, яна вам распавядзе ў сваім інтэрвію ў хуткай будучыні», – дадала галоўны ўрач райбольніцы і паклала слухаўку.

На жаль, зьвязацца з намесьніцай галоўнага ўрача мэдычнай установы нам не ўдалося.

https://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.