12 беларускіх IT-кампаній вырашылі «эміграваць» у Латвію
Гэтыя кампаніі плануюць перавесці ў Латвію каля 470 супрацоўнікаў, у асноўным прадстаўнікоў кіраўніцтва і ключавых спецыялістаў.
Міністр эканомікі Латвіі Яніс Вітэнбергс адзначыў, што цяпер прапрацоўваюцца рашэнні для таго, каб беларускія кампаніі, якія прынялі такое рашэнне, маглі як мага хутчэй перанесці сваю дзейнасць у Латвію.
Створана спецыяльная каманда, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства эканомікі і Латвійскага агенцтва інвестыцый і развіцця, якія ў супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі ў паскораным парадку разглядаюць заяўкі беларускіх прадпрымальнікаў і прапануюць магчымыя рашэнні, у тым ліку выдачу відаў на жыхарства, адкрыццё банкаўскіх рахункаў і іншае.
Міністр паведаміў, што паралельна вядзецца праца з латвійскімі фінансавымі ўстановамі, каб знайсці кампраміс і стварыць «зялёны калідор» для заходу замежных кампаній у Латвію.
У сувязі з унутраным канфліктам у Беларусі на сёння вядуць кансультацыі аб пераносе дзейнасці ў Латвію 116 беларускіх кампаній і прыватных асоб. Гэтыя кампаніі ў Беларусі працаўладкоўваюць больш за 4 тысяч чалавек.
https://nashaniva.by/?c=ar&i=259089