Маці пасля родаў: «Першае, што зрабіла, гэта папрасіла прабачэння ў сваёй дачкі»

0

Абдумаўшы, што ж адбылося ў дзень, калі яна стала мамай, Аляксандра напісала скаргу ў Міністэрства аховы здароўя. Скардзілася Аляксандра Кшова на акушэрскую агрэсію.

Аляксандра Кшова расказвае:

«Нараджаць мы вырашылі разам з мужам. Прайшлі курсы падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў, з радзільняй №2 напярэдадні родаў заключылі дамову на платныя медыцынскія паслугі — індывідуальнае вядзенне родаў.

Раніцай 10 лютага ў мяне пачаліся схопкі.

На курсах нас папярэджвалі, што панікаваць не трэба, да таго ж у мяне дома быў доплер, і я сама магла адсочваць, як б’ецца сэрца ў майго дзіцяці. Павінна сказаць, што цяжарнасць у мяне была ідэальная, ніякіх скаргаў на здароўе ў мяне не было, рэгулярна наведвала гінеколага ў жаночай кансультацыі, займалася ёгай для цяжарных, наведвала басейн і актыўна вывучала літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, хадзіла на семінары і сустрэчы з акушэрамі-гінеколагамі, увогуле, была дастаткова дасведчаная аб працэсе родаў.

Але калі трапіла ў радзільню, аказалася, што мае веды і мая ўпэўненасць тут не маюць ніякага значэння.

Першае, што зрабіў малады доктар, які агледзеў мяне, гэта прызначыў клізму. Пры гэтым я ведала, што кішэчнік чысціцца на працягу схопак самастойна.

Клізму ўжо даўно не прызначаюць у Еўропе і ў іншых цывілізаваных краінах, якія выступаюць за натуральныя і мяккія роды. Але я пагадзілася на дадзеную працэдуру, моцнага дыскамфорту яна мне не даставіла, але і толку ад яе не было.

Пасля мяне паклалі на ложак, каб цягам 40 хвілін запісваць паказанні КТГ. У гэты час у палату зайшоў доктар, які павінен быў прымаць у мяне роды. Ён запрасіў мяне ў назіральную, адну, без мужа, мяне гэта вельмі насцярожыла, адразу прыйшла ў галаву думка, што будуць калоць пузыр. У назіральнай мяне запрасілі на крэсла, акрамя майго доктара было яшчэ два дактары, яны не назваліся. Параіўшыся паміж сабой, дактары прапанавалі мне пракалоць пузыр, бо «ёнсваё ўжо адпрацаваў і не нясе ніякай карысці».

Я пачала супраціўляцца, бо разумела, што наступствы пасля праколу пузыра могуць быць такімі: а) спыняецца родавая дзейнасць; б) павялічваецца верагоднасць інфекавання пры наступных аглядах; в) узмацняюцца болевыя адчуванні пры схопках; г) прызначаецца прэпарат аксітацын, які выклікае стымуляцыю родаў.

Мае довады былі расцэненыя як смешныя, пузыр мне пракалолі, больш за тое, далі падпісаць мне паперу аб тым, што пузыр лопнуў сам.

  • «Бацьку хапала аднаго ўдару рукой па галаве, каб збіць мяне з ног, але гэтага заўсёды было мала»

  • Моцная дзяўчына. Як Аня на вазку стала адной з найлепшых беларускіх штангістак

  • Здагадайцеся, колькі каштуюць рэчы ад беларускіх дызайнераў ТЭСТ

Увогуле, калі я выйшла з назіральнага кабінета, уся мая мара аб ідэальных натуральных родах ляснулася. Родавая дзейнасць спынілася. Прыйшоў доктар, прапанаваў аксітацын, я адмовілася, папрасіла час. Таму што, рыхтуючыся да родаў, пра гэта ведала наступнае.

Наш арганізм, каб запусціць працэс родаў, пачынае актыўна вылучаць дадзены гармон — аксітацын, ён правакуе скарачэнне маткі, дзякуючы чаму адбываецца раскрыццё шыйкі маткі і пасля нараджаецца дзіця, гэта калі проста. У маім выпадку выпрацоўка гэтага гармону адбывалася, усё ішло сваім парадкам, маё цела рыхтавалася да натуральных родаў без умяшанняў.

Штучны аксітацын ужываецца толькі ў крайніх выпадках, калі ёсць пагроза для дзіцяці ці парадзіхі.

Найбольш распаўсюджаны з пабочных эфектаў аксітацыны — гэта празмерная скарачальная актыўнасць маткі, якая можа прывесці да парушэння кровазвароту ў гэтым органе і, як следства, да недахопу кіслароду ў дзіцяці.

Ведаючы ўсё гэта, я прасіла доктара даць мне час і не выкарыстоўваць аксітацын, бо ведала, што пабочныя эфекты ў гэтага сродку проста жудасныя, аж да смяротнага зыходу дзіцяці. Аднак, пасля чарговага агляду, доктар сказаў, што ў мяне пачаўся ацёк шыйкі маткі і, каб паслабіць шыйку маткі, давядзецца ўводзіць аксітацын. Я пагадзілася.

Да чатырох раніцы былі проста дзікія схопкі, але ні маё цела, ні дзіця да родаў яшчэ гатовыя не былі. Я думала, што памру на гэтым крэсле, тужылася я няправільна і крычала, ад гэтага яшчэ больш накрываў адчай, таму што разумела, што гэтым раблю толькі горш свайму дзіцяці.

Да гэтага моманту са мной у палаце быў цэлы натоўп людзей, доктар пачаў ціснуць мне на жывот.

Я дакладна ведаю, што гэта быў прыём Крыстэлера — гэта забаронены, але, на жаль, рэгулярна ўжывальны ў нашых радзільнях дапаможнік, сэнс якога ў выштурхоўванні дзіцяці з маткі ў патужным перыядзе. З прычыны высокай траўматызацыі нованароджанага гэты прыём забаронены ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Я дрэнна памятаю, але мне здаецца, што я змагалася з доктарам, прыём Крыстэлера ён ужыў з усёй сваёй мужчынскай дуры, ціснуў на жывот локцем.

Дарэчы пра эпізія (надрэз пахвіны) мяне таксама ніхто не спытаў.

У 4.25 нарэшце нарадзілася мая дзяўчынка, дакладней, яе з мяне дасталі. Пасля нараджэння сваёй дачушкі першае, што я зрабіла, гэта папрасіла ў яе прабачэнне за ўсё гэта аксітацынавае пекла, якое ёй прыйшлося перажыць, у мяне не было абсалютна ніякага задавальнення ад сваіх родаў, толькі дзікае пачуццё віны і спустошанасці, папрасіла зрабіць сабе наркоз, пакуль мяне будуць зашываць, больш не хацелася болю, балазе што муж быў побач і яму далі дачку, пакуль я адыходзіла ад наркозу.

Атрымаўшы досвед родаў ў дзяржаўнай радзільні, я зрабіла высновы:

1. Больш ніколі я не паеду нараджаць у найбліжэйшую да дома радзільню без папярэдняй дамоўленасці.

2. Пакуль парадзіхі самі не возьмуць на сябе адказнасць і не пачнуць хаця б крыху разбірацца ў працэсе родаў, то усё гэтае беззаконне будзе працягвацца ў радзільнях Беларусі.

3. Мне жудасна сорамна, што я прысвяціла вельмі шмат часу для вывучэння пытання родаў, ведала ўсе прыёмы, якія варта было б не дапускаць у працэсе родаў у адносінах да сябе і дзіцяці. Але не змагла адстаяць свае інтарэсы ні адна, ні з мужам.

4. Мае роды ў радзільні доўжыліся з 21.20 да 04.25, ільвіную долю гэтага часу я змагалася з брыгадай і адстойвала свае інтарэсы замест таго, каб займацца нараджэннем свайго дзіцяці.

Пасля, ачуняўшы, я палічыла, што пры аказанні медыцынскай дапамогі ў родах было парушана большасць маіх правоў пацыенткі, пералічаных ў арт. 41 Закона «Аб ахове здароўя». У прыватнасці, праігнараванае маё права на знаходжанне ў арганiзацыi аховы здароўя ва ўмовах, якія дазваляюць рэалізаваць права на бяспеку і абарону асабістай годнасці; права на ўдзел у выбары метадаў аказання медыцынскай дапамогі; права на паважлівае і гуманнае стаўленне з боку работнікаў аховы здароўя; права інфармаванай згоды і адмовы ад медыцынскіх умяшанняў, дэталізаваных у арт.арт 44 і 45 закона. Многія дзеянні ў працэсе маіх родаў называюцца «акушэрскай агрэсіяй».

Я напісала скаргу ў Міністэрства аховы здароўя. У іх афіцыйным адказе асноўным аргументам было тое, што дактары зрабілі ўсё неабходнае, што ад іх залежала. І парушэнняў і іх дзейнасці няма.

А гісторыю гэту я так падрабязна расказала не для таго, каб запалохаць будучых мам, а каб папярэдзіць, што ваш спакой падчас родаў і здароўе вашага дзіцяці залежыць не толькі ад дактароў, але і ад вас саміх».

Наталля Тур

https://nina.nn.by/?c=lr&i=233145

Leave A Reply

Your email address will not be published.