Драздоўскі летуценьнік
Увогуле, палітыкі пра свае мары кажуць рэдка. Бо ў гэтым ёсьць нейкі налёт сэнтымэнтальнасьці. А палітыка — рэч даволі прагматычная, якая не цярпіць рамантызму і сэнтымэнтаў.
Але Аляксандар Лукашэнка, як чалавек шчыры і не пазбаўлены непасрэднасьці, у перапынку паміж важнымі дзяржаўнымі справамі і касьбой травы можа дазволіць сабе памарыць.
Вось у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву ТАСС 6 верасьня кіраўнік Беларусі распавёў пра сваю запаветную мару:
«Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, зазіраючы ў кашалёк або сваю кішэню, ня думалі пра тое, што ім на штосьці не хапае. Заўсёды частцы народу чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не пакутавалі. Вось яна, мая адзіная мара».
Гэтая рэпліка выклікала вялікую колькасьць камэнтараў у мэдыях і сацыяльных сетках. І большасьць інтэрпрэтавала гэтыя словы так, што Лукашэнка меў на ўвазе ўзровень дабрабыту беларусаў. Маўляў, ён марыць, што ўсе грамадзяне стануць заможнымі, у краіне ня будзе бедных, усе крыніцы грамадзкага багацьця пальюцца поўным патокам і ажыцьцявіцца вялікі прынцып «ад кожнага — па здольнасьцях, кожнаму — па патрэбах». І адразу загаварылі пра дрэннае становішча ў краіне з заробкамі, пэнсіямі, і пачалі канстатаваць, што рэальнасьць усё далей адыходзіць ад гэтай мары.
Але рызыкну сьцьвярджаць, што Лукашэнка меў на ўвазе нешта іншае. Яшчэ раз прачытайце гэтую рэпліку. Там ёсьць знамянальная фраза: «Заўсёды частцы народу чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не пакутавалі». То бок — усім не дагодзіш. Таму сэнс гэтай мары зусім іншы. Мяркую, Лукашэнка марыць пра тое, каб народ зьменшыў свае патрэбы, стаў больш сьціплы ў жаданьнях, задавальняўся малым. І пры гэтым быў шчасьлівы, ня думаў, што яму чагосьці не хапае. Напрыклад, як у Паўночнай Карэі, дзе людзі галодныя, але ўпэўненыя, што жывуць у самай цудоўнай краіне сьвету.
Цэнтральная ідэя прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі ў 2015 годзе была такая: галоўнае — не заробкі і пэнсіі, самае важнае — гэта стабільнасьць, мір, парадак і бясьпека. І цяпер ён толькі паўтарыў гэтую міталягему, выказаў яе ў выглядзе мары.
Мара Аляксандра Рыгоравіча блізкая да ажыцьцяўленьня. Хоць у краіне крызіс, расьце беспрацоўе, заробкі і пэнсіі скарачаюцца ў рэальным вымярэньні, але ніякага публічнага незадавальненьня няма. Не чуваць ні пра якія сацыяльныя пратэсты, працоўныя канфлікты. Людзі сьціпла маўчаць, паслухмяна ідуць на датэрміновае галасаваньне.
Адна непрыемнасьць: у нефармальнай абстаноўцы людзі ня стрымліваюцца ў ацэнках свайго правадыра. Сытуацыя
Але пройдзе час, самыя незадаволеныя зваляць «за бугор», застануцца тыя, хто лічыць, што, можа, так і трэба, абы не было вайны. Добра, што хоць у аднаго чалавека ў гэтай краіне мара збываецца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі
-
Валер Карбалевіч
Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».
-
http://www.svaboda.org/a/drazdouski-lietuciennik/27973707.html