Дэпутат прыйшоў забараніць канцэрт Вайцюшкевіча, але застаўся яго слухаць

0

У мінскай школе №48 у рамках сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдата ў дэпутаты з Хрысціянскай дэмакратыі Марыны Хоміч прайшоў канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Перад яго выступам дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Савановіч папярэдзіў арганізатараў, што дадзены канцэрт па-за законам.

Савановіча перапыніў экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі. Ён выгукнуў, што прысутныя прыйшлі на сустрэчу з Хоміч, а не выслухоўваць дэпутата. Хтосьці з залы нагадаў пра канцэрт Дарафеевай, які яна дала на сустрэчы з выбаршчыкамі. Пасля гэтага дэпутат аддаў мікрафон і сеў у першым радзе.

Варта адзначыць, што кандыдаты ад «партыі ўлады» і іх спарынг-партнёры з партый Ліберальна-дэмакратычнай, Патрыятычнай, Спартыўна-сацыяльнай, Камуністычнай, Аграрнай і Працы і справядлівасці актыўна суправаджаюць агітацыю канцэртамі.Рэпартажы «Нашай Нівы» з Самахвалавіч і Шчомысліцы можна прачытаць тут.

У цэнтры сядзіць дэпутат палаты, былы старшыня Мінскага гарсавета Міхаіл Савановіч. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY.

Перад канцэртам Вайцюшкевіча выступіла сама Марына Хоміч (трэцяя злева), а таксама лідары Хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY.

Мерапрыемства хрысціянскія дэмакраты прысвяцілі памяці загінулага ва Украіне беларуса Алеся Чаркашына.

Рымашэўскі ў сваім выступе нагадаў пра «чорныя спісы» забароненых творцаў, у які ўключаны беларускія музыкі Вайцюшкевіч, Вольскі, Міхалок і іншыя. «Чорныя спісы — гэта ганебная з’ява для Беларусі», — сказаў палітык.

На сустрэчу сабралася больш за сотню слухачоў.

Вайцюшкевіч выступаў больш за гадзіну і спяваў збольшага песні на творы беларускіх паэтаў.

http://nn.by/?c=ar&i=176343

Паводле tut.by

Leave A Reply

Your email address will not be published.