Памёр Народны паэт Рыгор Барадулін

0

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка Ушацкага раёна 24 лютага 1935 года. Пачаў друкавацца ў 50-я гады мінулага стагоддзя. З таго часу выйшла больш за семдзесят зборнікаў яго вершаў і каля трыццаці кніг зробленых ім перакладаў рускіх, украінскіх, балгарскіх, латышскіх, іспанскіх, курдскіх, чачэнскіх і іншых вядомых паэтаў свету.

Паэзія Барадуліна перакладзеная больш як на трыццаць пяць моў свету. У 2006 годзе за зборнік вершаў «Ксты» намінаваўся на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. На жаль, яе паэт ужо ніколі не дачакаецца.

Рыгор Барадулін быў апошнім, хто атрымаў ганаровае званне Народнага паэта. Адбылося гэта ў 1992 годзе.

Творчасць Рыгора Барадуліна — свет бяздонны. Маці, Беларусь, Сумленне, Каханне — і безліч іншых святых і вечных пяняццяў у ягонай паэзіі заіскрыліся непаўторнымі вобразамі і трапнымі словамі. Цягам усяго свайго плённага літаратурнага жыцця не забываў пісаць цікавыя кнігі для маленькіх беларусаў. У апошняе дзесяцігоддзе шмат працаваў на ніве духоўнай лірыкі.

Рыгор Іванавіч надзвычай шанаваў сваю маму — Акуліну Андрэеўну, а таксама родную Ушаччыну. Блізка сябраваў са славутымі землякамі — Васілём Быкавым і Генадзем Бураўкіным. Пакуль меў сілы, не забываў сваіх чытачоў з Віцебшчыны, ахвотна сустракаўся з імі. У апошнія гады творчыя сустрэчы найчасцей ладзіліся ў касцёлах і грэка-каталіцкіх абшчынах.

Гэта быў Паэт Беларускай Нацыі, што заўжды меў выразна акрэсленую грамадзянскую і чалавечую пазіцыю.
Напярэдадні свайго 79-годдзя Рыгор Барадулін даў разгорнутае, удумлівае інтэрв’ю Сяргею Шапрану для газеты «Новы час». Скончыў яго словамі «Маладым хочацца найперш сказаць, каб заставаліся самімі сабой. Грошы, слава — цяпер жа столькі спакус, і таму дужа цяжка выстаяць, але ўсё гэта сыдзе, і чалавек застанецца сам-насам. Таму пажадаю: жывіце сэрцам, а не розумам.»

Паэту не давялося прычакаць свайго васьмідзесяцігоддзя. Не будзем жа забываць ягоных твораў. Вечная памяць і слава!

Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.

Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.

Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.

Сабіна Радзько

Народныя навіны Віцебска

Leave A Reply

Your email address will not be published.