У Інтэрнэце збіраюць грошы на фільм пра расейца, беларуса і ўкраінку, якія жывуць разам у эміграцыі (ВІДЭА)

0

«Будапешт. Тры летуценнікі з постсавецкай прасторы па збегу абставінаў сустракаюцца пад стрэхамі венгерскай камуналкі пад гукі вальса і рок-н-рола. Яны наўрад ці сталі б сябрамі дома, але тут іх аб’ядноўвае агульная мова, еўрапейская мара і глыбокая адзінота. Адзінота як каханне. Каханне без правілаў, палавых адрозненняў і літасці.

Галоўныя героі фільма.

Гаўдзі і Далі, пацалункі Радэна — квіток 15 еўра, але студэнтам зніжкі, латэ — абавязкова макіята, інакш вам проста нальюць малака, акцыі ў H&M, танны алкаголь, але цыгарэты даражэй, вязіце свае, Балонская сістэма адукацыі, блакітныя берагі і гей-клубы, куча бамжоў», — гаворыцца ў апісанні да прома-роліка.

Асцярожна, відэа 16+:

На платформе indiegogo для здымак фільма стваральнікі хочуць сабраць 200 000 даляраў. НН пагутарыла з рэжысёрам фільму Уладай Сянковай, якая распавяла пра ідэю і што яна хоча данесці фільмам да сучаснай моладзі.

«Ідэя і сцэнар спелі некалькі гадоў. Я езджу ў Еўропу часта, пастаянна пра гэта думаю. Летась з’ездзіла ў Рым, пажыла там 2 тыдні. Калі скончыліся грошы, выйшла на плошчу гандляваць хэнд-мэйдам, які прадбачліва ўзяла з сабой. Уразілася, улілася ў тусоўку тых, хто там стаіць — філіпінцы, туркі і г.д. У Еўропе я даведалася шмат таго, што мяне ўразіла».

«Пасля вярнулася дадому. А там навіны пра тое, што ва Украіне зноў абвастрыліся баявыя дзеянні. Усе адзін аднаго ненавідзяць і дзеляцца на лагеры. Я гляджу на гэта і ўспамінаю, як на плошчы гандлююць хлопчыкі з Беларусі, якія прапануюць паслугі дзяўчынак з Украіны. Разумею, што сама ўвесь час жыву адной нагой у эміграцыі. І маё пакаленне, пакаленні ледзь маладзей жывуць нейкай эфемернай еўрапейскай марай, якая мае на ўвазе асаблівае стаўленне адзін да аднаго, шырокадуманне, жаданне падарожнічаць, не спяшацца заводзіць сем’і, вегетарыянства і ўвага да экалогіі, магчымасць быць вольным у сваёй сэксуальнай самаідэнтыфікацыі, пацыфізм, каханне да мастацтва і гэтак далей».

Так нарадзілася «ahaha». Для мяне гэта не палітычнае кіно. Гэта гісторыя пра чалавека, а не пра грамадзянiна. Гэта бег чалавека ад палітыкі да лепшага жыцця, да магчымасці быць свабодным. Але перасякаючы мяжу, ты пашыраеш унутраныя межы і ўжо вельмі складана разумець, дзе мяжа паміж тым, што добра, а што кепска. Я адразу ведала, што гэта будзе тры сябра па збегу абставінаў. Ну а украінка, беларус і расеец нарадзіліся неяк самі дзякуючы рэаліям, у якіх я жыву. Я думаю, што гэта кіно будзе карысна і Еўропе і постсавецкай прасторы, адкрые некаторыя моманты з іншага боку для ўсіх нас, ну і, вядома, прынясе эмоцыю і прымусіць задумацца, па-іншаму паглядзець на эміграцыю, маладое пакаленне, нейкія жадання і праблемы, ну і, магчыма, хоць неяк знізіць напал нянавісці адзін да аднаго».

Кажучы пра пасыл, Улада прызналася, што прытрымліваецца пазіцыі, што кожны чалавек ўспрымае кіно па-свойму:

«Але галоўнае, на чым я больш за ўсё акцэнтую ўвагу гэта тое, што маладое пакаленне — вось яно, жывое, сапраўднае, такое, якое ёсць, са сваімі праблемамі, што мацюкаецца, якія робяць дурныя ўчынкі, але вольнымі ў выбары сэксуальнай арыентацыі, хай гэта і не падабаецца постсавецкай прасторы, але вось яно жывое, сумленнае, роднае».

Стваральнікі «ahaha».

Краўдфандынгавая кампанія працягнецца да лістапада гэтага года. У залежнасці ад памеру ахвяравання прадугледжаны розныя падарункі і нават пасады ў фільме.

Мікіта Недаверка
http://nn.by/?c=ar&i=176363

Leave A Reply

Your email address will not be published.