Як па-беларуску сказаць «орёл или решка»?
Капеечны лёс
Мы хутка прывыкаем да новых беларускіх манэтаў. Пра цяперашнюю афіцыйна прынятую назву беларускае грашовае адзінкі скажу, што рубель па-беларуску — гэта перадусім тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе жыта, снапы і падобнае. Кажуць: прыціснутае пад рубель сена.
Уладыслаў Боньча-Руткоўскі. Воз сена. 1904
У 14 ст. назву літоўскі рубель меў трохкантовы падоўжаны срэбны зьлівак — такія папярэднічалі манэтам. Падобны формаю да рубля-жэрдкі, таму так і зваўся. (Тут зазначу, што пішу пра гісторыю манэтнага абарачэньня вылучна з моўнага гледзішча, хай мне даруюць гісторыкі й нумізматы магчымыя недакладнасьці.)
Літоўскі рубель. Lietuvos banko Pinigų muziejus
Потым у Вялікім Княстве Літоўскім нейкі час слова рубель было ўмоўнаю адзінкаю для падліку, 1 рубель абазначаў сто грошаў. Карацей, манэты ў нас рублямі не называліся. А пасьля акупацыі Расейскай імпэрыяй слова пачало асацыявацца выключна з расейскім рублём.
У сучаснай мове са словам рубель ўжываюцца фраэалягізмы ня самага станоўчага значэньня: за доўгім рублём пагнацца, пакараць рублём, набрацца як Марцін за рубля, сто рублёў нястачы — значыць ‘адны непрыемнасьці’.
Як манэты меншай вартасьці ў нас хадзілі пенязь (дэнар), грош, солід. Грашыма сталі называцца сродкі платы наагул, ад слова грош (а яно з лацінскага denarius grossus ‘вялікі дэнар’).
Грош Жыґімонта Аўґуста
А не «капейка». Пра капейку — расейскую «деньгу копейную«— нашыя продкі мала што ведалі.
Талер — ідэальная грашынá
Беларускі талер віленская мынца (гэта значыць манэтны двор) пачала біць у 1564 годзе і доўга біла вялікія манэты вагой 29 г срэбра высокай пробы.
Талер Жыґімонта Аўгуста, 1564. Авэрс: манаграма SA, год, намінал ХХХ (30 грошаў). Рэвэрс: гербы Арол, Пагоня, кіеўскі Анёл, смаленскі Мядзьведзь, валынскі Крыж сьв. Юр’я, Вуж дынастыі Сфорца. © Nacionalinis M. K. Čiurlionio dailės muziejus, Kaunas
Талер як манэта ўжываўся ў нас да ХІХ стагодзьдзя, а як адзінка вымярэньня грашовых сумаў — і да ХХ.
Беларускі талер (варыянт вымаўленьня — таляр) застаўся ва ўдзячнай памяці людзей як ідэальная грашынá, трапіў у прыказкі ды фальклёр: Талер маленькі, а даражэнькі — гэта тое, што па-расейску «мал золотник, да дорог». У велічальных песьнях на Каляды або Вялікдзень гаспадароў хаты ідэалізуюць: дзеткі як кветачкі, гаспадыня — бы сонца, а ў гаспадара галава розумам насыпана і кашуля каштуе тысячу талераў. А ўся даўняя Беларусь — рамантычная Краіна талераў. Сьпявае гурт «Камэлёт»:
«Талерамі» цяпер модна называць гатэлі і бровары (фота іх я б падаў, каб яны афармляліся па-беларуску, але не). А рубель прадстаўлены толькі расейскаю сеткаю «Рублёвских».
Паколькі ж у штодзённы побыт вяртаецца ня талер, а рубель, то нагадаю, што па-беларуску зь лічэбнікамі два, тры, чатыры лучыцца форма множнага ліку рублі: два рублі, тры рублі, чатыры рублі.
Капеечныя забавы
Беларускія манэты ўзору 2009 г. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусі
Манэты вернуцца ў розны ўжытак, напрыклад, у дзіцячыя гульні. Фальклярысты ў ранейшыя манэтныя эпохі запісалі народную гульню ўпрыпень. Хлапчукі і падлеткі б’юць рабром манэты аб сьценку ці пянёк. Калі манэта ў выніку падае ад манэты суперніка так блізка, што абедзьве можна забраць пальцамі аднае рукі, то гулец забірае іх. (Не рэклямую газардовыя гульні, гэта чыстая этнаграфія! Ёсьць, скажам, гульня з гарэхамі цот ці лішка — таксама на выпадковасьць.)
Жарабкаваньне
Манэту ўжываюць як жэрабя, або кон. Прыкладам, для жарабкаваньня на футбольных матчах, каб вызначыць, каторая брама чыя.
Чыя «ряшка»?
Расейскі выраз для гэтага працэсу — «Орел или решка». Чаму арол — зразумела, двухгаловае стварэньне было на царскіх манэтах. Цікава, што нават у савецкі час камісары ня выкаранілі царысцкага слова з выразу. Што такое «решка» — дасюль спрачаюцца навукоўцы. Магчыма, гэта «решетка», маўляў, так бачылі спляценьне літараў і манаршых манаграмаў на рэвэрсе манэты малапісьменныя людзі. Некаторыя этымолягі збліжаюць тую «решку» са словам «ряшка», «ряха» — гэта значыць фізіяномія імпэратара. Праўда, фанэтычна гіпотэза патрабуе доказу. Галоўнае — і арол, і ня ў меншай ступені «решка» нам, беларусам, чужыя.
Кожнаму сваё
Калекцыйная манэта выспы Мэн. На рэвэрсе істота з хвастом
У ангельцаў лёсавызначальная гульня завецца Heads or tails, даслоўна ‘галовы ці хвасты’. Манаршая галава на брытанскіх манэтах ёсьць абавязкова, ну а хвост — гэта, відаць, нешта процілеглае, як мяркуюць этымолягі.
Рымская манэта
А іншыя народы? Старажытныя рымляне, падкідваючы манэту, гукалі Navia aut caput — ‘карабель ці галава’. Сучасныя грэкі — Κορώνα ή γράμματα (‘карона ці літары’; калі напісаць вялікімі — ΚΟΡΏΝΑ Ή ΓΡΆΜΜΑΤΑ, то і перакладаць ня трэба). Італьянцы — Testa o croce (‘галава ці крыж’). Як бачым, усе называюць выявы абодвух бакоў сваіх манэтаў. Або не зусім сваіх. Хаця на чэскіх манэтах леў, чэхі кажуць Panna nebo orel: арол яшчэ аўстра-вугорскі, імпэрскі, Швэйк такім плаціў Паліўцу за піва.
Па-латыску Cipars vai ģerbonis (лічба ці герб). Лічбу называюць і немцы — яны выгукаюць Kopf oder Zahl — галава ці лічба. Ёсьць нямецкі крымінальны трылер, які так і завецца:
Якія выявы на манэце найдаўжэй бачылі беларусы?
Чвэрць граша або двудэнар, Ягайла,
Першая Пагоня ў нас была на Ягайлавых грашах прынамсі з 1387 году. З Пагоняй былі пенязь і грош, шэлег і талер. Пасьля Люблінскай вуніі на манэтах ужо быў герб Рэчы Паспалітай — звычайна па дзьве Пагоні і па два польскія арлы (часам з мадыфікацыямі). Апошнія манэты ВКЛ — шастакі — білі падчас Паўночнай вайны, але яшчэ да
Талер Станіслава Аўґуста Панятоўскага, 1795
З адваротнага боку манэтаў былі розныя выявы — партрэт манарха, іншы геральдычны знак. Намінал упершыню быў пазначаны на Вітаўтавых двудэнарах: рымская лічба ІІ месьцілася пад гербам Гедымінавымі Слупамі, а на рэвэрсе там акурат Пагоня; за наступных манархаў, напр., Казімера Ягайлавіча, дызайн паўтараўся.
(Дву?)дэнар Казімера Ягайлавіча,
Паступова намінал пачалі пазначаць лічбамі рэгулярна, ня толькі рымскімі, але і арабскімі. Пэўны час іх часьцей ставілі на тым баку манэты, дзе і Пагоня, пад ёю. Пагоня і лічбы фактычна сталі найбольш характэрнымі атрыбутамі нашых манэтаў.
Паўтарак. 1619. Лічбы абазначаюць намінал 1/24 талера або 3 паўграшы. Lietuvos banko Pinigų muziejus
А колькі часу ў нас шырока хадзілі манэты з асноўным канкурэнтам Пагоні Арлом?
Часам Арла зьмяшчалі на манэтах ВКЛ і да Люблінскай вуніі. Польскага Арла разам з Пагоняй білі на манэтах Рэчы Паспалітай з 1580 году да расейскай акупацыі. Прыйшоў двухгаловы расейскі і быў па 1918 год. Нават калі дадаць 20 гадоў абарачэньня ў Заходняй Беларусі польскіх грошай і тры гады яшчэ аднаго чужога арла — на нямецкіх пфэнігах Другой усясьветнай вайны — усё адно Арол масава хадзіў прыблізна столькі сама, колькі Пагоня, або і менш, але галоўнае, што гэта ня наш герб.
Таму трэба выбіраць іншы вокліч, не пра арла.
Пранцысь падкінуў шэлег уверх. Шэлег вярнуўся назад нібыта неахвотна, некалькі разоў перакруціўшыся ў паветры… Баявіты вершнік зь мячом на цьмяным твары манэты скакаў у бок Валожына…
Гэта Людміла Рублеўская, «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Авантурны, ведама ж, раман. Усьлед за героем і мы авантурна падкінем манэту для выпрабаваньня лёсу:
— Пагоня ці лічба?
І хай выпадае Пагоня.
P.S.
Ужо калі аўдыёвэрсія гэтага майго моўна-гістарычнага роздуму выйшла ў этэр, я даведаўся пра ініцыятыву Андрэя Касьцюкевіча выбіць талер (вядома ж, сувэнірны — «манэтападобны жэтон»).
Сувэнірны талер можна таксама насіць на шыі. Фота citydog.by
Акурат з Пагоняй на авэрсе і лічбай на рэвэрсе. То ўжо маем што падкідаць.
Вінцук Вячорка, Радыё Свабода