«Botanic Party» на былой сядзібе батаніка Уладзіміра Адамава ў Віцебскім раёне

0

«Botanic Party» — гэта ўжо другая імпрэза, якая адбылася на тэрыторыі сядзібы.

Аркадзь Падліпскі.

Апрача канцэрту запрошаных музыкаў, ахвотныя маглі пасадзіць расліны ў памяць пра дзейнасць вядомага навукоўцы і паслухаць лекцыю краязнаўцы Аркадзя Падліпскага. На ягоную думку, Уладзімір Адамаў — выбітны вучоны, і ягонае імя можа стаць «фішкай» гэтых мясцін:

— Недзе ў канцы 19-га стагоддзя Уладзімір Адамаў пасадзіў на тэрыторыі сваёй сядзібы шыкоўны сад у Вялікіх Лётцах. І ён быў настолькі вядомы, што нават пасля Вялікай Айчыннай вайны сюды прыходзілі лісты з батанічных садоў усяго свету з прапановамі абмяняцца саджанцамі.

І да сёння ў вёсцы можна ўбачыць экзатычныя расліны, пасаджаныя Адамавым. Але сад прыйшоў у заняпад, калі ягоны гаспадар мусіў з’ехаць адсюль неўзабаве пасля прыходу савецкай улады.

Прадпрымальнік Максім Жукаў спадзяецца, што культурніцкая пляцоўка — адроджаная сядзіба Адамава — прыцягне сюды турыстаў і зробіць жыццё вяскоўцаў цікавейшым:

— Летась тут зачынілі і школу, і дзіцячы дом — апошнія рэшткі культуры знішчаюцца. Атрымліваецца, сядзіба Адамава стала новай культурніцкай пляцоўкай, і для мясцовых жыхароў, і для віцяблян. Тым болей, для жыхароў Вялікіх Лётцаў на ўсе мерапрыемствы ўваход свабодны.

Здавалася б, ініцыятыва новага гаспадара мусіла б быць шырока падтрыманай. Але некалькі вяскоўцаў незадаволены тым, што давядзецца зносіць пабудовы, самавольна ўзведзеныя на тэрыторыі сядзібы. А ўлады на дапамогу Максіму Жукаву не спяшаюцца. Прадпрымальнік мусіў звярнуцца ў пракуратуру, каб развязаць канфлікт і далей развіваць ідэю культурніцкага цэнтру.

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/botanic-party-na-byloj-syadzibe-batanika-ula/?fbclid=IwAR14hepUSkDNskwfK2KSlQ-GuylPx0xglK1mkFJp40SF4DyHcpGurvOXyY0

Leave A Reply

Your email address will not be published.