Сярод злосных неплацельшчыкаў зарплаты зь вялікім адрывам лідзіруе Віцебскі рэгіён

0

Пры гэтым, прааналізаваўшы інфармацыю Белстату, мы высьветлілі, што ў эпіцэнтры катастрофы знаходзіцца менавіта Віцебская вобласьць.

Насамрэч, адрыў грандыёзны — 118 прадпрыемстваў-даўжнікоў на Віцебшчыне супраць двух у Гомельскай вобласьці, 18 — у Гарадзенскай, 4 — у Менскай і 3 — у Магілёўскай. Усё гэта наводзіць на несуцяшальныя думкі.
Калі эканоміка дзесьці і надламалася, то разлом, відавочна, пралягае наўпрост па Віцебскай вобласьці. Агульная сума пратэрмінаванай запазычанасьці тут дасягае рэкордных 37 531,8 мільёну рублёў, што складае большую частку ад агульнарэспубліканскай.

З усіх стратных прадпрыемстваў 6 належаць непасрэдна Віцебску і Віцебскаму раёну. У Віцебскім раёне мы знаходзім ўсе прадпрыемствы, якія застаюцца на слыху ўжо працяглы час:

1. ААТ «Віцебскі камбінат ядвабных тканін» — ткацкая і аддзелачныя вытворчасьць, прадпрыемства прызнанае банкрутам 23 сьнежня 2015 году;

2. РБП «Будгандальсэрвіс» ТАА ў г. Віцебску, якое мае ў складзе 9 кампаніяў, занятых, галоўным чынам, у будаўнічай галіне;

3. Віцебскі завод сантэхнарыхтовак ААТ «Трэст Белсантэхмантаж № 1», які прапрацаваў у сфэры ацяпленьня, водазабесьпячэньня і вэнтыляцыі больш за 70 гадоў;

4. КУСГП «Пестуніца», занятае ў сферы сельскай гаспадаркі Віцебскага раёну;

5. КУСП «Экспэрымэнтальная база Тулава» Віцебскага раёну, сельскагаспадарчы комплекс, які вінен каля 57 мільярдаў рублёў, работнікі якога ня бачылі заробку яшчэ зь лістапада;

6. ААТ «Ліпаўцы» Віцебскага раёну, да нядаўняга часу займалася вытворчасьцю далікатэснага «мармуровага» мяса, які экспартуецца ў расейскія рэгіёны.

Якім чынам плянуецца справіцца з сытуацыяй, што склалася ў Віцебскай вобласьці, застаецца незразумелым. Тым часам работнікі стратных прадпрыемстваў альбо страйкуюць, альбо проста спрабуюць хоць неяк выжыць.

Настасься Вераск, vkurier.by, http://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.