Кірыл Руды заклікаў трансфармаваць свядомасць і «не зафарбоўваць вачэй цмоку»
Той прагноз Рудага спраўдзіўся. Сёлета ягоны даклад быў такім жа чапляльным, але гэтым разам пасол Беларусі ў Кітаі пайшоў далей.
Кірыл Руды выбраў сабе за тэму «Чаму нам не трэба эканамісты».
Эканамісты не ўплываюць на эканамічны рост, саркастычна пачаў Руды. Эканоміка ўпала, калі ўпалі сыравінныя рынкі і пачаўся адток капіталу з краін на шляху развіцця. Значыць, цяпер нам проста не шанцуе, прычым тут эканамісты?
Руды працягваў з інтанацыямі гумарыстаў.
Таму цяпер нашы эканамісты — гэта прадаўцы аблігацый дзярждоўгу, сказаў ён.
У нас другі год падае ВУП, падаюць даходы. У сваіх тэорыях эканамісты называюць гэта крызісам. Але ў нас у грамадстве разуменне крызісу рознае. Для старшага пакалення калі няма вайны, то няма й крызісу. А для малодшага пакалення ў нас ужо не крызіс, а проста горш няма куды. А калі няма адчування крызісу, то няма і патрэбы з яго выходзіць.
Эканамісты не патрэбныя і бізнэсу, бо яны ўносяць хаос, працягваў Руды. У іх няма рэальных паўнамоцтваў, каб паслаць ясныя сігналы бізнэсу. А калі паўнамоцтваў няма, то замест рашэнняў прымаюцца кампрамісы, якія вядуць да хаосу.
І, нарэшце, эканамісты не патрэбныя самі сабе, бо не могуць рэалізавацца. Прапануюць тое самае заўжды, і нікому іх праграмы не запатрабаваныя.
Таму, каб аднавіць эканамічны рост, нам трэба не эканамісты, працягваў Руды. Нам трэба бізнэсмены. Сітуацыя ў эканоміцы падобная да ваенных дзеянняў. А як мы перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне? Дзякуючы таму, што спыненне рэпрэсій вызваліла асабістую ініцыятыву. Таксама дзейнічалі і рэфарматары ў Кітаі, сказаў Руды.
Па-другое, нам патрэбныя юрысты, каб абараніць бізнэс, пакуль ён расце, ад сілавога ціску дзяржавы. Ён прывёў прыклады, што лічбы паспяховага абскарджвання санкцый дзяржаўных органаў бізнэсам мінімальныя.
Па-трэцяе, нам патрэбныя сацыёлагі, каб раскадаваць грамадства — грамадства, якое ўхіляецца ад адказнасці, якое хварэе на гігантаманію і хаваецца за савецкае мінулае.
Руды сказаў, што галоўнае зараз — трансфармаваць свядомасць людзей. І адвёў у гэтым вялікую ролю сродкам масавай інфармацыі.
У мінулым годзе быў зроблены прагноз, што рэформаў у 2016 годзе не было. Іх практычна і не было, казаў Руды. Але ж ВУП працягвае падаць, сказаў ён. Значыць, праблемы сёння абумоўленыя ўжо не вонкавымі фактарамі, а ўнутранымі прычынамі, працягваў ён і расказаў кітайскую прыпавесць.
Мастак намаляваў на сцяне цмока. І такога прыгожага, што зафарбаваў вочы, бо баяўся, што ён адляціць. Мы павінны перастаць замалёўваць вочы цмоку, падсумаваў Руды. «Нам патрэбныя эканамісты, што не маўчаць з лаяльнасці, а прамаўляюць — з патрыятызму». Так пад апладысменты залы сказаў ён у завяршэнне выступу, што прагучаў як кароткі маніфест рэфарматарскага крыла тэхнакратаў.
Кастрычніцкі эканамічны форум праходзіць у будынку Dipservice Hall, які ў свой час прымаў Клінтана і Кастра.
Адкрылі яго намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў, кіраўніца прадстаўніцтва Еўракамісіі Андрэа Віктарын і рэгіянальны прадстаўнік МВФ Бас Бакер.
КЭФ — рэдкая пляцоўка, дзе сутыкаюцца незалежныя эканамісты і дзяржаўныя чыноўнікі ўзроўню намеснікаў міністраў і намеснікаў старшыні Нацбанка.
У аргкамітэт Форуму сёлета ўвайшлі дырэктар бізнэс-школы ІПМ Павел Данэйка, навуковая дырэктарка даследчыцкага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая, выканаўчы дырэктар CASE Belarus Серж Наўродскі і дырэктар дэпартамента стратэгічнага менеджменту і скарбу «БПС-Сбербанк» Дзмітрый Голухаў.
Тэма форуму сфармуляваная як «Рэформы для ўцягваючага росту». З праграмай можна азнаёміцца на сайце форуму.
http://nn.by/?c=ar&i=179972